“У мінуўшчыне — вытокі, з якіх выйшаў ты…”

- 10:09Портфолио

Выхаванне грамадзянскай свядомасці на ўроках беларускай літаратуры адбываецца праз вывучэнне твораў гістарычнай тэматыкі.

На ўроках айчыннага слоўнага мастацтва імкнуся далучаць вучняў да прыгажосці роднага слова, культуры, выхоўваць павагу да гісторыі свайго краю. З гэтай прычыны актывізую работу па выхаванні гістарычнай свядомасці з дапамогай грунтоўнага аналізу мастацкага твора, які садзейнічае фарміраванню пачуцця нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, павагі да народа і зямлі, на якой жывуць сучасныя дзеці і моладзь.

Тэкст — асноўны дыдактычны матэрыял сучаснага ўрока беларускай літаратуры, грунтоўны падмурак, які служыць узорам і стымулам для пабудовы ўласнага выказвання, увасаблення ярка выяўленай ідэі, якая раскрываецца ў ідэйна-мастацкім змесце. Правільна прааналізаваны мастацкі твор мае вялікі выхаваўчы патэнцыял, спрыяе фарміраванню светапогляду, моўнай культуры падрастаючага пакалення.  

Праз работу над мастацкім тэкстам вучні пашыраюць свой кругагляд разнастайнымі звесткамі і фактамі, што асабліва важна для падрыхтоўкі і ўдзелу вучняў у сацыяльным жыцці, для іх будучай прафесійнай дзейнасці. Мастацкі твор задавальняе пазнавальную цікавасць, удакладняе маральна-этычную пазіцыю падрастаючага пакалення.

Праз выкарыстанне шматлікіх метадаў навучання ўводжу ў канву ўрока заданні, якія спрыя­юць не толькі аналізу мастацкага твора, але і выпрацоўцы практычных уменняў, развіццю і светапогляднаму сталенню вучняў, у свядомасць якіх пакрокава ўваходзяць важныя сэнсы і каштоўнасныя арыенціры.

Абапіраючыся на навукова-метадычную літаратуру, распрацоўваю ўласную сістэму кампетэнтнасна арыентаваных заданняў (КАЗ) да ўрокаў беларускай літаратуры на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Прапаноўваю іх для арганізацыі паўрочнага кантролю вучэбных дасягненняў вучняў 11 класа па драматычнай паэме “Чорная панна Нясвіжа” Аляксея Дударава.

Галоўная мэта КАЗаў — расказаць пра Беларусь, яе яскравых прадстаўнікоў, далучыць да гісторыі, духоўнай культуры свайго народа, яго традыцый і здабыткаў, спрыяць атаясамліванню сябе з гэтай культурай, фарміраванню ў вучняў пад яе ўплывам уласнага светапогляду.

Падчас выканання такіх заданняў адзінаццацікласнікі ажыццяўляюць пошук, збор і аналіз інфармацыі па выбраным блоку; класіфікуюць і аналізу­юць вучэбны матэрыял, аргументавана адстойваюць свой пункт гле­джання; супастаўляюць і даюць ацэнку іншым меркаванням; ставяць мэты і задачы сваёй дзейнасці, вызначаюць праблематыку літаратурнага складніка КАЗа, прыводзяць доказы, выяўля­юць прычынна-выніковыя сувязі, падводзяць вынікі; арыентуюцца ў актуальных праблемах сучаснага жыцця, звязаных з рэалізацыяй канкрэтных сацыяльных роляў; робяць высновы пра адказнасць кожнага за лёс блізкіх, грамадства і Радзімы праз зварот да зместу драматычнай паэмы “Чорная панна Нясвіжа” Аляксея Дударава.

Вучні ацэньваюць сваю работу над КАЗам (самаацэнка), работу аднакласнікаў (узаемаацэнка), будуючы ўласнае меркаванне на выказванні Аляксея Дударава: “Веданне гісторыі свайго народа — праяўленне ўнутранай культуры кожнага чалавека, чым бы ён ні займаўся ў сваім жыцці. У мінуўшчыне — вытокі, з якіх выйшаў ты, прадстаўнік свайго народа…”. 

Фарміраванне гістарычнай свядомасці на ўроках беларус­кай літаратуры падчас аналізу твораў гістарычнай тэматыкі праз сістэматычнае выкарыстанне кампетэнтнасна арыентаваных заданняў дае свой плён, спрыяе выхаванню духоўна-грамадзянскай культуры і менталітэту вучняў. Дзеці праг­нуць як мага больш даведацца пра сваю Ра­дзіму, яе гісторыю, цікавяцца краязнаўчым матэрыялам, у іх абуджаецца гістарычная памяць, фарміруюцца каштоўныя чалавечыя пачуцці. Сродкамі выхавання любові да Радзімы з’яўляюцца не толькі мастацкае слова, але і музыка, жывапіс, кінамастацтва, зварот да нацыянальных традыцый, фальклору і гістарычных ведаў.

КАЗ № 1.

Ключавая кампетэнтнасць: літаратурная, маўленча-камунікатыўная, культуралагічная.

Стымул. “Звычайна ў людзей так. Першае — гэта я, другое — сям’я, родны дом, трэцяе — родны горад, чацвёртае — родная краіна, пятае — родная Зямля, роднае Чалавецтва. I кожны любіць сам сябе, амаль усе — сям’ю, большасць — родны горад, частка — радзіму. I толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па-сапраўднаму, а не на словах… Мы нават да любові да радзімы ў большасці не дараслі…” — адзначыў Уладзімір Караткевіч.

Задачная фармулёўка. 1. Уважліва прачытайце фальклорную легенду “Пра Чорную Даму”. 2. Назавіце ключавыя моманты фальклорнага твора. 3. Вызначце ў творы рэальныя гістарычныя аспекты (не менш за 4). 4. Звярніце ўвагу на драматычную паэму “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава. 5. На аснове зместу драматычнага твора паразважайце, ці ўдалося Аляксею Дудараву данесці да чытача ключавы пафас і праблемнае поле легенды.

Форма прадстаўлення вынікаў. Вынікі ўласнай дзейнасці прадстаўце ў выгля­дзе логіка-сэнсавай мадэлі “Фальклорная ­аснова драматычнай паэмы “Чорная панна Нясвіжа” Аляксея Дударава”.

Крыніцы інфармацыі: фальклорная легенда “Пра Чорную Даму”, драматычная паэма “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава, дапаможнік “Беларуская літаратура. 11 клас” (аўт. А.Бельскі, М.Тычына).

 

КАЗ № 2. 

Ключавая кампетэнтнасць: літаратурная, маўленча-камунікатыўная, каштоўнасна-светапоглядная.

Стымул. “Перад каханнем бяссільнымі становяцца жах і змрок смерці…” — сцвярджаў нарвежскі драматург Генрых Ібсэн. 

Задачная фармулёўка. 1. Вызначце хранатоп (месца і час) разгортвання па­дзей у драматычнай паэме “Чорная панна Нясвіжа” Аляксея Дударава. 2. На іх аснове складзіце геаграфічную анлайн-карту. 3. Абгрунтуйце, чаму ваш выбар прыпадае на тры краіны (не менш за 4 доказы). 4. Паспрабуйце зацікавіць тых, хто яшчэ не прачытаў твор Аляксея Дударава.

Форма прадстаўлення вынікаў. Вынікі ўласнай дзейнасці прадстаўце ў выглядзе буктрэйлера да драматычнай паэмы “Чорная панна Нясвіжа” Аляксея Дударава.

Крыніцы інфармацыі: драматычная паэма “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава, дапаможнік “Беларуская літаратура. 11 клас” (аўт. А.Бельскі, М.Тычына), падручнікі па гісторыі Беларусі.

 

КАЗ № 3. 

Ключавая кампетэнтнасць: літаратурная, маўленча-камунікатыўная, культуратворчая.

Стымул. “Чыстае каханне, канечне, існуе на нашай планеце, але квітнее толькі два-тры разы ў стагоддзі…” — сцвярджаў Анарэ дэ Бальзак.

Задачная фармулёўка. 1. Сярод дзеючых персанажаў драматычнай паэмы “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава вылучыце імёных тых герояў, якія жывуць пад чарамі “чыстага кахання”, запішыце іх у свае сшыткі. 2. Прыгадайце з твораў мастацкай літаратуры закаханых герояў (не менш за 5). Абгрунтуйце свой выбар. 3. Што вы можаце сказаць пра “палкае каханне” прадстаўнікоў беларускага слоўнага мастацтва ХІХ—ХХ стагоддзяў, як склаўся іх лёс (не менш за 4)? 4. Паразважайце, чаму Барбару Радзівіл і Жыгімонта ІІ Аўгуста слушна называюць беларускімі Рамэа і Джульетай. 

