У Мінскай вобласці за апошнія 3 гады пабудавана 26 навучальных устаноў і праве­дзены капрамонт школы ў Крупках

- 12:30Актуально

Пасяджэнне выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама адбылося ў каладзішчанскай сярэдняй школе № 2, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У фае школы была арганізавана выстава дасягненняў сістэмы адукацыі Міншчыны, дзе былі прадстаўлены ўсе кірункі дзейнасці ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійнай, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі цэнтральнага рэгіёна.

“Сёння мы падводзім вынікі работы за мінулы год і вызначаем задачы на наступны, — сказаў, адкрываючы пасяджэнне, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — Для сістэмы адукацыі вобласці мінулы год быў паспяховым. Мы ганарымся тым, што да нас прыйшла вялікая плеяда маладых настаўнікаў — амаль 1000 педагагічных работнікаў. Сёння наша задача — стварыць умовы для таго, каб на першым працоўным месцы яны рэалізавалі сябе як прафесіяналы”.

М.Башко звярнуў увагу на тое, што сёння ў вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца профільнай адукацыі.

“Вынікі профільнай адукацыі на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі далі магчымасць амаль на 4% павялі­чыць колькасць выпускнікоў 11-х класаў, якія паступілі ва УВА, — зазначыў Мікалай Башко. — Сёння мы сур’ёзна адпрацоўваем пытанне стварэння класаў педагагічнага, ваенна-патрыятычнага і аграрнага напрамкаў. Упэўнены: калі дзеці будуць вучыцца ў профільных класах, для іх не будзе праблемай выбраць далейшы прафесійны шлях”.

Узаемадзеянне з моладдзю — таксама прыярытэтны кірунак работы сістэмы адукацыі вобласці на 2023 год, а сучасная школа заклікана ствараць цэласную сістэму па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні. Менавіта таму на Міншчыне ідзе пастаянны пошук новых метадаў і форм адпаведнай работы.

“Працуючы з моладдзю, мы павінны браць за аснову лепшыя традыцыі мінулага, фарміраваць асобу дзіцяці, выхоўваць грамадзянс­касць, патрыятызм, — акцэнтаваў начальнік галоўнага ўпраўлення. — Паспяховай формай выхаваўчай работы стала стварэнне ваенна-патрыятычных клубаў, класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, пошукавых аб’яднанняў. Добрым прыкладам такой работы з’яўляецца вопыт абласнога ваенна-патрыятычнага клуба “Доблесць”.

У раёнах вобласці дзейнічаюць 89 ваенна-патрыятычных клубаў. Сёння ідзе работа не над колькасцю клубаў, а над якасцю іх работы. Разам з тым у вобласці вялікая ўвага ўдзяляецца прыцягненню дзяцей да фізкультуры і спорту. Гэтаму спрыяюць заняткі ў спартыўных секцыях, басейне. Адзначаецца станоўчая дынаміка ва ўключэнні вучняў у аб’яднанні па інтарэсах спартыўнага кірунку.

Знакавай падзеяй для сістэмы адукацыі вобласці стала адкрыццё абласнога музея “Адукацыя Міншчыны”. Плануецца стварэнне віртуальнай старонкі музея.

Дастаткова выніковым быў удзел каманды Мінскай вобласці ў Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, у заключным этапе рэспуб­ліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер”. Для ўмацавання здароўя, паляпшэння фізічнага развіцця навучэнцаў штогод прахо­дзяць спаборніцтвы “Лепшы спартыўны клас”. Сёлета ў праграму абласной спартакіяды школьнікаў абавязковым відам спорту ўключана плаванне, пройдзе фестываль па плаванні. Яшчэ адна задача, якая стаіць перад галіной, — перападрыхтоўка кіраўнікоў фізічнага выхавання, максімальны ахоп дзяцей навучаннем плаванню.

Падчас пасяджэння калегіі начальнік галоўнага ўпраўлення паставіў перад раённымі ўпраўленнямі па адукацыі дакладныя задачы. М.Башко ўпэўнены, што станоўчае рашэнне ў пытанні выхавання патрыятызму і павагі да сваёй Радзімы хаваецца ў кансалідацыі двух найважнейшых інстытутаў: сям’і і школы.

“Голас бацькоў, іх уплыў на выбар выхаваўчых прыёмаў павінны быць больш глабальнымі, — падкрэсліў Мікалай Башко. — Таму ставім задачу стварэння каардынацыйнага савета па рабоце сям’і і школы на ўзроўні раёнаў і вобласці. Бацькі павінны быць уключаны ў актуальны парадак дня ў пытанні выхавання”.

У Мінскай вобласці за апошнія 3 гады пабудавана 26 навучальных устаноў і праве­дзены капітальны рамонт школы ў Крупках.

“Мы не спыняемся, рухаемся наперад, — запэўніў М.Башко. — У 2022 годзе на Міншчыне пачалі працаваць 2 дзіцячыя сады і школа № 5 у Смалявічах. Плануем, што да 1 верасня будзе ўведзена ў строй доўгачаканая школа ў Сеніцы, а да канца года будуць па­будаваны і дашкольныя ўстановы адукацыі”.

Сістэма адукацыі — важная сфера жыцця, аснова, на якой стаіць і будзе стаяць наша грамадства. Ва ўмовах глабальных перамен прыкладваюцца ўсе намаганні, каб дзеці мелі магчымасць гарманічна расці і развівацца.

