У Мінску працуе выстава “Адукацыя і кар’ера”

Гэтая выстава праводзіцца ў сталіцы ўжо трынаццаты раз. Сёлета ў ёй удзельнічаюць 120 прадстаўнікоў з 12 краін свету.

У чым бонус наведвання экспазіцыі, калі так многа інфармацыі можна знайсці ў інтэрнэце? У наведвальнікаў выставы, а гэта пераважна школьнікі і іх класныя кіраўнікі, ёсць магчымасць асабіста пагутарыць і задаць хвалюючыя пытанні прадстаўнікам навучальных устаноў.
“Мне расказалі пра магчымыя месцы маёй работы пасля размеркавання, калі я адвучуся на “бюджэце”. А я вельмі хачу паступіць на бюджэт”, — дзеліцца ўражаннямі Ганна, вучаніца 11 “А” гімназіі № 192 Мінска. Дзяўчына плануе паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.
“Мы амаль цэлым класам прыйшлі сюды. Усе вельмі цікавяцца пытаннямі паступлення. Разам з намі і наш класны кіраўнік”, — падключаюцца да размовы яе аднакласніцы Марына і Насця.
“Гэта як дзень адкрытых дзвярэй, калі мы можам прыйсці не ў адзін універсітэт, а адразу ва ўсе”, — удакладняе адзінаццацікласніца з Мінска Марына.
Аднак “зазірнуць” можна было не толькі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, але і ў прафесійна-тэхнічныя каледжы і ліцэі. Менавіта іх навучэнцы праводзілі прэзентацыі і майстар-класы на інтэрактыўнай пляцоўцы “Не святыя гаршкі лепяць” па розных спецыяльнасцях.
Многія прадстаўнікі ўстаноў адукацыі яшчэ самі навучэнцы альбо нядаўнія выпускнікі. Арганізатары ўпэўнены, што ім прасцей знайсці агульную мову са школьнікамі.
У выставачным цэнтры знайшлося месца і інстытутам паслядыпломнай і дадатковай адукацыі, турыстычным фірмам, якія працуюць у сферы адукацыйнага турызму, а таксама кампаніям, што вырабляюць вучэбнае абсталяванне. На выставе былі і спецыялісты прафарыентацыі.
“Сёння вельмі важна кожнаму маладому чалавеку зрабіць правільны выбар, каб упэўнена ісці па жыццёвым шляху. Спадзяюся, што, азнаёміўшыся з экспанатамі выставы, яны змогуць гэты выбар зрабіць”, — пракаменціраваў задачы экспазіцыі намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Аляксандравіч Прыгодзіч.
Дарэчы, даведацца можна было не толькі пра вышэйшыя, прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі. Атрымаць інфармацыю можна было і пра класы з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні ў пэўных школах.
“Сёння ў сталіцы працуе 71 школа з класамі, дзе асобныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні. Навучанне ў іх дае магчымасць здаваць ЦТ без дапамогі рэпетытара”, — расказала Валянціна Леанідаўна Маеўская, намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы МГІРА.
Застаецца толькі дадаць: кожнаму па інтарэсах і здольнасцях… Выставачнае жыццё кіпіць ужо трэці дзень. За гэты час можна пачарпнуць карысную для сябе інфармацыю і, галоўнае, яшчэ раз задумацца аб сваім прафесійным шляху, зрабіць аптымальны выбар, калі “хачу”, “магу” і “трэба” — складнікі шчаслівага выбару — сыдуцца разам.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.