У лідарах адукацыі

- 10:57Планёрка ў рэгіёне

Другі год Ленінскі раён Гродна займае лідзіруючыя пазіцыі ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Аб дасягненнях у сістэме адукацыі раёна расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аксана Сяргееўна ТАРАСЕВІЧ.

— Ва ўстановах адукацыі Ленінскага раёна (ліцэй № 1 і пачатковая школа № 1 Гродна) у ліку першых у вобласці пачала дзейнічаць сістэма менеджменту якасці, якая адпавядае серыі стандартаў СТБ ISO 9001-2009, — расказала Аксана Сяргееўна. — Работа па ўкараненні гэтай сістэмы вядзецца ў Гродзенскай гарадской гімназіі і сярэдняй школе № 28. У апошнія гады Ленінскі раён лідзіруе па колькасці ўзорных калектываў (іх 17), удзельнікі якіх з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет”, “Вясёлкавы карагод”, абласнога конкурсу “Таленты Прынямоння”. У 2016 годзе ў нас рэалізаваны праект па праграме развіцця ААН “Павышэнне энергаэфектыўнасці дэманстрацыйнага аб’екта “яслі-сад № 45 Гродна” (праведзены капітальны рамонт будынка ўстановы, з’явілася прыбудова цеплавога пункта, усталяваны сонечныя батарэі). У 2017 годзе Гродзенская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку стала прызёрам (3-е месца) Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыi”.

Ленінскі раён Гродна ўваходзіць у тройку лепшых раёнаў Гродзенскай вобласці па выніках выступлення школьнікаў на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах: у 2017 годзе заваявана 89 дыпломаў на абласным і 24 дыпломы на заключным этапах алімпіяды. 21 дыплом — у абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крышталёвая Альфа”. Толькі на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ нам пакуль не ўдалося атрымаць больш за 4 дыпломы.

Значным дасягненнем 2016 года стаў залаты медаль, які заваяваў на 47-й Міжнароднай фізічнай алімпіядзе навучэнец Гродзенскай гарадской гімназіі Эрык Камлык. У 2017 годзе вучань сярэдняй школы № 8 Ян Каранеўскі атрымаў дыплом І ступені за высокія вынікі ў Міжнароднай Scratch-алімпіядзе па крэатыўным праграмаванні. Дыпломы ІІ і ІІІ ступені ў анлайн-алімпіядзе па фізіцы “Фізтэх” атрымаў навучэнец сярэдняй школы № 23 Максім Сербул. Дыплом ІІ ступені ўручаны вучаніцы Гродзенскай гарадской гімназіі Аўгусціне Пятрашка за лепшую работу, прадстаўленую на Міжнароднай вучнёўскай навукова-практычнай канферэнцыі “З XVI стагоддзя ў XXI”. Гімназісты М.Гукасян, Л.Раманава, А.Сіцько ўзнагароджаны дыпломамі І ступені на ХIV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сацыяльны свет: роля моладзі ў вырашэнні праблем XXI стагоддзя”. Другі год нашы дзеці паспяхова выступаюць на Міжнароднай алімпіядзе саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Штогод мы перамагаем у абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”.

Ленінскі раён ганарыцца педагогамі і навучэнцамі, якім за высокія вынікі ў творчай дзейнасці прысуджана прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (29 вучняў), прэмія абласнога выканаўчага камітэта імя А.І.Дубко (3 вучні), прэмія гарадскога выканаўчага камітэта (58 педагогаў, 88 вучняў). Па рашэнні Гродзенскага гарвыканкама выдзелена больш за 32 тысячы рублёў на выплату грашовых прэмій навучэнцам Ленінскага раёна, якія сталі пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2018 годзе, і педагогам, якія іх падрыхтавалі.

— Якая работа праводзіцца ў раёне па інфарматызацыі сістэмы адукацыі, укараненні ІТ у адукацыйны працэс?

— Праект “Электронная школа” рэалізоўваецца ў 18 установах агульнай сярэдняй адукацыі, дзе ёсць сэрвіс “Электронны журнал / электронны дзённік”. Ад вядзення папяровага варыянта дзённіка адмовіліся 5 устаноў. У сярэдняй школе № 18 функцыянуе электронная прахадная. З верасня 2017 у дзвюх установах адукацыі працуе сістэма безнаяўнага разліку за харчаванне. Паступова абнаўляюцца камп’ютарныя класы, у 2018 годзе плануем набыць абсталяванне для сямі класаў. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі раён атрымаў восем кабінетаў фізікі і чатыры — хіміі. Вядзецца работа па аснашчэнні камп’ютарамі працоўных месцаў навучэнцаў і педагогаў у прадметных кабінетах.

98% педагогаў раёна прымяняюць ІКТ у адукацыйным працэсе, ствараюць свае блогі, супольнасці, сайты, электронна-адукацыйныя рэсурсы. Аб гэтым сведчаць і іх перамогі на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” — штогод не менш за пяць дыпломаў. Другі год выніковым з’яўляецца ўдзел навучэнцаў у Рэспубліканскім конкурсе па распрацоўцы камп’ютарных гульняў “Патрыёт.by” (дыплом І ступені).

— Як вы падтрымліваеце маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць у раён?

— Штогод да нас прыбывае больш за 100 маладых спецыялістаў, з якіх пасля абавязковай адпрацоўкі застаецца каля 81%. Нягледзячы на тое, што ў дашкольныя ўстановы штогод уладкоўваюцца 30—50 педагогаў, у пачатку навучальнага года там з’яўляюцца вакантныя месцы. У раёне функцыянуюць школы маладога спецыяліста, за кожным навічком замацоўваецца педагог-настаўнік. Сумесна з Гродзенскім гарадскім прафкамам работнікаў адукацыі і навукі мы адзначаем дасягненні пачынаючых педагогаў. Штогод у раёне праводзіцца адкрыты фестываль педагагічных ідэй “Ступені майстэрства”, падчас якога працуе секцыя для маладых спецыялістаў. Раз у два гады ладзіцца раённы конкурс маладых педагогаў “Адкрыццё года”.

У 2017 годзе выхавальнік ДЦРД № 89 Алеся Мікалаеўна Кніга стала фіналістам Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Пераможца абласнога этапу і лаўрэат II ступені заключнага этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014” у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” выхавальнік ясляў-сада № 78 Таццяна Аляксееўна Літвінчык актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі метадычнай работы ў раёне. Вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю ў раёне маюць каля 65% работнікаў устаноў адукацыі. У нас працуюць 7 настаўнікаў-метадыстаў (у вобласці, для параўнання, 23).

— Раскажыце, калі ласка, пра сістэму работы ў раёне з дзецьмі з АПФР.

— Сетка ўстаноў, якія ажыццяўляюць спецыяльную адукацыю ў раёне, нароўні з 6 спецыяльнымі ўстановамі прадстаўлена 3 апорнымі ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі для арганізацыі інтэграванага навучання, вялікай колькасцю спецыяльных і інтэграваных груп (43/6) і адпаведных класаў (8/9), у якіх навучаюцца больш за 4 тысячы дзяцей. У сярэдняй школе № 16 функцыянуе клас інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі і тры класы для дзяцей з кахлеарнымі імплантамі. Для дзяцей з аўтызмам ва ўстанове створаны спартыўна-гульнявы пакой “Астравок шчасця” — месца для рэлаксацыі, дзе можна пагуляць, супакоіцца.

Надзея ЦЕРАХАВА.