Краязнаўчы музей “Спадчына” дзіцячага сада № 14 Светлагорска — гэта ўнікальная прастора, якая стала не толькі сховішчам старажытных прадметаў, але і інтэрактыўнай пляцоўкай для вывучэння гісторыі роднага краю.
Музей з’яўляецца любімым месцам выхаванцаў устаноў адукацыі горада, раёна, вобласці. А ўсё таму, што тут дзецям не проста паказваюць цікавыя экспанаты, але і ўключаюць іх у пошукава-даследчую дзейнасць.

Педагогі і бацькі карпатліва збіралі для экспазіцыі ўнікальны матэрыял, які выкарыстоўваўся ў побыце нашых продкаў. Хлеб усяму галава, таму тэматычная лакацыя з такой назвай размясцілася ў першай зале музея і сімвалічна нагадвае, як людзі ўсіх краін і народаў трапятліва ставяцца да гэтага прадукту. У асноўнай зале прадстаўлены пяць тэматычных лакацый: “Хата”, “Падвор’е”, “Ганчарства”, “Народныя промыслы”, “Ткацтва”. Інтэр’ер застаецца пастаянным, аднак асобныя раздзелы экспазіцыі перыядычна абнаўляюцца дзякуючы актыўнаму ўдзелу бацькоў у акцыі “Дар музею”. Дарэчы, у асноўным фондзе музея налічваецца 608 экспанатаў. Гэта арыгінальныя прадметы побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асаблівая ўвага ўдзяляецца інтэрактыўнасці: прадметы можна не толькі разглядаць, але і кратаць.

Тут размешчаны QR-коды чорнага колеру, па якіх можна перайсці на відэаэкскурсіі, а таксама маршруты краязнаўчых музеяў Беларусі па рэгіёнах і апісанне экспанатаў, што дазваляе наведвальнікам самастойна праглядаць і вывучаць матэрыялы. Зараз распрацоўваюцца і запісваюцца аўдыягіды з QR-кодамі зялёнага колеру, якія даюць магчымасць праводзіць самастойныя экскурсіі і праслухваць цікавую інфармацыю ў зручны час.

Для лепшай візуалізацыі выкарыстоўваюцца планшэты, з дапамогай якіх выхаванцы могуць паглядзець відэаролікі пра народнае майстэрства (ткацтва, ганчарства, вышыўку, кавальскую справу), а таксама прэзентацыі па тэматыцы экскурсій.

Музей стаў цэнтрам адукацыйных ініцыятыў. Прымяняюцца розныя формы работы для далучэння дзяцей, бацькоў і педагогаў да вывучэння народнай культуры падчас экскурсій, майстар-класаў, гульнявых заняткаў, выстаў, воркшопаў і забаўляльных мерапрыемстваў.

Экскурсіі адаптаваны для розных узроставых груп: выхаванцы сярэдняга ўзросту слухаюць казкі аб жывым калаўроце, старэйшыя дашкольнікі шукаюць артэфакты. Актыўна ўкараняюцца ў практыку экскурсіі з прыёмамі тэатралізацыі і персаніфікацыі пры правядзенні народных свят і абрадаў, калі героі ажываюць і ў працэсе зносін расказваюць пра сябе цікавыя факты.

Дзеці вывучаюць традыцыі праз гульні, творчыя майстэрні, абрадавыя песні. Картатэкі і метадычныя матэрыялы дапамагаюць педагогам інтэграваць экспанаты ў заняткі па развіцці маўлення, навакольным свеце, эстэтычным развіцці. Яркай часткай жыцця музея сталі народныя традыцыі. Праз абрады і звычаі “Багач”, “Каляды”, “Грамніцы”, “Саракі” дзеці паглыбляюцца ў культуру продкаў.

Музейная прастора аб’ядноўвае не толькі выхаванцаў сада, але і іх бацькоў, жыхароў горада: праводзяцца сямейныя выхадныя, майстар-класы па ткацтве, роспісе глінянага посуду, выразанні выцінанак. Майстар-класы для ўсёй сям’і часта прымеркаваны да каляндарных свят. Напрыклад, на Саракі бацькі і дзеці лепяць з гліны птушак-вяснянак, а на Каляды разам вырабляюць зорку.

Краязнаўчы музей у дзіцячым садзе — гэта не проста калекцыя прадметаў. Гэта месца, дзе гісторыя ажывае, становячыся часткай штодзённасці. Дзякуючы прадуманай праграме, дзеці вучацца шанаваць працу продкаў, ганарыцца сваімі каранямі і бачыць прыгажосць у простых рэчах. А галоўнае — музей дорыць ім бясцэнны вопыт — сувязь пакаленняў, якую не заменяць лічбавыя тэхналогіі.
Таццяна ЛЫЖАК,
намеснік загадчыка дзіцячага сада № 14 Светлагорска
Фота Алены КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВАЙ





