У лідары выйшлі тыя вучні, ад якіх чакалі годных вынікаў

- 11:18Адукацыйная прастора

На Гомельшчыне 1030 навучэнцаў сталі ўдзельнікамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды.

“Для правядзення тураў спаборніцтваў, а таксама пражывання і харчавання ў Гомелі і Жлобіне былі задзейнічаны 10 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сем школ і гімназій. Практычныя туры па хіміі, біялогіі, інфарматыцы прайшлі на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны”, — расказала прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко.

Уладальнікі дыпломаў І ступені па гісторыі і грамадазнаўстве разам са старшынямі журы Станіславам Чаропкам і Мікалаем Мязгой.

Больш за 130 навучэнцаў Гомельскай вобласці змагаліся ў ведах па замежных мовах. Традыцыйна самая вялікая колькасць заявак — ад 64 вучняў — паступіла на ўдзел у алімпіядзе па англійскай мове. Між тым 7 чалавек спаборнічалі за званне лепшага ў вывучэнні кітайскай мовы. Самая вялікая колькасць удзельнікаў алімпіяды, як і ў мінулыя гады, была па матэматыцы — 129 чалавек, па рускай і беларускай мове і літаратуры (104 і 102 чалавекі). На месцы алімпіяднага пастамента па працоўным навучанні, хіміі і геаграфіі было па 70 прэтэндэнтаў. Па фізіцы, біялогіі і інфарматыцы за першынство змагаліся ад 61 да 71 чалавека.

Гісторыкам і грамадазнаўцам прадаставіў свае аўдыторыі Гомельскі дзяржаўны прафесійны мнагапрофільны ліцэй. Тых, хто аддаў сваю перавагу гісторыі, на трэцім этапе інтэлектуальных спаборніцтваў было 48 чалавек, і 54 вучні давалі адказы па грамадазнаўстве. Школьнікі з задавальненнем прынялі ўдзел у прафарыентацыйнай сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі гістарычнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны, удзельнікамі клуба гістарычнай рэканструкцыі “Белы крыж”.

Ірына Міхальчык, адна з трэнераў каманды, гаворыць, што вучням важна даць сістэмныя веды: “Гісторыя і грамадазнаўства — гэта складаныя алімпіядныя прадметы. У любой галіне нам трэба выхаваць не толькі спецыяліста, але і грамадзяніна. Таму важна, якой будзе яго жыццёвая пазіцыя. Гэта залежыць ад таго, ці ведае ён, чым жылі продкі, у што яны верылі, за якія каштоўнасці ваявалі… Гэта ідэалагічныя праблемы, і таму вельмі хацелася б, каб тэхнічная і сацыя­гуманітарная парадыгма ў адукацыі ішлі паралельна”.

Між тым у сувязі са змяненнямі ў форме правядзення сёлетніх алімпіяд, хваляваліся больш не вучні, а аргкамітэт і кіраўнікі каманд. Навучэнцы паглыбляліся ў прадмет цалкам, тым больш для многіх вопыт алімпіяд быў далёка не першым. Лізавета Глушакова, вучаніца сярэдняй школы № 13 Жлобіна, гаворыць, што яе спачатку паставіла ў тупік пытанне пра прававы нігілізм: “Трэба было прывесці прыклады мастацкіх твораў, у якіх раскрываецца герой, які выяўляе гэты прававы нігілізм. Гэта было больш складана для мяне, чым астатнія заданні”.

Для дзяўчыны гэта трэцяя абласная алімпіяда па грамадазнаўстве. Летась яна заваявала дыплом І ступені на апошнім, рэспубліканскім, этапе. Сёлета яна зноў у лідарах: атрыманы дыплом ІІ ступені на абласным этапе. Першымі ў гэтай дысцыпліне сталі адзінаццацікласніцы Дар’я Носка (гімназія № 10 Гомеля) і Настасся Гудовіч (Гомельская Ірынінская гімназія), а таксама дзесяцікласніцы Ганна Масензавенка (Гомельская Ірынінская гімназія) і Паліна Лымар (гімназія № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля).

