У Краснабярэжскім дзяржаўным аграрным каледжы, які сёлета адзначае 105-годдзе, юнакі і дзяўчаты пасля 9 класаў на ўзроўні ССА авалодваюць трыма сельгасспецыяльнасцямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Попыт і прапанаванне
Ужо шмат гадоў трыа спецыяльнасцей аграрнага профілю ў адным з найстарэйшых каледжаў Гомельшчыны нязменнае: “Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання”, “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі” і “Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці”. Спецыялістаў па першай спецыяльнасці, якіх раней называлі аграномамі, тут рыхтуюць з першых дзён работы ўстановы. За 3 гады і 7 месяцаў яны атрымліваюць кваліфікацыю “тэхнік-тэхнолаг”, а таксама рабочыя прафесіі агародніка і трактарыста.
Самая ж маладая спецыяльнасць — “Арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці” — кіраўніцкая. Яе моладзь асвойвае апошнія два дзясяткі гадоў, і за гэты перыяд па ёй падрыхтавана і выпушчана пара соцень маладых спецыялістаў. За 2 гады 10 месяцаў будучыя кіраўнікі, якія вучацца платна на завочнай або дзённай форме навучання, асвойваюць арганізацыю сельскагаспадарчай вытворчасці і атрымліваюць кваліфікацыю “арганізатар вытворчасці”, некаторыя таксама авалодваюць рабочымі прафесіямі кладаўшчыка і падлікоўца. Выпускнікі працаўладкоўваюцца кіраўнікамі сярэдняга звяна, напрыклад, менеджарамі па закупцы і продажы кармоў, малака, сельгасабсталявання. Пасля могуць адкрыць сваю справу, стаць фермерамі.
Усе абітурыенты каледжа — дзевяцікласнікі. На базе агульнай сярэдняй адукацыі набор не вядзецца ўжо 4 гады.
— Традыцыйна на спецыяльнасць “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі” мы набіраем больш за ўсё абітурыентаў, бо менавіта гэтыя спецыялісты самыя запатрабаваныя ў заказчыкаў кадраў. Штогод каледж выпускае каля 50 тэхнікаў-механікаў. Тэрмін падрыхтоўкі спецыяліста — 3,5 года. Навучэнцы таксама атрымліваюць рабочыя прафесіі вадзіцеля грузавога аўтамабіля, сельскагаспадарчых трактароў катэгорый B і D, а таксама слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 3—4 разрадаў, — удакладняе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вера Сныткова.
Краснабярэжскі аграрны каледж за 105 гадоў падрыхтаваў каля 15 тысяч аграномаў, больш за 4 тысячы спецыялістаў у галіне механізацыі, каля 250 спецыялістаў па землеўпарадкаванні, 1,5 тысячы аграномаў па абароне раслін, каля 200 кіраўнікоў сярэдняга звяна, сотню заатэхнікаў, крыху больш за 30 настаўнікаў для школ з сельскагаспадарчым ухілам і іншых спецыялістаў.
Ад аграноміі да эканомікі
Калі на 1 курсе ўсе навучэнцы вывучаюць агульнаадукацыйныя прадметы, то на 2-м — ужо асвойваюць спецдысцыпліны. Так, будучыя тэхнікі-механікі знаёмяцца з будовай трактароў, аўтамабіляў і іншых сельскагаспадарчых машын. На 3 курсе даведваюцца, як ажыццяўляецца тэхнічнае абслугоўванне і рамонт сельгастэхнікі, а на апошнім — больш паглыблена вывучаюць рамонт і дыягностыку, тэхнічнае абслугоўванне сельскагаспадарчых машын, трактароў, аўтамабіляў.
— Першыя практычныя навыкі будучыя механікі атрымліваюць у кабінетах і лабараторыях падчас вучэбнай практыкі, а таксама на базе прадпрыемстваў або гаспадарак, куды адпраўляюцца на 2 курсе на тэхналагічную практыку. Там юнакі, напрыклад, набываюць навыкі слясарнай і такарнай апрацоўкі дэталей, тэхнічнага абслугоўвання і рамонту машынна-трактарнага парка, — знаёміць з асаблівасцямі адукацыйнага працэсу загадчыца аддзялення Марына Жукава.
