Беларуская ўніверсальная таварная біржа і Еўрапейская эканамічная камісія ААН плануюць развіваць супрацоўніцтва ў сферы беспапяровага гандлю, паведаміў прэс-сакратар біржы Раман Яніў.
“Перспектывы ўдзелу ААТ “Беларуская ўніверсальная таварная біржа” ў стварэнні ў Беларусі Нацыянальнай сістэмы беспапяровага гандлю (НСБГ) абмеркаваны падчас візіту ў цэнтральны офіс БУТБ дэлегацыі Еўрапейскай эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, — сказаў ён. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць выкарыстання вопыту БУТБ па ўкараненні тэхналогій электроннага абмену данымі (EDI) і электроннага дакументаабароту пры рэалізацыі аналагічных праектаў у іншых дзяржаўных арганізацыях.
Як адзначыў вядучы эксперт ЕЭК ААН па пытаннях электроннага ўрада Іман Шыхі, створаная БУТБ лічбавая інфраструктура можа быць інтэгравана з НСБГ для забеспячэння аператыўнага і бяспечнага абмену інфармацыяй з зацікаўленымі ведамствамі — Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі, Дзяржаўным мытным камітэтам, Міністэрствам па падатках і зборах, Міністэрствам фінансаў і іншымі структурамі.
Паводле яго слоў, на пачатковым этапе стварэння НСБГ неабходна правесці комплексны аналіз дзеючых у краіне інфармацыйных сістэм і ацаніць іх адпаведнасць міжнародным стандартам. “Зыходзячы з атрыманых вынікаў, мы зможам распрацаваць падрабязную праграму мерапрыемстваў па ўкараненні ў Беларусі механізма аднаго акна з мэтай спрашчэння працэдур гандлю і перавядзення іх у электронны фармат. Безумоўна, у сваіх рэкамендацыях мы будзем улічваць вопыт біржы па лічбавізацыі ключавых бізнес-працэсаў”, — дадаў прадстаўнік ЕЭК ААН.
У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення БУТБ Ірына Наркевіч падкрэсліла гатоўнасць біржы супрацоўнічаць з ЕЭК ААН па ўсіх пытаннях, што тычацца стварэння НСБГ у Беларусі, у тым ліку падзяліцца сваімі напрацоўкамі.