Даніла Штрапаў, Мікіта Закрачынскі і Глеб Вахоцкі (фота) вучацца ў розных гомельскіх школах. Але ж іх згуртаваў алімпіядны рух. Усе не раз былі ўдзельнікамі інтэлектуальных спаборніцтваў. “Удзел у алімпія­дзе дапамагае сфарміраваць мала­дзёжны актыў і тых, хто ў перспектыве зможа займацца навуковай дзейнасцю”, — разважае вучань сярэдняй школы № 29 Даніла Штрапаў.

Дарэчы, ён адзін з тых, хто атрымаў на гэтым этапе дыплом І ступені. Хлопец збіраецца паступаць на юрыдычны, яго сябар, выпускнік сярэдняй школы № 12 Мікіта Закрачынскі, — на факультэт міжнародных адносін у БДУ: “Гісторыя для мяне — гэта хобі, — гаворыць пераможца леташняй рэспубліканскай і сёлетняй абласной алімпіяды Мікіта Закрачынскі. — Між тым сёлета на абласной алімпіядзе мяне прымусіла добра задумацца табліца па хрысціянскіх канфесіях”.

Дыпломы І ступені атрымалі яшчэ і два дзесяцікласнікі: Ула­дзіслаў Беразняцкі (гомельская гімназія № 51) і Ягор Маркаўцоў (гімназія № 58 імя Ф.П.Гааза). Дэкан гістарычнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны Станіслаў Чаропка ўзначальваў журы па грамадазнаўстве. Ён гаворыць, што заданні былі складзены дастаткова кампетэнтна, цікава і разнастайна: “Шмат было творчых заданняў, што вельмі важна для такога прадмета, як грамадазнаўства. Напрыклад, каб абазначыць нейкія тэрміны — нігіліста, дэмагога, вучні павінны былі самі знайсці пэўных герояў у айчыннай або замежнай літаратуры. За рэдкім выключэннем у нас не ўзнікала спрэчных момантаў. Загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі ГДУ імя Ф.Скарыны Мікалай Мязга традыцыйна старшынствуе ў журы па гісторыі. Ён адзначае, што папярэдняя сістэма арганізацыі алімпіяд і ацэнкі ведаў вучняў была адпрацавана: “У прынцыпе, калі не лічыць адзінкавага выпадку, я не бачыў падстаў, каб яе мяняць. Сёлета на гісторыі было многа нестыковак. Напрыклад, у першым туры ў 10 класе бланкі адказаў, на якіх павінны былі пісаць дзеці, не супадалі з бланкамі заданняў, на якіх былі для іх сфармуляваны пытанні. Прымалі рашэнне на месцы. Растлумачвалі дзецям, як трэба запаўняць. У другім туры было шмат памылак у ключах. Прыйшлося пераправя­раць усе ключы. Будзем спадзявацца, што на наступны год усё будзе адпрацавана”.

Між тым, гавораць арганізатары, дзеці, якія ўжо прадстаўлялі Гомельшчыну на рэспубліцы летась, сёлета таксама паказалі годныя вынікі і заканамерна выйшлі ў лідары. Галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Сурава расказвае, што па выніках алімпіяды 465 навучэнцаў узнагароджаны дыпломамі: “Самая вялікая колькасць дыпломаў — у прадстаўнікоў Савецкага (63 навучэнцы) раёна Гомеля, Жлобінскага раёна і Цэнтральнага раёна Гомеля (па 53), Мазырскага (46) і Светлагорскага (43) раёнаў. Сярод гарадскіх сярэдніх школ па колькасці атрыманых узнагарод лідзіруюць школы № 13 Жлобіна (17 дыпломаў), № 2 Рэчыцы (8), № 11 Жлобіна і № 8 Гомеля (па 7), № 16 Мазыра, № 10 Светлагорска, № 27 Гомеля (па 6).

Сярод пераможцаў — 23 школьнікі з сельскай мясцовасці. Гэта навучэнцы Брагінскага, Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага, Гомельскага, Добрушскага раёнаў. 10 навучэнцаў Цэнтра юных пажарных Мазыра — сярод пераможцаў алімпіяды па інфарматыцы.

Звыш 200 пераможцаў алімпіяды прадставяць Гомельскую вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.