Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў IV гарадскога фестывалю даследчых работ навучэнцаў 5–7-х класаў «Пазнанне. Творчасць. Адкрыццё» прайшла ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Фестываль праводзіўся Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі ў супрацоўніцтве з Саветам маладых вучоных НАН Беларусі пры падтрымцы Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У яго мерапрыемствах прынялі ўдзел 194 навучэнцы з 85 устаноў адукацыі Мінска.
У сакавіку на базе гімназіі № 18 імя І.С. Міранкова адбылася гарадская канферэнцыя па трох секцыях: «Прыродазнаўчыя навукі», «Тэхнічныя навукі», «Гуманітарныя навукі». Вялікую цікавасць у членаў экспертнага савета, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Савета маладых вучоных і Мінскага гарадскога ІРА, выклікалі рашэнні актуальных практыка-арыентаваных задач, шматлікія эксперыменты і доследныя абгрунтаванні праектаў юных даследчыкаў. Многія работы прысвечаны пытанням патрыятычнага выхавання, захаванню здароўя нацыі, экалагічным праблемам, рашэнне якіх грунтуецца на праведзеных даследаваннях і заслугоўвае асаблівай увагі. Навучэнцы былі адзначаны ў шматлікіх намінацыях: «За захаванне гістарычнай памяці», «За папулярызацыю роднай мовы і фальклору», «За лепшую ідэю», «За прыкладны характар рашэння праблемы» і інш.
– Ужо 4-ы раз фестываль сабраў самых таленавітых сталічных навучэнцаў сярэдняга звяна, – адзначыў, уручаючы дыпломы, першы прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргей Странкоўскі. – У горадзе створана сістэма выяўлення і падтрымкі адораных і таленавітых дзяцей, якая фактычна бярэ пачатак з дзіцячага сада і дазваляе знайсці зорачак, якія ў далейшым будуць развіваць свае даследаванні. Наша спаборніцтва з’яўляецца лагічным працягам фестывалю «Пазнанне і творчасць», які арганізоўваецца для пачаткоўцаў. Усе ўдзельнікі прадставілі разнапланавыя работы, але кожная з іх – маленькая прыступка ў навуку. Для кагосьці гэта было першае сур’ёзнае даследаванне, а для кагосьці – чарговае, новае. Галоўнае – каб цікавасць да навукі не згасала, а толькі ўмацоўвалася і развівалася.
Праграма фестывалю прадугледжвала трэнінгі для школьнікаў, лекцыі і вэбінары для педагогаў, кіраўнікоў даследчых работ навучэнцаў з удзелам прафесарска-выкладчыцкага складу факультэта павышэння кваліфікацыі МГІРА. Таксама былі арганізаваны сустрэчы з вядомымі дзеячамі ў сферы адукацыі, навукі, экскурсіі ў інстытуты і навукова-практычныя цэнтры Акадэміі навук, наведванне Нацыянальнай бібліятэкі і экскурсіі на прадпрыемствы «Атлант» і «Гарызонт».
Уражаннямі ад фестывалю падзяліліся юныя даследчыкі.

Навучэнец гімназіі № 30 Мінска імя Героя Савецкага Саюза Б.С. Акрэсціна Аляксандр Бараноўскі атрымаў дыплом за лепшае прыкладное даследаванне:
– Мая работа называлася «Хлеб у сярэдневяковым горадзе: сацыяльныя традыцыі і культурная спадчына». Я высветліў, што ў Сярэдневякоўі простыя людзі елі чорны і цвёрды хлеб, цеста для якога замешвалі без дражджэй. Ваду змешвалі з мукой, часам выкарыстоўваючы розныя харчовыя дабаўкі: крапіву, высушаны боб, вялікую колькасць вотруб’я і інш., і адпраўлялі такое цеста ў печ. Атрымліваўся чорны і цвёрды кусок хлеба, які на наступны дзень трэба было «сячы мячом». Перад ядой такі хлеб размочвалі ў вадзе, малацэ альбо віне. Дражджавы хлеб з мяккага цеста гатавалі толькі для багатых людзей. Працаваць над даследаваннем мне дапамагала маці Наталля Вітальеўна і настаўніца Аксана Міхайлаўна Глек.

Навучэнка сярэдняй школы № 122 Мінска імя Героя Савецкага Саюза В.І. Казлова Валерыя Зубкова адзначана ў намінацыі «За захаванне гістарычнай памяці»:
– Сваім вынікам я задаволена. Мая работа называлася «Ад’ютант партызанскага атрада». У музеі трапіўся на вочы здымак, на якім адлюстраваны В.І. Казлоў і яго партызанскі атрад. На фота быў і нейкі хлопчык. Мне захацелася даведацца, хто гэта такі. Яго звалі Анатоль Андрэевіч Дзялендзік. Хлопчык чысціў зброю, чытаў параненым салдатам газеты, разгадваў шыфры. Я высветліла і тое, як склаўся лёс Анатоля Андрэевіча пасля вайны. Аказалася, мае дзядуля і цётка нават працавалі з ім. І ўжо ёсць задума зрабіць другую даследчую работу – пра пісьменніцкую дзейнасць Анатоля Дзялендзіка. Мой навуковы кіраўнік – настаўніца гісторыі і грамадазнаўства намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Аляксандраўна Бяскішкая.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





