У любові і творчасці

- 20:34Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

“Настаўніцкая газета” напярэдадні Дня настаўніка вітала педагогаў Мазыра і Калінкавіч.

Нагода для віншавання была двайная — напя­рэдадні былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую падпіску на друкаваныя СМІ Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. І ў намінацыях гарадскіх (больш за сто тысяч насельніцтва) устаноў адукацыі дашкольнай, агульнай сярэдняй і спе­цыяльнай адукацыі пераможцам стаў Мазыр.

Дыплом І ступені і каштоўныя прызы, шматфункцыя­нальную аргтэхні­ку, кіраўніку аддзела адукацыі Ларысе Папковай уручыла галоў­ны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Кацярына Дубінская. Ларыса Аляксееўна расказала пра святочнае ўшанаванне педагогаў раёна і асабіста азнаёміла з работай дзвюх устаноў адукацыі — Руднянскай сярэдняй школы і 12-й школы Мазыра. Абодва калектывы ўзначальваюць дастойныя педагогі — Аляксей Кохан і Канстанцін Хамутоўскі.

У сярэдняй школе № 7 Калінкавіч дух заняло ад праектаў, дзе ледзь не кожны — тэма для нашых публікацый.

І з Калінкавічамі сяброўства ў нашай газеты даўняе. Сярод шматлікіх пераможных дыпломаў на сцяне ў начальніка аддзела адукацыі Калінкавіцкага райвыканкама — ад “Настаўніцкай”, аб паспяховым удзеле ў прэс-туры газеты. Іна Віктараўна Губар з гордасцю і радасцю расказала пра новыя поспехі адукацыі раёна, новыя формы работы, пра акцэнты ў духоўна-маральным выхаванні дзяцей. У пацвярджэнне сказанага — знаёмства з пераможцам абласнога конкурсу сярод дашкольных устаноў вобласці, дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці. Яго кіраўнік Людміла Пячэрская прадэманстравала няпростую працу педагогаў з малышамі з цяжкасцямі маўленчага развіцця. Дарэчы, сярод педагогаў нямала маладых спецыялістаў, да якіх у цэнтры асаблівае бацькоўскае стаўленне… А вось у сярэдняй школе № 7 дух заняло ад праектаў, дзе ледзь не кожны — тэма для нашых публікацый. І кітайскую мову тут вывучаюць, і ў школьным тэатры “Глобус” іграюць, і робататэхніку з высокімі тэхналогіямі ў новым класе асвойваюць, і спартыўнай журналістыкай займаюцца. Школа хоць і старэнькая, але вельмі акуратная, утульная, з парога адчуваеш: педагогі яе любяць. Дырэктар Сяргей Хадзько, які за дзень па 14—16 тысяч крокаў намотвае — палічана! — смяецца: “Тут яшчэ на два дырэктарскія тэрміны гаспадарчай работы!” Іна Віктараўна дапаўняе: “Усё атрымліваецца, бо ёсць галоўнае — дух стварэння і любові да прафесіі”.

Кацярына РУМЯНЦАВА.