“Развіццё дашкольнай адукацыі Міншчыны арыентавана на стварэнне дадатковых месцаў, у тым ліку за кошт будаўніцтва ўстаноў адукацыі, прадастаўленне разнастайнага спектра адукацыйных паслуг, у тым ліку дзецям, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі, на стварэнне цэнтраў, якія стымулююць развіццё дзіцячай ініцыятывы, творчасці, інтарэсаў, — пералічыў М.Башко. — За апошнія 5 гадоў ахоп дашкольнай адукацыяй павялічыўся больш чым на 12,5 працэнта. Працягваецца выкананне мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне даступнасці дашкольнай адукацыі”.

Неабходнай умовай бесперапыннасці адукацыі з’яўляецца пераемнасць дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. У вобласці створаны роўныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі ў школах, дзейнічае рознааспектная і шматузроўневая сістэма яе ацэнкі. Акрамя гэтага, вырашаюцца задачы ўдасканалення адукацыйнага асяроддзя, стварэння сучасных умоў, вядзецца актыўная работа па будаўніцтве новых устаноў, капітальным рамонце школ і іх аснашчэнні. Рашэнні, якія прымаюцца ў гэтым кірунку, пашыраюць спектр класаў прафесійнай накіраванасці, і, як вынік, павялічылася колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць прадметы на павышаным узроўні.

“Працягваецца работа па адкрыцці stem-цэнтраў, інжынерна-тэхнічных класаў на аснове камплектаў “РОББО”, што спрыяе развіццю адукацыйнай робататэхнікі, — паведаміў Мікалай Башко. — Задача педагога — сумесна з бацькамі прадумваць траекторыю росту навучэнца з выхадам на паступленне ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, у тэхнічныя УВА. STEM-цэнтры павінны стаць цэнтрамі падтрымкі інавацый і тэхналогій у сферы адукацыі кожнага раёна”.

Закранаючы адукацыйныя дасягненні рэгіёна, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама расказаў, што ў міжнародных конкурсах навучэнцы вобласці заваявалі 28 узнагарод, а спецыяльным фондам Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў заахвочаны 106 навучэнцаў і 8 педагогаў.

“На асаблівым кантролі павінны быць рэалізацыя комплексу мер па падрыхтоўцы вучняў да выніковага ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, каардынацыя дзейнасці з установамі вышэйшай адукацыі, а таксама бесперапыннае суправаджэнне педагогаў і навучэнцаў на ўсіх этапах падрыхтоўкі і правядзення рэс­публіканскай алімпіяды, — выказаў меркаванне М.Башко. — У гэтай рабоце трэба задзейнічаць лепшых настаўнікаў-практыкаў на базе апорных устаноў адукацыі, рэсурсных цэнтраў”.

Падчас пасяджэння калегіі асобны блок пытанняў тычыўся прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У мінулым го­дзе кантрольныя лічбы прыёму на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі выкананы на 100%. Па выніках 82 рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства навучэнцы і педагогі атрымалі 158 дыпломаў, 28 медалёў, 1 кубак.

“У рамках падрыхтоўкі да V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства навучэнцаў праведзены абласныя этапы конкурсу і рэгіянальныя адборачныя спаборніцтвы па 28 кампетэнцыях, — дадаў Мікалай Башко. — Развіццё адукацыі немагчыма без паслядоўнага развіцця галіны, ­адзінай сістэмы навукова-метадычнага суправаджэння. Адным з механізмаў вырашэння кадравага пытання павінны стаць мэтавы прыём і мэтавае навучанне, замацаванне маладых спецыялістаў. Начальнікам упраў­ленняў, кіраўнікам устаноў адукацыі неабходна больш актыўна працаваць з навучэнцамі профільных педагагічных класаў”.

Значным дасягненнем і гордасцю сістэмы адукацыі вобласці стала тое, што за 2022 год павялічылася колькасць выхавальнікаў, якія маюць адукацыю па кірунку “Педагогіка дзяцінства” і настаўнікаў з кваліфікацыйнай катэгорыяй “настаўнік-метадыст”.

“Штогод павялічваецца колькасць педагогаў з вышэйшай адукацыяй ва ўстановах дашкольнай адукацыі, — з гордасцю зазначыў начальнік галоўнага упраўлення. — Таксама павысіўся працэнт настаўнікаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Увогуле, устойлівае развіццё ўстаноў адукацыі забяспечвае разумнае спалучэнне вопытных і маладых спецыялістаў.

Мы многае зрабілі, намецілі новыя планы, якія дапамогуць нам вырашыць галоўную задачу — павышэнне якасці адукацыі.

2023 год — юбілейны для Мінскай вобласці. Гэтая падзея мае каласальны выхаваўчы эфект і павінна закрануць кожнага работніка сістэмы адукацыі Міншчыны, бацькоў, выхаванцаў дзіцячых садоў, навучэнцаў. Мы абавязкова рэалізуем намечаныя намі мерапрыемствы ў поўным аб’ёме і раскажам кожнаму пра гісторыю нашага краю, яго галоўных герояў і самых адказных працаўнікоў — нашых педагогаў!”

Наталля САХНО
Фота аўтара