У магілёўскіх УВА — новыя кіраўнікі

- 11:14Вышэйшая школа

Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Іванавіч Жарко прадставіў калектывам магілёўскіх устаноў вышэйшай адукацыі новых рэктараў. Так, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова ўзначаліў доктар гістарычных навук прафесар Дзяніс Уладзіміравіч Дук. Раней ён займаў пасаду прарэктара па вучэбнай рабоце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— Сёння перад беларускай вышэйшай школай прэзідэнтам пастаўлены важныя задачы, — адзначыў Васіль Жарко. — Перш за ўсё навукоўцы, педагогі павінны дапамагаць эканоміцы і ўсяму нашаму грамадству рухацца па шляху інавацыйнага развіцця. Сучасныя УВА не павінны задавольвацца мінулымі поспехамі. Без удасканалення і пастаяннай працы ў сферы адукацыі і навукі немагчыма якасная падрыхтоўка спецыялістаў. Нельга таксама забываць і аб патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Васіль Іванавіч выказаў упэўненасць, што калектыву адной з найстарэйшых беларускіх УВА пад сілу справіцца з задачамі, пастаўленымі сёння кіраўніцтвам краіны. Паводле слоў намесніка прэм’ер-міністра, паспяховая праца ўніверсітэта залежыць менавіта ад яго супрацоўнікаў і выкладчыкаў, задача ж новага рэктара — прымяніць усе свае веды і навыкі кіраўніка, каб захаваць лепшыя традыцыі і напрацоўкі, а таксама мэтанакіравана рухацца наперад, да новых дасягненняў.

На новай пасадзе Дзяніс Уладзіміравіч Дук змяніў прафесара доктара гістарычных навук Канстанціна Міхайлавіча Бандарэнку, які цёпла і сардэчна развітаўся з калектывам установы адукацыі, дзе працаваў амаль 14 гадоў.

— Прыйшоў час перадаць абавязкі рэктара прадстаўніку маладзейшага пакалення, вядомаму навукоўцу, разумнаму і дасведчанаму арганізатару адукацыі, — адзначыў ён. — Упэўнены, што Дзяніс Уладзіміравіч разам з намі зробіць усё неабходнае для таго, каб адзін з найстарэйшых універсітэтаў краіны, універсітэт, у якім вучыўся першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, станавіўся мацнейшым і ў кадравым патэнцыяле, і ў магчымасцях прадастаўлення якасных адукацыйных паслуг.

Аб пераемнасці пакаленняў і беражлівым стаўленні да традыцый магілёўскага ўніверсітэта казаў і Дзяніс Уладзіміравіч Дук:

— У старажытным Полацку была распаўсюджана фраза: “Даўніны не парушаць, навізны не пладзіць”. Я паспрабую зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб той каласальны вопыт, традыцыі ў адукацыі і навуцы, якімі валодае МДУ імя А.А.Куляшова, захаваліся. У той жа час без “навізны” нам не абысціся: сучаснасць патрабуе ад нас пастаяннага развіцця і няспыннага руху наперад.

Як вопытнага кіраўніка і бліскучага навукоўца новага рэктара ахарактарызаваў прафесар, доктар гістарычных навук, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Аляксандравіч Марзалюк. Ён выказаў упэўненасць у прафесіяналізме і адказнасці Дзяніса Уладзіміравіча, а таксама падкрэсліў, што ўпершыню ў гісторыі рэктарам універсітэта стаў прафесійны археолаг.

У гэты ж дзень з новым кіраўніком калектыву пазнаёміўся і прафесарска-выкладчыцкі склад Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. На пашыраным пасяджэнні савета МДУХа Васіль Жарко прадставіў кандыдата тэхнічных навук дацэнта Максіма Аляксандравіча Кіркора, які да гэтага часу працаваў на пасадзе загадчыка кафедры прыкладной механікі і інжынернай графікі гэтай навучальнай установы.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што новы рэктар добра знаёмы са спецыфікай УВА, таму павінен хутка ўвайсці ў курс спраў і знайсці агульную мову з супрацоўнікамі. Ён сарыентаваў Максіма Аляксандравіча ў далейшай працы на захаванне статусу УВА як адзінай навучальнай установы з такім профілем у краіне, павышэнне якасці і ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў, іх грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.

— Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання павінен не толькі выпускаць дасведчаных спецыялістаў, але і прадастаўляць ім першае працоўнае месца, бо на выхадзе мы хочам атрымаць высокакваліфікаванага спецыяліста, які зможа працаваць на карысць эканомікі краіны, — падкрэсліў Васіль Жарко.

Намеснік прэм’ер-міністра падзякаваў Вячаславу Аляксеевічу Шаршунову за добрасумленную працу і важкі ўклад у развіццё ўніверсітэта. Яму, як і Канстанціну Міхайлавічу Бандарэнку, была ўручана падзяка за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, высокае прафесійнае майстэрства, вялікі асабісты ўклад у развіццё навукова-даследчай, сацыяльна-культурнай і грамадскай дзейнасці.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена прэс-службай МДУ імя А.А.Куляшова.