Ёсць выдатная англійская прымаўка: не выхоўвайце сваіх дзяцей, яны ўсё роўна будуць падобныя да вас, таму выхоўвайце сябе. Прынцып просты: у паспяховых выхаваных бацькоў вырастуць такія ж дзеці. Тое ж можна сказаць і пра педагогаў: у таленавітых педагогаў будуць таленавітыя вучні. Пераканацца ў гэтым яшчэ раз давялося падчас сустрэчы з найлепшымі настаўнікамі рускай мовы і літаратуры, якая прайшла днямі ў Прадстаўніцтве Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскім цэнтры навукі і культуры. На гэтае мерапрыемства былі запрошаны настаўнікі рускай мовы і літаратуры з усіх абласцей краіны, чыя педагагічная дзейнасць заслугоўвае асаблівай увагі і заахвочвання.
Сустрэча з найлепшымі настаўнікамі рускай славеснасці была арганізавана з нагоды двух самых светлых свят восені — Дня настаўніка і Дня маці. Гэтыя дзве даты падчас мерапрыемства былі аб’яднаны невыпадкова. І справа не толькі ў тым, што ў сённяшняй беларускай школы ў большасці жаночы твар, але і ў тым, што для настаўнікаў, адданых педагагічнай справе, іх вучні за школьныя гады становяцца як родныя. І азначэнне “класная мама” ў такіх выпадках можа чытацца па-рознаму.
Зрэшты, упэўнены ўдзельнікі сустрэчы, інакш і быць не можа. Інакш — без запалу, без эмацыянальнай уключанасці ў справы дзіцяці, без цікавасці да сваёй справы — не будзе і выніку. Чаго-чаго, а вынікаў педагагічнай дзейнасці ў запрошаных на сустрэчу настаўнікаў хапіла б яшчэ на дзясяткі іншых. Вось мяркуйце самі. Іна Яўгенаўна Бірэта — настаўніца звычайнай сельскай школы ў пасёлку Азёры Гродзенскага раёна, і пры гэтым яна — член журы абласной алімпіяды па рускай мове і літаратуры, трэнер каманды Гродзенскай вобласці па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры. Ці Іна Рычардаўна Віннік, настаўніца Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Яе вучні — пераможцы конкурсаў, алімпіяд па рускай мове і літаратуры, у тым ліку Міжнароднай Пецярбургскай алімпіяды па рускай мове і культуры для школьнікаў з краін СНД і Балтыі ў 2011 годзе, 13-й міжнароднай алімпіяды школьнікаў па рускай мове з выкарыстаннем дыстанцыйных тэхналогій “Ведаю і люблю рускую мову” ў бягучым годзе, міжнароднай канферэнцыі школьнікаў “Мовазнаўства для ўсіх” у секцыі “Моўная гульня”. Акрамя таго, настаўніца — пераможца Міжнароднага Пушкінскага конкурсу ў 2013 годзе. А Ала Пятроўна Захаранка, настаўніца гімназіі Светлагорска Гомельскай вобласці, падрыхтавала дзесяць пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, сем яе навучэнцаў атрымалі перамогу ў алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Удзел гімназістаў, падрыхтаваных Алай Пятроўнай, у Першым адкрытым міжнародным фестывалі даследчых работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі таксама быў выніковым: тры дыпломы 1, 2 і 3 ступені. А вось Валянціна Міхайлаўна Татарава, настаўніца магілёўскай гарадской гімназіі № 1, за 13 гадоў падрыхтавала 26 (!) пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадметах “Руская мова і літаратура”, алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. На працягу многіх гадоў Валянціна Міхайлаўна з’яўляецца трэнерам каманды навучэнцаў Магілёўскай вобласці па падрыхтоўцы да ўдзелу ў заключным этапе алімпіяды, членам журы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, аўтарам-распрацоўшчыкам заданняў другога этапу рэспубліканскай алімпіяды, шэрагу метадычных дапаможнікаў настаўнікам рускай мовы і літаратуры.
Зрэшты, рэгаліі і дасягненні запрошаных на свята педагогаў можна пералічваць доўга. У кожнага з іх быў свой шлях да рускай мовы і педагогікі. Але ва ўсіх сёння ёсць упэўненасць у правільным выбары.
І, натуральна, што такая адданасць сваёй справе заслугоўвае павагі і заахвочвання.
— Сённяшняе наша віншаванне — гэта прызнанне вашых заслуг, — адзначыў у прывітальным слове да ўдзельнікаў сустрэчы кіраўнік прадстаўніцтва Віктар Аляксандравіч Малашэнка. — Мы выказваем удзячнасць за адданасць прафесіі, неабыякавасць, мудрасць, гатоўнасць расчыніць дзверы школьнага класа і адкрыць сваю душу для кожнага дзіцяці.
Варта адзначыць, што ідэя правесці ўшанаванне настаўнікаў рускай мовы і літаратуры нарадзілася падчас сумеснай нарады супрацоўнікаў цэнтра з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. І гэта далёка не адзіны сумесны праект двух ведамстваў.
— Мы бачым сваю задачу ў тым, каб аказваць дадатковую дапамогу ў вывучэнні рускай мовы, бо Беларусь валодае велізарным навукова-педагагічным патэнцыялам. Толькі ў бягучым годзе ва ўстановы адукацыі, бібліятэкі перададзена каля 8 тысяч кніг, дапаможнікаў па рускай мове, літаратуры, гісторыі, культуры, — адзначыў Віктар Аляксандравіч Малашэнка. — Пры нашым прадстаўніцтве дзейнічае вучэбна-метадычны цэнтр рускай мовы, арганізуецца сумеснае правядзенне ў Расіі і Беларусі алімпіяд, конкурсаў па рускай мове, метадычных семінараў для настаўнікаў. Напрыклад, толькі ў бягучым годзе ў рамках святкавання 1150-годдзя зараджэння славянскага пісьменства ў інтэрнэт-алімпіядзе прынялі ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек з больш як 120 населеных пунктаў Беларусі. Акрамя таго, варта прыгадаць і такі сумесны праект, як прыём беларусаў на навучанне ў расійскія вышэйшыя навучальныя ўстановы. Толькі ў бягучым годзе за кошт бюджэтнай квоты Расійскай Федэрацыі па лініі Рассупрацоўніцтва ў Расіі навучаецца 10 студэнтаў з Беларусі, якія былі адабраны з удзелам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.