У лагерах і санаторыях — аптымальная запаўняльнасць

Да канца жніўня ў летніках рознага тыпу сёлета, згодна з планам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-­курортным лячэнні насельніцтва, адпачнуць каля 250 тысяч дзяцей. Як ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ажыццяўляецца кантроль за дзейнасцю лагераў? Наколькі ў параўнанні з мінулым годам знізіўся працэнт выкупу пуцёвак у летнікі і санаторыі? Пра гэта, а таксама пра ўмовы арганізацыі лагераў і запаўняльнасць санаторыяў падчас прэс­-канферэнцыі, якая была арганізавана ў прэс­-цэнтры БелТА, расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна­-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Мікалаевіч Балбатоўскі. 

У першым паўгоддзі сістэма санаторна­курортнага лячэння была адаптавана да работы ў адпаведнасці з той эпідэміялагічнай сітуацыяй, якая склалася ў краіне, і сёння яна аднаўляецца ад наступстваў. Г.М.Балбатоўскі лічыць, што іх у краіне змаглі мінімізаваць.

У канцы сакавіка санаторыі працавалі ў штатным рэжыме, іх запаўняльнасць была на ўзроўні 75%. На той момант на лячэнні ў санаторна­курортных установах знаходзілася больш чым 20 тысяч чалавек, у тым ліку больш чым 3700 — грамадзяне з іншых краін. 1 красавіка, са слоў дырэктара рэспубліканскага цэнтра, сітуацыя змянілася, у здраўніцах засталіся каля 15 тысяч чалавек, а запаўняльнасць санаторыяў знізілася да ўзроўню 57%. Што тычыцца замежных грамадзян, іх засталося 350 чалавек.

“Па стане на 20 красавіка сітуацыя яшчэ больш пагоршылася: на аздараўленні знаходзілася крыху больш чым 5 тысяч чалавек, а запаўняльнасць устаноў знізілася да 26%, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі. — У сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі павялічвалася колькасць адмаўленняў ад браніравання і склала 17,5 тысячы. Да пачатку мая мы прыйшлі да самых мінімальных значэнняў: у санаторна­курортных арганізацыях засталося каля 2,5 тысячы чалавек, што адпавядала запаўняльнасці ў 16%. У сувязі з гэтым Рэспубліканскім цэнтрам па аздараўленні і санаторна­курортным лячэнні насельніцтва было прынята рашэнне аб абмежаванні накіравання нашых грамадзян па пуцёўках, якія набыты за сродкі рэспубліканскага бюджэту і фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, да 15 чэрвеня”.

Тыя санаторыі, якія па рашэнні ўласніка не былі закрыты, працавалі ў рэжыме мінімальнай запаўняльнасці па загадзя выкупленых пуцёўках. У гэтым таксама былі свае плюсы: такі крок дазволіў захаваць рабочыя калектывы, а таксама правесці рамонты ва ўстановах да пачатку летняга аздараўленчага сезона.

“15 чэрвеня была адноўлена дзейнасць санаторна­-курортных устаноў, і ўжо 16 чэрвеня ў іх адпачывалі каля 8 тысяч чалавек (запаўняльнасць — 41%), — прыводзіць факты Г.М. Балбатоўскі. — Па стане на 22 ліпеня ў санаторна­курортных установах краіны знаходзілася больш чым 17 тысяч чалавек, а запаўняльнасць склала 70%.  З гэтай колькасці адпачывальнікаў 1300 — замежныя госці, 80% з якіх — расія­не.

Такая запаўняльнасць для аздараўленчых устаноў — аптымальная. Нашым цэнтрам і Міністэрствам аховы здароўя былі створаны рэкамендацыі па прыёме грамадзян на лячэнне, якія прадугледжваюць сістэму запаўняльнасці ўстаноў, прыёму грамадзян на лячэнне. Мы не будзем, як у мінулыя гады, імкнуцца да стапрацэнтнай запаўняльнасці. Таму сёння можна гаварыць пра тое, што запыт на адпаведны від паслуг існуе, і мы спадзяёмся, што і далей сістэма санаторна­курортнага лячэння (дзякуючы стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі) будзе працаваць у штатным рэжыме да канца года. Масавых адмаўленняў ад браніравання на жнівень — верасень няма”.

Падчас прэс-­канферэнцыі Г.М.Балбатоўскі падкрэсліў, што пуцёўкі рэспубліканскага цэнтра за той перыяд, калі часова была прыпынена дзейнасць санаторыяў, перанесены на больш познія тэрміны. Гэта зроблена з той мэтай, каб грамадзяне на працягу года маглі прайсці аздараўленне.

Актуальнай тэмай застаецца правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі для дзяцей: 1 жніўня заканчваецца 2­я змена. Усяго на правядзенне дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі Рэспубліканскаму цэнтру па аздараўленні і санаторна-­курортным лячэнні насельніцтва сёлета было вы­дзелена больш чым 50 млн рублёў. Планавалася, што за лета будуць аздароўлены больш як 394 тысячы дзяцей. Але планы былі скарэкціраваны: у сувязі з тым, што ў пачатку чэрвеня сітуацыя з каранавірусам у краіне была даволі напружанай, адпаведныя ведамствы прынялі рашэнне пачаць першую змену 15 чэрвеня.

“Па гэтай прычыне мы выкарыстоўвалі толькі заяўленчы прынцып і планавалі, што зможам аздаравіць каля 200 тысяч дзяцей, — тлумачыць рашэнне выступоўца. — Але ўжо сёння магу канстатаваць, што гэтая лічба будзе больш высокай, таму што назіраецца павышаны запыт з боку бацькоў і дзяцей на далейшыя змены, таму мы выйдзем на лічбу ў 250 тысяч дзяцей”.

Так, у чэрвені былі аздароўлены больш чым 96 тысяч дзяцей у 2738 лагерах. Па стане на 23 ліпеня ў лагерах усіх тыпаў адпачывала 31 тысяча дзяцей, працавалі 638 лагераў, з якіх 449 —з дзённым знаходжаннем і 189 — з кругласутачным, дзе аздараўліваюцца каля 22 тысяч дзяцей. 10 тысяч навучэнцаў адпачываюць у дзённых лагерах. Сярэдняя запаўняльнасць стацыянарных лагераў знаходзіцца на ўзроўні 80%.

“Мы поўнасцю задавальняем запыты, якія сёння ўзнікаюць, — працягвае расказваць пра асаблівасці аздараўленчай кампаніі Г.М.Балбатоўскі. — Запаўняльнасць дзіцячых аздараўленчых устаноў на ўзроўні 80% дазваляе выконваць рэкамендацыі, якія былі зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам адукацыі і рэспубліканскім цэнтрам. Рэкамендацыі прадугледжваюць сацыяльнае дыстанцыяванне і выкананне шэрага санітарна-эпідэміялагічных правіл”.

Прадстаўнік рэспубліканскага цэнтра адзначыў, што ў лагерах, якія толькі адкрываюцца, на працягу 3 сутак праводзіцца маніторынг іх дзейнасці, каб вызначыць узровень стварэння бяспечных умоў і выканання супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў.

“Усе летнікі працуюць у рэжыме санітарна­эпідэміялагічнага дабрабыту, надзвычайных сітуацый і няшчасных выпадкаў у іх не здаралася”, — запэўніў на заканчэнне Г.М.Балбатоўскі.

Наталля САХНО.
Фота аўтара.