У Лагішынскай сярэдняй школе і дзіцячым садзе ведаюць, як прывіць любоў да працы падрастаючаму пакаленню

- 14:17Пресс-тур «Настаўніцкай»

У Лагішынскай сярэдняй школе Пінскага раёна створаны ўсе ўмовы для падрыхтоўкі будучых трактарыстаў і швачак, а ў мясцовым дзіцячым садзе эфектыўна займаюцца ранняй прафарыентацыяй.  Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Больш за 10 гадоў на базе ўстановы паспяхова асвойваюць прафесію трактарыста-машыніста сельскагас­падарчай вытворчасці. Па словах дырэктара Сяргея Нарбута, школа мае неабходнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне: два трактары, уласны аўтадром і камп’ютарны клас, аснашчаны тэхнікай для вывучэння правіл дарожнага руху.

— Прыемна бачыць сярод навучэнцаў як хлопчыкаў, так і дзяўчынак. Адчуваецца зацікаўленасць у прафесійным навучанні ў 10—11 класах і сярод дзяцей з суседніх населеных пунктаў, — расказвае Сяргей Нарбут. — Робім ухіл на адпрацоўку практычных навыкаў, вывучаем будову сельскагаспадарчых машын. У рамках заняткаў наведваем прафарыентацыйныя мерапрыемствы ў пінскіх профільных каледжах, знаёмімся з іх напрацоўкамі. Не застаёмся ўбаку, калі там праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, каб азнаёміць школьнікаў з прафесіямі.

Дырэктар падкрэслівае, што многія навучэнцы пасля атрымання вадзіцельскага пасведчання катэгорыі С ідуць адпрацоўваць навыкі на практыцы, напрыклад, памочні­камі камбайнера. Ёсць і тыя, хто працягвае прафесійнае навучанне: леташні выпускнік выбраў далейшае навучанне ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Для фарміравання творчых навыкаў у будучых швачак важна развіваць пачуццё стылю, уменне працаваць з колерам, што і паказала нас­таўніца геа­графіі і працоўнага наву­чання Людміла Сцефановіч на практычных занятках па асваенні прафесіі швачкі. Вучаніцы 10 класа з задавальненнем і вялікім захапленнем падбіралі кавалачкі тканіны для будучых прыхопак — падарункаў мамам-гаспадыням напя­рэдадні Дня маці.

Магчыма, не ўсе дзяўчаты стануць прафесійнымі швачкамі, але важна, што яны атрымаюць практычныя навыкі, неабходныя ў дарослым жыцці: авалодаюць эканамічнымі ведамі, сфармі­руюць эстэтычны густ, — заўважае Людміла Сцефановіч.

У школе ведаюць, як прывіць любоў да працы падрастаючаму пакаленню: навучэнцы шчыруюць у цяпліцах, вырошч­ваюць кветкі для сельскага Савета, дапамага­юць у доглядзе кветнікаў і сочаць за парадкам на замацаваных за ўстановай памятных месцах раёна.

Цікавы факт: у гэтай вясковай школе рыхту­юць не толькі будучых работнікаў сельскай гаспадаркі і швейных прадпрыемстваў. Сярод актуальных напрамкаў — вывучэнне кітайскай мовы. З культурай Паднябеснай дзеці могуць азнаёміцца на факультатыўных занятках “Кітайская мова” і ў аб’яднанні па інтарэсах “Падарожжа ў свет кітайскай мовы”. Акрамя традыцыйных форм работы, навучэнцам прапануюць атрымліваць веды ў гульнявым фармаце: право­дзяцца майстар-класы па каліграфіі, цырымоніі чаявання, таксама яны вучацца выразанню з па­перы.

Раннюю прафарыентацыю і шырокі спектр адукацыйных модуляў для дзяцей прапануе Лагішынскі дзіцячы сад Пінскага раёна.

Стараемся развіваць дзетак усебакова. Рэалі­зуем розныя праекты: “Зялёная школа”, “Лабараторыя адкрыццяў” і “Інфарматыка без разеткі”, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Людміла Кахавец. — Наш сад стаў першым у раёне сярод дашкольных устаноў адукацыі, дзе пачалі ўкараняць сістэму STEAM-тэхналогій на занятках.

Сярод вялікай колькасці напрамкаў — LEGO-канструяванне і работа мультыстудыі. Дзеці знаёмяцца з тэхнікай і сучаснымі тэхналогіямі, распрацоўваюць сюжэты, вучацца запісваць відэа- і аўдыядарожкі, рабіць раскадроўку і, вядома, прадстаўляць вынікі сваёй творчасці на суд гледачоў.

У займальнай форме хлопчыкаў і дзяўчынак далучаюць і да даследчай дзейнасці. Доследы, работа з лупай і мікраскопам дапамагаюць дашкалятам назіраць за з’явамі жывой і нежывой прыроды.

Таксама ў інтэрактыўных зонах “Хлебапякарня” і “Птушкаферма” малыя маюць магчымасць даведацца больш пра прафесіі, з якімі сутыкаюцца ў межах роднага пасёлка. А для выхаванцаў старэйшага ўзросту арганізоў­ваюцца тэматычныя экскурсіі на вытворчасць.

Ульяна КАСЦЮНІНА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА