У Мінскай вобласці стартавала акцыя “Нашы дзеці”

З 9 снежня 2019 года па 10 студзеня 2020 года ў Мінскай вобласці, як і па ўсёй краіне, праходзіць навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Акцыя стартавала ў Дзяржынскім гарадскім доме культуры, дзе прайшоў II Абласны фестываль творчасці дзяцей-інвалідаў “Запалі сваю зорку”.

Данііл Савеня.

У мерапрыемстве прыняло ўдзел больш як 200 навучэнцаў з АПФР з усіх раёнаў Мінскай вобласці і Жодзіна. Яны прадставілі сваю творчасць у 7 намінацыях: “Вакал”, “Літаратурная творчасць”, “Выкананне на музычных інструментах”, “Харэаграфія”, “Тэатральнае мастацтва”, “Прыкладное мастацтва” і “Выяўленчая творчасць”. У танцавальнай зале Дзяржынскага гарадскога дома культуры ў гэты дзень разгарнулася ўнікальная выстава дзіцячых работ, сярод якіх — унікальныя пейзажныя замалёўкі, вышыўка, фларыстычныя карціны, работы з элементамі бісерапляцення. Праграма гала-канцэрта фестывалю ўключала музычныя і харэаграфічныя кампазіцыі, выкананне песень, чытанне паэтычных твораў.

У зале прысутнічалі кіраўнікі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, пры падтрымцы якіх акцыя “Нашы дзеці” стала добрай трады­цыяй. Удзель­нікаў і гасцей фестывалю вітаў намеснік старшыні Мінс­кага абласнога выканаўчага камітэта І.С.Маркевіч. Артыстызм і майстэрства пакуль яшчэ маленькіх зорачак — фіналістаў фестывалю былі адзначаны дыпломамі. Кожнае дзіця атрымала сваю зорачку — сімвал фестывалю, а таксама салодкія падарункі і, вядома, шмат шчырай увагі і цёплых слоў падтрымкі. Кульмінацыяй свята стала з’яўленне ў зале Дзеда Мароза.

Аліна Таргонская.

Сярод удзельнікаў фестывалю “Запалі сваю зорку” былі прадстаўнікі Маладзечанскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем зроку. З песняй “Вядзі мяне” выступіў навучэнец 9 класа Данііл Савеня — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і Міжнароднага дабрачыннага фонду Юрыя Розума. Юнак з’яўляецца лаўрэатам Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Пад крыламі Арыёна”, конкурсу “Маладыя таленты Беларусі”, пераможцам Міжнароднага інклюзіўнага дзіцяча-юнацкага фестывалю-форуму “СаТварэнне”, Міжрэгіянальнага інтэграцыйнага фестывалю “Зорная карусель” у Маскве, конкурсу “Салют талентаў” у Санкт-Пецярбургу і іншых. Данііл неаднаразова выконваў гімны Беларусі і іншых краін на міжнародных хакейных матчах у “Мінск-Арэне”. Ён піша вершы і музыку, займаецца гукарэжысурай,  захапляецца камп’ютарнай тэхнікай, праводзіць тэсціраванне праграм для невідушчых людзей.

“З 6 класа я наведваю студыю “Спяваем разам” у Маладзечне, дзе са мной працуе кампазітар Алена Віктараўна Атрашкевіч, — расказаў Данііл. — Люблю выконваць вакальныя творы, у якіх можна прадэманстраваць магчымасці голасу, такія як песня “Вядзі мяне” латвійскага спевака Інтарса Бусуліса. Аднойчы мне пашчасціла разам з ім праспяваць гэтую кампазіцыю”. У наступным годзе Данііл паступае ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў па напрамку “Мастацтва эстрады (спевы)”. Ён марыць адкрыць сваю вакальную студыю, стаць прадзюсарам, каб дапамагаць творча адораным лю­дзям рэалізоўваць свае мары.

Дыпломамі II Абласнога фестывалю творчасці дзяцей-інвалідаў “Запалі сваю зорку” была ўзнагароджана і навучэнка Вілейскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Аліна Таргонская ў наміна­цыі “Прыкладная мастацкая творчасць”. Трынаццацігадовая дзяўчынка прадставіла некалькі сваіх работ — вышыўку крыжом і вырабы з дрэва — анёлка і сурвэтніцу. У школьны гурток сталярнага майстэрства да Івана Серафімавіча Шаблыкі Аліна ходзіць з 3 класа. Яна стала адзі­най дзяўчынкай сярод хлопчыкаў, якія выпальвалі і выпілоўвалі лобзікам па дрэве. У будучыні Аліна плануе стаць цырульнікам.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Марыі АРЭХ.