Па яе словах, падчас вытворчага навучання на базавых сельскагаспадарчых прадпрыемствах навучэнцы замацоўваюць набытыя навыкі па тэхнічным абслугоўванні і рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, выконваюць функцыянальныя абавязкі загадчыка рамонтных майстэрань і механіка. Да таго ж навучэнцы некалькі разоў у год адпраўляюцца на перадавыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы на вучэбныя практыкі і адпрацоўваюць практычныя навыкі па тэхналагічных настройках найноўшай сельгастэхнікі.
Бацькоўскі прыклад
Сярод навучэнцаў нямала тых, хто невыпадкова выбраў аграрную прафесію.
— У каледж паступіў, ідучы па шляху бацькі і дзядзькі, якія таксама вучыліся на тэхніка-механіка, — расказвае студэнт 3 курса Максім Аляшкевіч. — Абодва пасля, дарэчы, скончылі БДСГА ў Горках. Я таксама планую працягнуць навучанне і атрымаць вышэйшую аграрную адукацыю ў гэтай акадэміі альбо ў БДАТУ. Тым больш што пасля каледжа можна скарыстацца скарочанай траекторыяй профільнай адукацыі і атрымаць вышэйшую адукацыю, адвучыўшыся на год менш, чым тыя, хто паступаў пасля школы.
Асновы аграноміі па спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання” будучыя тэхнікі-тэхнолагі ў тэорыі і на практыцы асвойваюць за 3 гады і 7 месяцаў. Таксама яны авалодваюць рабочымі прафесіямі кладаўшчыка і трактарыста, а за дадатковую плату могуць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі В.
З 2 курса тэхнікаў-тэхнолагаў чакаюць такія спецпрадметы, як батаніка, аграхімія, земляробства, тэхналогія вытворчасці прадукцыі раслінаводства, пазней — кормавытворчасць і насенняводства, а таксама эканамічныя дысцыпліны. Тэарэтычная падрыхтоўка праходзіць у кабінетах і лабараторыях “Раслінаводства”, “Земляробства, глебазнаўства і меліярацыя”, “Кормавытворчасць”, “Батаніка і фізіялогія раслін” і інш. Практычную падрыхтоўку навучэнцы ўдасканальваюць у калекцыйна-доследным і садавінна-ягадным гадавальніках, а таксама на палях вучэбнай гаспадаркі. Там моладзь вучыцца апрацоўваць глебу, вырошчваць расаду, даглядаць пасевы, убіраць ураджай. Пры ўборцы ўраджаю прадукцыю сартуюць і адпраўляюць на продаж або складваюць на захоўванне.
— Нашы выпускнікі разбіраюцца ў земляробстве і раслінаводстве. Яны, напрыклад, вывучаюць апрацоўку глебы, класіфікацыю пустазелля і яго ўплыў на ўраджайнасць. Таксама нашы навучэнцы ведаюць усе тонкасці планавання севазвароту, уплыў ратацыі сельгаскультур на ўраджайнасць, — гаворыць выкладчыца Маргарыта Рогава. — Дзякуючы асновам аграхіміі, будучыя тэхнолагі, у прыватнасці, даведваюцца, як тыя ці іншыя ўгнаенні жывяць расліны, уплываюць на іх ураджайнасць, вучацца складаць сістэмы ўгнаенняў для розных культур. З развіццём тэхналогій традыцыйныя спецпрадметы папаўняюцца новымі тэмамі. Так, напрыклад, пры вывучэнні асноў аграноміі навучэнцы знаёмяцца з тым, як на практыцы сёння працуе дакладнае земляробства: як прымяняюцца новыя тэхналогіі пры стварэнні разумных цяпліц, садоў, палёў, дзе камп’ютарызаваныя сістэмы самастойна вылічваюць, колькі раслінам трэба элементаў харчавання і ў якіх фазах росту, колькі трэба святла, вады, як неабходна мяняць тэмпературны рэжым і г.д.
Пасля 3 курса навучэнцы праходзяць тэхналагічную практыку, якая звычайна аплачваецца, а на 4 курсе іх чакае пераддыпломная практыка.
Аграрнае братэрства
Трэцякурснік Яраслаў Дзьяканаў яшчэ ў 7 класе вырашыў, што будзе прафесію агранома ў гэтым каледжы:
— Мяне заўсёды вабіла праца на зямлі і з зямлёй. Па-першае, ты ніколі не сядзіш на месцы, увесь час у руху. А па-другое, мне падабаецца вывучаць расліны і такія навукі, як глебазнаўства, раслінаводства, батаніка, аграхімія. З дзяцінства я любіў дапамагаць бабулі і дзядулю на агародзе, увесь час нешта вырошчваў. Бацька, які ў свой час скончыў гэты каледж, папярэджваў мяне: прафесія не з простых, але разам з тым гаварыў, што калі яе палюбіць, то гэта назаўжды. Ён, дарэчы, пасля заканчэння ГДАУ да гэтага часу ў аграрнай прафесіі.
