У Маладзечна — па здароўе і англійскія манеры

“Разумны летнік”, а дакладней Smart Camp, як называюць яго самі ўдзельнікі, адкрываецца сёння на базе Маладзечанскай школы для дзяцей з захворваннямі косна-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі. Праграма лінгвістычнага летніка, які паспеў ужо зарэкамендаваць сябе ў папярэднія гады, разлічана не толькі на аздараўленне навучэнцаў 9—11 класаў, але і на актыўнае засваенне англійскай мовы і раскрыццё творчага патэнцыялу старшакласнікаў.

Бадай, кожны з нас, хто сутыкаўся з вывучэннем замежнай мовы, разумее: уся соль у пастаяннай практыцы. Таму па традыцыі арганізатары летніка прапануюць выхаванцам актывізаваць і папоўніць свой моўны запас праз вывучэнне культуры англамоўных краін. Атрымаць асалоду ад кубка сапраўднай англійскай гарбаты падчас размовы з каралевай Англіі? У Smart Camp гэта магчыма! Як і здзейсніць падарожжа па гарадах Англіі і ЗША, адчуць сябе Шэрлакам Холмсам ці апынуцца на Уімблдонскім турніры.
“Нашых выхаванцаў чакаюць камунікатыўныя заняткі з выкарыстаннем новых эфектыўных тэхналогій навучання англійскай мове, удзел у займальных віктарынах, індывідуальныя і сумесныя творчыя праекты на англійскай мове, — адзначае дырэктар Маладзечанскай школы для дзяцей з захворваннямі косна-мышачнай сістэмы і злучальнай тканкі Людміла Іосіфаўна Данілевіч. — Таксама цікавай стане падрыхтоўка і выпуск газеты Smart Camp і іншых газет на англійскай мове.
Яшчэ адной адметнасцю “Разумнага летніка” з’яўляюцца хобі-цэнтры, якія аб’ядноўваюць падлеткаў агульнымі інтарэсамі: “Творчая майстэрня”, “Вогнеборац”, эстрадная студыя “Асоль”, камп’ютарны клуб “Байт”, “Юны волат”, “Грацыя”, “Стральба з лука”. Пры гэтым заняткі будуць праводзіцца ў любым выпадку, нават калі прапанаваным відам дзейнасці зацікавіцца адзін чалавек”.
Тым, хто любіць спорт, таксама сумаваць не прыйдзецца. Выбіраць сапраўды ёсць з чаго: футбол, баскетбол, валейбол, настольны тэніс, дартс, бадмінтон, турыстычны паход… Медыцынскае абслугоўванне ў летніку будзе забяспечваць урач-педыятр, работнікі стаматалагічнага, масажнага і фізіятэрапеўтычнага кабінетаў, залы лячэбнай фізкультуры. Медыцынскі персанал гарантуе кругласутачную ўвагу да дзяцей, якім патрабуецца медыцынская дапамога.

Наталля АЛЁХІНА.