У МДЛУ — першы факультэт кітайскай мовы і культуры

На пачатку сакавіка ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце адкрыўся першы ў краіне факультэт кітайскай мовы і культуры. З гэтай нагоды ў МДЛУ прайшла ўрачыстая вечарына.

У цырымоніі адкрыцця факультэта ўзялі ўдзел рэктар універсітэта Наталля Баранава, часовы павераны ў справах Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ла Чжаньхай, прадстаўнікі Усходне-кітайскага педагагічнага ўніверсітэта. У ліку запрошаных ганаровых гасцей былі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя пры БДУ, Інстытутаў Канфуцыя БНТУ і ГДУ імя Францыска Скарыны.

Фактычна факультэт пачаў сваю работу ў студзені бягучага года. “Для таго каб адкрыць факультэт, неабходна мець дастатковую колькасць кваліфікаваных кадраў, матэрыяльную базу і патрэбную колькасць студэнтаў. Мы шмат гадоў рыхтаваліся да гэтай падзеі, заключалі дагаворы са многімі кітайскімі ўніверсітэтамі. Наш галоўны партнёр — Усходне-кітайскі педагагічны ўніверсітэт (Шанхай). Акрамя таго, у межах факультэта будуць рэалізоўвацца праекты з Пекінскім універсітэтам замежных моў, Цяньцзіньскім універсітэтам замежных моў і Шанхайскім універсітэтам замежных моў.

У нас вялікія планы. Будуць рэалізоўвацца 5 напрамкаў навуковых даследаванняў, будзе весціся падрыхтоўка спецыялістаў па трох кірунках: выкладанне замежнай мовы, пераклад і перакладазнаўства (у тым ліку і мастацкае); мы будзем развіваць кітаязнаўства і падрыхтоўку спецыялістаў па міжкультурнай камунікацыі ў асноўным у сферы міжнароднага турызму і міжнародных эканамічных адносін.

На сёння на факультэце працуюць як беларускія выкладчыкі, дактары, кандыдаты навук, так і запрошаныя з Кітая. Ідзе падрыхтоўка будучых высокакваліфікаваных спецыялістаў у аспірантуры. Я вельмі спадзяюся, што ў найбліжэйшы час мы з ВАК узгоднім пытанне аб магчымасці абароны дысертацый па кітаязнаўстве, кітайскай мове, па лінгвістыцы і літаратуры Кітая ў нашай краіне”, — адзначыла Наталля Пятроўна Баранава.

У структуры факультэта будуць функцыянаваць дзве кафедры — кафедра тэорыі і практыкі кітайскай мовы (загадчык — доктар філалагічных навук прафесар А.М.Гардзей) і кафедра маўленнязнаўства і прафесійнай камунікацыі, якая пачне сваю работу ў найбліжэйшы час.

Студэнты новага факультэта будуць вучыцца як у МДЛУ, так і ў кітайскіх універсітэтах. Каб рэалізаваць такую форму навучання, давялося ўзгадняць вучэбныя планы і падыходы да навучання. На сёння на факультэце кітайскай мовы і культуры вучацца 310 студэнтаў, якія вывучаюць кітайскую мову як першую, і 248, якія кітайскую мову вывучаюць як другую. Набор на спецыяльнасці факультэта будзе фарміравацца згодна з дзяржаўным заказам і жаданнямі абітурыентаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.