У лагер на… форум

Больш за 200 актывістаў з ліку працоўнай моладзі Брэстчыны прынялі ўдзел у V адкрытым маладзёжным лагеры-форуме “Прыбужжа-2019”, зладжаным на беразе возера Сяляхі, што ў Брэсцкім раёне. Арганізатарамі трохдзённага мерапрыемства выступілі Брэсцкі абкам БРСМ, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі і ўпраўленне спорту і турызму аблвыканкама, а таксама Брэсцкі райвыканкам.

У першы дзень пасля ўрачыстага адкрыцця лагера-форуму прайшоў адкрыты дыялог мала­дзёжных актывістаў з намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюком, намеснікам старшыні Брэсцкага райвыканкама П.І.Валынцом і першым сакратаром Брэсцкага абкама БРСМ Ю.С.Сегенюком. Размова ўдзельнікаў атрымалася надзвычай цікавай і змястоўнай. Юнакі і дзяўчаты цікавіліся дзейнасцю летнікаў у дзіцячых садах і школах, новым законам аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы і інш.

У гэты ж дзень каманды прэзентавалі сябе ў конкурсе візітовак “Маладзёжны фэст”. Дзякуючы крэатыўнаму падыходу, спаборніцтва было вельмі яркім і па-сапраўднаму маладзёжным. Пераможцамі гэтага конкурсу сталі прадстаўнікі Столінскага раёна, якія паказалі касцюміраваную пастаноўку ваенных гадоў. На 2-м месцы — каманда Баранавіцкага раёна, на 3-м — Брэста.

Інтэлектуалаў сабраў “Мазгавы штурм”, у якім лепшымі аказаліся прадстаўнікі Брэсцкага раёна, Брэста і Пінска.

Не менш насычанымі аказаліся і наступныя 2 дні. З ранку да вечара моладзь спаборнічала ў розных відах спорту: валейболе, дартсе, тэхніцы веласіпеднага турызму, перацягванні каната і падняцці гіры. Акрамя таго, удзельнікі лагера-форуму сплаўляліся на байдарках, пераадольвалі спартыўна-турыстычную паласу. Па выніках гэтых выпрабаванняў найбольшую колькасць узнагарод атрымалі каманды Баранавіцкага і Бярозаўскага раёнаў, Баранавіч і Брэста.

Культурная частка праграмы ўключала конкурс творчых нумароў “Мы спяваем пра цябе, Беларусь”, у якім перамаглі прадстаўнікі Столінскага раёна, Брэста і Баранавіцкага раёна. Вечарамі каманды прэзентавалі свае палатачныя гарадкі ў конкурсе “Беларускі хутарок”. Лепшымі ў ім аказаліся юнакі і дзяўчаты з Баранавіцкага раёна, Брэста і Кобрынскага раёна.

Абсалютнымі пераможцамі ў агульнакамандным заліку сталі прадстаўнікі Брэста. На 2-м месцы — каманда Баранавіцкага раёна, на 3-м — Баранавіч.

— Маладзёжны лагер-форум — выдатная магчымасц­ь наладзіць сяброўскія зносіны сярод працоўнай мола­дзі, паказаць творчыя здольнасці, цікава і весела правесці вольны час. Праект цалкам апраўдаў сябе і будзе праводзіцца далей. Штогод лагер-форум ладзіцца ў новым месцы. У наступным годзе яго прыме горад над Бугам, — расказаў першы сакратар Брэсцкага абкама БРСМ Ю.С.Сегянюк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.