У Маскве адбудзецца сустрэча маладых навукоўцаў

- 14:52Паралелі

Другая Усерасійская навукова-практычная канферэнцыя расійскіх і замежных студэнтаў, аспірантаў, маладых вучоных і спецыялістаў па праблемах практычнай рэалізацыі навуковых распрацовак пройдзе ў Маскве 25—26 кастрычніка.

Канферэнцыя, арганізатарам якой з’яўляецца Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, адбудзецца ў гасцініцы “Прэзідэнт-атэль”. Для абмеркавання шырокага кола пытанняў, звязаных з эфектыўным прасоўваннем і ўкараненнем інтэлектуальных прадуктаў і праектаў у розных сферах, запрошаны прадстаўнікі розных краін, у тым ліку з Беларусі, Малдовы, Казахстана і іншых.

Праграма канферэнцыі ўключае дзелавы і экспазіцыйны фарматы.

У рамках дыскусій будуць абмяркоўвацца праблемы, якія ўзнікаюць пры распрацоўцы і ўкараненні інавацый, а таксама лепшыя прапановы аб скарачэнні шляху ад навукова-тэхнічнай распрацоўкі да яе практычнай рэалізацыі. Удзельнікі прапануюць меры, накіраваныя на папулярызацыю і матывацыю моладзі па ўключэнні ў навуковую дзейнасць, у тым ліку яшчэ на этапе агульнаадукацыйнай школы.

Дзелавая праграма дазволіць устанавіць канструктыўны дыялог паміж маладымі навукоўцамі і экспертамі інавацыйных і навуковых фондаў, дзяржкарпарацый, міністэрстваў, ведамстваў, тэхналагічных агенцтваў і кластараў.

На стэндавай экспазіцыі будуць прадстаўлены не толькі ўкаранёныя, але і перспектыўныя навукова-практычныя распрацоўкі маладых расійскіх і замежных вучоных.

Зараз фарміруецца дзелавая праграма і ідзе збор заявак на ўдзел у тэматычных секцыях і ў стэндавай экспазіцыі канферэнцыі.

Падрабязная інфармацыя пра мерапрыемства — на сайце: www.minobr-nauka.ru.