У лістападзе я ўбачу…

Каб зацікавіць выхаванцаў старшага дашкольнага ўзросту, трэба прапаноўваць новыя формы ўзаемадзеяння, гульні і практыкаванні, тэмы для творчых работ.

Фота да матэрыялу: У лістападзе я ўбачу…Сёлета на дзіва цудоўная восень. І каб прасачыць яе асаблівасці, мы вырашылі, што на аснове творча-гульнявога праекта “Чараўніца восень” дзецям будзе цікава слухаць пра прыгажосць восені і размаўляць на роднай мове. Праект арганізаваны з выхаванцамі 5-6 гадоў, у тым ліку з тымі, хто знаходзіцца ў группе кароткачасовага знаходжання па падрыхтоўцы да школы ў рамках інавацыйнай дзейнасці па тэме “Укараненне праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”.

Творча-гульнявы праект складаюць заняткі, гутаркі, мастацкая дзейнасць, гульні. Не сакрэт, што гульня дапамагае зацікавіць найлепш: моўная, дыдактычная, тэатралізаваная, рухомая, карагодная. А яшчэ — прыказкі і прымаўкі, загадкі, народныя прыкметы і вершы.

Усе выхаванцы 5-6 гадоў і тыя, якія знаходзяцца ў группе кароткачасовага знаходжання па падрыхтоўцы да школы, на працягу праекта выконваюць ролі памочнікаў восені — мастакоў, музыкантаў, пісьменнікаў, фатографаў, гаспадароў. Яны малююць восень, слухаюць яе гукі, прыдумляюць аповеды, робяць фотаздымкі і збіраюць пачастункі.

Эфектыўна выкарыстоўваўся дыдактычны дапаможнік “Паглядзі ў акно” ў выглядзе зменнай фотаэкспазіцыі. Дзеці разглядаюць здымкі верасня, кастрычніка, лістапада, складаюць сказы і невялікія аповеды “У верасні за акном я бачыў…”, “У кастрычніку я бачу…”, “У лістападзе я ўбачу…”, падбіраюць прыказкі, прымаўкі і народныя прыкметы да кожнага месяца восені. Гэты дыдактычны дапаможнік шматфункцыянальны і можа выкарыстоўвацца ў адпаведнасці з тэматыкай.

Фота да матэрыялу: У лістападзе я ўбачу…Дзякуючы ўсім формам работы па праекце дзеці добра запамінаюць і адрозніваюць яркія асаблівасці ранняй, залатой і позняй восені, завучваюць вершы і творы фальклору, выконваюць тэатральныя ролі.

Актыўна далучаюцца да праекта бацькі. Разам з дзецьмі прадстаўляюць творчыя аповеды “Сачыняем разам”, робяць касцюмы для тэатральнай пастаноўкі беларускай народный казкі “Пшанічны каласок”, падбіраюць фотаздымкі “Восеньскія цуды”, удзельнічаюць у конкурсе “Восеньскі капялюш”.

Фота да матэрыялу: У лістападзе я ўбачу…Праект будзе працягвацца да канца восені, і наперадзе шмат цікавых форм работы, якія будуць садзейнічаць развіццю беларускага маўлення педагагічных работнікаў, выхаванцаў і іх бацькоў.

Марына ЯНУШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава.