У маладзёжных кантактах — будучыня нашага супрацоўніцтва

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

Беларусь разглядае Польшчу як важнага і перспектыўнага партнёра ў Еўрапейскім саюзе. Аб гэтым заявіў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на адкрыцці XXII Беларуска-польскага эканамічнага форуму “Добрасуседства-2019”.

Як адзначыў кіраўнік верхняй палаты парламента, паміж краінамі актывізаваўся палітычны дыялог, міжпарламенцкія і міжурадавыя кантакты набылі сістэмны характар, умацоўваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі. “Па выніках 2018 года ўпершыню за апошнія восем гадоў аб’ём узаемнага гандлю дасягнуў $2,55 млрд. У Беларусі працуюць  339 арганізацый з польскім капіталам. Польскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі за мінулы год склалі $445 млн”, — удакладніў Міхаіл Мясніковіч. Ён падкрэсліў, што Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай. “Мы зацікаўлены ў прыцягненні польскіх інвестараў, і не толькі з сусветным імем”, — сказаў Старшыня Савета Рэспублікі.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на аб’яднанне намаганняў у рэалізацыі глабальнага праекта “Пояс і шлях”. У гэтых пытаннях Беларусь і Польшча зрабілі нямала важных крокаў насустрач адна адной. У прыватнасці, падпісаны дагавор аб утрыманні пагранічных чыгуначных маставых аб’ектаў на беларуска-польскай граніцы, актывізаваліся праекты па аўтамабільных дарогах. Беларусь гатова абмяркоўваць з польскім бокам далейшае супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы, у тым ліку ў рамках Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”.

Асаблівае значэнне Беларусь надае сумесным інавацыйным і навукова-тэхнічным праектам, у тым ліку трансгранічным, інфраструктурным. Узаемную цікавасць для бакоў уяўляюць праекты аховы экасістэм Белавежскай пушчы. Да фінансавання гэтых даследаванняў прыцягваюцца як нацыянальныя сродкі, так і сродкі еўрапейскіх фондаў. “Гэта агульнае ў парадку дня для Еўропы, і мы павінны працаваць у гэтым напрамку больш эфектыўна”, — лічыць Міхаіл Мясніковіч.

“У форуме “Добрасуседст­ва-2019” прадугледжаны актыўны ўдзе­л моладзі. Іх лепшыя ініцыятывы трэба абавязкова падтрымліваць, каб у далейшым яны перарасталі ў стартапы, а затым — у рэальны бізнес. У маладзёжных кантактах — будучыня нашага су­працоўніцтва, — перакананы Міхаіл Мясніковіч. — У той жа час такое ўзаемадзеянне павінна ажыццяўляцца на адкрытай парытэтнай аснове, не ператварацца ў вымыванне кадраў”. Савет Рэспублікі актыўна працуе над развіццём ключавых пытанняў. Беларусь і Польшча падпісалі міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і сацыяльнага забеспячэння. “Гэта вельмі важныя дакументы для нашых грамадзян, што даюць магчымасць вырашаць многія актуальныя пытанні”, — дадаў кіраўнік верхняй палаты парламента.

На яго думку, Беларусь і Польшча могуць сур’ёзна рушыць наперад, развіваючы супрацоўніцтва ў такіх напрамках, як лічбавізацыя і IT-індустрыя. “Нашы краіны прэтэндуюць на статус еўрапейскіх лідараў у сферы інавацый, — заўважыў Міхаіл Мясніковіч. — Мы ведаем, што ў Польшчы сфарміравана развітая інавацыйная сістэма з тэхнапаркаў і інкубатараў, створаны Польскі фонд развіцця, дзейнічае праграма па спрашчэнні прадпрымальніцкай дзейнасці “Канстытуцыя для бізнесу”. У Беларусі, дзякуючы дэкрэтам Прэзідэнта (№ 7 і № 8), прыняты вельмі сур’ёзныя меры па падтрымцы бізнесу, развіцці прыватнай ініцыятывы, створаны беспрэцэдэнтныя ўмовы для росту IT-індустрыі”. У Беларусі ёсць кампетэнтныя кадры, добры вопыт, і ён можа быць карысны для польскіх калег.

Міхаіл Мясніковіч выказаў упэўненасць, што сустрэчы і дыскусіі ў час форуму будуць садзейні­чаць далейшаму ўмацаванню сувязей і ўсталяванню новых кантактаў паміж Беларуссю і Польшчай. “Разлічваем на ваш актыўны ўдзе­л. Будзем рады канструктыўным ідэям і прапановам”, — сказаў спікер. Ён паведаміў, што напярэдадні з маршалкам Сената Польшчы была дасягнута дамоўленасць аб падрыхтоўцы і распрацоўцы новых сумесных праграм на 2021—2027 гады.