Дарэчы, малодшы брат Яраслава таксама вучыцца ў каледжы. Толькі Аляксандр вырашыў стаць спецыялістам па тэхнічным абслугоўванні і рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі.
У снежні ў абласным конкурсе ProfSkills Belarus Яраслаў заняў 4-е месца. У наступным годзе плануе паспаборнічаць у веданні аграноміі на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Аграмайстэрства”, які праводзіцца сярод навучэнцаў УССА. Яшчэ ў планах юнака прадоўжыць навучанне ў профільным гродзенскім універсітэце.
Выхаванне і прафмайстэрства
Пад кіраўніцтвам педагогаў навучэнцы каледжа ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах прафесійнага майстэрства. Тыя, хто мае ў залікоўках адзнакі “сем” і вышэйшыя, атрымліваюць надбаўку да стыпендыі. Заахвочваюцца рублём і актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця ўстановы — тыя, хто выступае на конкурсах, канферэнцыях, займаецца даследчай дзейнасцю.
Пераможцы ўнутранага конкурсу на званне “Лепшы рамонтнік”, якія дэманструюць добрую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, прадстаўляюць установу на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў УССА, на штогадовым рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства “Лепшы араты”, а таксама спрабуюць свае сілы ў маштабным прафспаборніцтве ProfSkills Belarus.
Восенню ў конкурсе прафмайстэрства “Аграмайстэрства” па спецыяльнасці “Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы” сярод навучэнцаў УССА сельгаспрофілю каманда каледжа заняла 2-е месца, а Руслан Храмянкоў у асабістым заліку стаў трэцім.
Цікавасць да вучэбных дысцыплін і да спецыяльнасці педагогі развіваюць не толькі на вучэбных занятках, але і ў аб’яднаннях па інтарэсах. Так, наведваючы аб’яднанне “Флора і дызайн” пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Веранікі Хорт, будучыя аграномы вучацца вырошчваць расаду і саджанцы, ствараць простыя архітэктурныя формы, якія пасля становяцца арыгінальнымі рашэннямі ландшафтнага дызайну на тэрыторыі каледжа.
У вольны ад вучобы і прафесійнага станаўлення час юнакі і дзяўчаты займаюцца спортам у секцыях па міні-футболе, валейболе, настольным тэнісе, атлетычнай гімнастыцы. А яшчэ захапляюцца харэаграфіяй, вакалам, тэатральнай творчасцю ў аб’яднаннях “Народны танец”, “Вольны час”, “Родны край”, “Кветкаводства і творчасць”.
У каледжы актыўна развіты студатрадаўскі рух. Юнакі і дзяўчаты працуюць у студэнцкіх атрадах на чыгунцы, у Жлобінскім лясгасе, Жлобінскай ПМК 71. Некаторыя мінулым летам зарабілі першыя грошы на абласной маладзёжнай будоўлі ў аг. Чырвоны Бераг. Магчымасць зарабіць прадастаўляецца таксама падчас рэалізацыі праектаў другаснай занятасці, якія фінансуюцца ўпраўленнем па працы і сацыяльнай абароне Жлобінскага райвыканкама.
У рамках удзелу ў праекце “Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці” навучэнцы каледжа рэалізуюць свой праект “Чырвоны Бераг: вытокі і карані” пад кіраўніцтвам выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры Антаніны Калінінай. Для вывучэння гісторыі, традыцый, культурна-гістарычнай
спадчыны малой радзімы навучэнцы адпраўляюцца на экскурсіі па памятных мясцінах Чырвонага Берага, сярод якіх мемарыяльны комплекс і музей “Дзецям — ахвярам вайны”, музей-сядзіба Козел-Паклеўскіх, музей клуба “Подзвіг”. А яшчэ наведваюць круглыя сталы, краязнаўчыя чытанні, выставы. Ствараючы віртуальны дзённік у сацсетках, навучэнцы прыцягваюць увагу вялікай колькасці аднагодкаў да сваёй дзейнасці. Педагогі ўпэўнены: той, хто дакрануўся да спадчыны Чырвонага Берага, не застанецца абыякавым да гісторыі невялікага населенага пункта.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара