У Мінску сабраліся знаўцы Кітая з усёй Еўропы

- 16:19Актуальна
Гэтымі днямі ў Мінску праходзіў Еўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя, на які з’ехаліся прадстаўнікі 77 інстытутаў кітаязнаўства з 19 краін Еўропы. Акрамя таго, у форуме прынялі ўдзел супрацоўнікі пяці вядучых універсітэтаў Кітая.
Удзельнікі абмеркавалі пытанні развіцця кітаязнаўства і распаўсюджвання кітайскай мовы і культуры ў еўрапейскім рэгіёне, пашырэння супрацоўніцтва паміж інстытутамі Канфуцыя і рэалізацыі новых сумесных праектаў.

Арганізатарамі форуму выступілі Дзяржаўная канцылярыя КНР па міжнародным распаўсюджванні кітайскай мовы (Ханьбань) і БДУ. Трэба адзначыць, што беларускі ўніверсітэт выбраны для правядзення такога маштабнага мерапрыемства невыпадкова. Летась Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ быў прызнаны адным з лепшых у Еўропе, а Белдзяржуніверсітэт супрацоўнічае больш як з трыма дзясяткамі навучальных устаноў Кітая. Сёння тут вучыцца амаль 900 студэнтаў з гэтай краіны.
Увогуле, у Беларусі дзейнічаюць два інстытуты Канфуцыя — у БДУ і Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, — якія займаюцца папулярызацыяй і распаўсюджваннем кітайскай мовы і культуры, а таксама аказваюць метадычную дапамогу настаўнікам і выкладчыкам кітайскай мовы.
Напрыклад, Інстытут Канфуцыя Белдзяржуніверсітэта, акрамя правядзення моўных курсаў, каардынуе работу па выкладанні кітайскай мовы на факультэце міжнародных адносін і філалагічным факультэце БДУ, у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Гомельскім дзяржаўным універсітэце, у гімназіі № 23 Мінска і іншых установах адукацыі Беларусі.
Інстытут Канфуцыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта праводзіць курсы па гутарковай і дзелавой кітайскай мове, і, трэба адзначыць, што пераважная большасць слухачоў гэтых курсаў — школьнікі і студэнты. Папулярызацыі кітайскай мовы і культуры сярод моладзі істотна спрыяе штогадовая праграма вучэбнага летніка. Так, у ліпені 2012 і 2013 гадоў 33 слухачы Інстытута Канфуцыя МДЛУ змаглі наведаць КНР па праграме летніка, арганізаванага Паўднёва-Усходнім універсітэтам Кітая, і глыбей пазнаёміцца з культурай гэтай краіны. У верасні 2013 года 19 студэнтаў атрымалі стыпендыю Інстытута Канфуцыя для навучання ва ўніверсітэтах КНР.
Інстытут Канфуцыя МДЛУ рэгулярна праводзіць метадычныя семінары і кансультацыі для настаўнікаў і выкладчыкаў кітайскай мовы, аказвае дапамогу вучэбнымі матэрыяламі, рэкамендуе да ўдзелу ў праграмах Ханьбань па павышэнні кваліфікацыі выкладчыкаў кітайскай мовы. Так, у мінулым навучальным годзе 9 беларускіх выкладчыкаў паспяхова павысілі кваліфікацыю ў Пекінскім універсітэце моў і культур і Шанхайскім педагагічным універсітэце.
З восені 2012 года Інстытут Канфуцыя МДЛУ праводзіць міжнародныя экзамены па кітайскай мове. Менш чым за год у іх прынялі ўдзел 250 студэнтаў, школьнікаў і спецыялістаў Беларусі.
Дарэчы, Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ таксама з’яўляецца сертыфікаванай арганізацыяй па правядзенні экзамену на веданне кітайскай мовы НSK і YCT у Беларусі.
Абодва інстытуты Канфуцыя праводзяць шмат мерапрыемстваў для папулярызацыі культуры Кітая ў нашай краіне: ладзяць майстар-класы па кітайскім жывапісе, каліграфіі і выцінанцы, арганізоўваюць конкурсы і канцэрты з удзелам беларускіх і кітайскіх грамадзян. Прычым многія прапановы сапраўды ўнікальныя: напрыклад, сёлета ў Інстытуце Канфуцыя МДЛУ адкрываюцца групы для заняткаў кітайскай традыцыйнай гімнастыкай тайцзіцюань.
Трэба прызнаць, што цікавасць да вывучэння кітайскай мовы і культуры ў нашай краіне імкліва расце. У многім гэтаму спрыяе актыўная пазіцыя Кітая, які не толькі шырока прапагандуе свае каштоўнасці, але і аказвае рэальную дапамогу ўсім, хто робіць крок насустрач.
На сённяшні дзень беларускія ўніверсітэты маюць 117 прамых дагавораў аб супрацоўніцтве з установамі адукацыі Кітая. У 29 нашых універсітэтах вучыцца больш за дзве тысячы грамадзян гэтай краіны. І ўсё больш нашых суайчыннікаў выязджаюць на вучобу ў Кітай.

Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.