Форма прадстаўлення вынікаў. Вынікі ўласнай дзейнасці прадстаўце ў выглядзе картатэкі “Вобразы-персанажы айчыннай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя”. Запоўніце анкету галоўнага і другарадных герояў драматычнай паэмы “Чорная панна Нясвіжа”, пазначыўшы наступныя крытэрыі: імя, узрост, знешні выгляд, род дзейнасці, рысы характару (станоўчыя і адмоўныя), грамадзянская ­свядомасць.

Крыніцы інфармацыі: драматычная паэма “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава, “Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя” (т. 4, кн. 2), дапаможнік “Беларуская літаратура. 11 клас” (аўт. А.Бельскі, М.Тычына).

 

КАЗ № 4. 

Ключавая кампетэнтнасць: літаратурная, маўленча-камунікатыўная, каштоўнасна-светапоглядная.

Стымул. Гісторыя заўсёды заставалася па-за кантэкстам канкрэтных рэалій сучаснасці, аднак прэваліравала ў кантэксце духоўнага станаўлення народа, нацыі. Таму зварот у мастацкім творы да гістарычнага мінулага — гэта своеасаблівы спосаб асэнсавання дынамікі духоўнага сталення чалавека, вызначэнне прыярытэтаў эпохі ў самаідэнтыфікацыі асобы і дзяржавы.

Задачная фармулёўка. 1. Аляксея Дударава ў асобе Барбары Радзівіл прыцягваюць супрацьлеглыя і вельмі супярэчлівыя ацэнкі яе жаночай ролі ў жыцці пэўных мужчын. Запішыце іх у свой літаратурны сшытак (не менш за 5). 2. Падрыхтуйце невялікую гістарычную даведку па кожным героі, які быў у адносінах з Барбарай Ра­дзівіл (не больш за 10 сказаў). 3. Назавіце з твораў мастацкай літаратуры герояў, якія былі пастаўлены перад выбарам — каханне ці інтарэсы дзяржавы (не менш за 3). Абгрунтуйце свой выбар. 4. На прыкладзе вобразаў Барбары Радзівіл і Жыгімонта ІІ Аўгуста пакажыце, як у духу шэкспіраўскіх п’ес Аляксей Дудараў акрэсліў галоўны канфлікт драматычнага дзеяння: улада і шчасце ў каханні. 

Форма прадстаўлення вынікаў. Вынікі ўласнай дзейнасці прадстаўце ў выглядзе інтэлектуальнай гульні “Чорны кот”, асэнсаваўшы выказванне Пятра Васючэнкі: “Прасветлінамі гісторыі варта лічыць і тыя эпізоды, у якіх халоднаму разліку, выгадзе процістаяць палкія рамантычныя пачуцці: любоў да Радзімы, ахвярнасць, каханне”.

Крыніцы інфармацыі: драматычная паэма “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава, дапаможнікі “Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя” (т. 4, кн. 2), “Беларуская літаратура. 11 клас” (аўт. А.Бельскі, М.Тычына), інтэрнэт-рэсурсы.

 

КАЗ № 5. 

Ключавая кампетэнтнасць: каш­тоўнасна-светапоглядная, культуратворчая.

Стымул. Памяць пра Барбару Ра­дзівіл (Жыгімонт ІІ Аўгуст), імя якой стаіць у шэрагу “шчырага і чыстага” кахання разам з такімі прадстаўніцамі, як Марыля Верашчака (Адам Міцкевіч), Паўліна Мядзёлка (Янка Купала), Ганна Какуева (Максім Багдановіч) і іншыя, увекавечана ў шматлікіх творах мастацтва.

Задачная фармулёўка. 1. Разгледзь­це рэпрадукцыі карцін “Смерць Барбары Радзівіл” Ёзэфа Зімлера, “Здань Барбары Радзівіл” Войцеха Герсона, “Сігізмунд Аўгуст з Барбарай у Ра­дзівілаўскім палацы ў Вільні” Яна Мацейкі, вызначце іх сувязь з мастацкім творам Аляксея Дударава. 2. Запішыце характэрныя рысы (не менш за 5) абраза Цудадзейнай Маці Божай Вастрабрамскай і вышэйназваных твораў жывапісу. 3. Вызначце месца ўстаноўкі і аўтара помніка Барбары Радзівіл. 4. Прагледзьце лібрэта гістарычнага балета “Барбара Радзівіл” Т.Мушынскай, тэатральную пастаноўку “Чорная панна Нясвіжа” (рэж. В.Раеўскі).

Форма прадстаўлення вынікаў. Вынікі ўласнай дзейнасці прадстаўце ў выглядзе распрацаванага праекта помніка Барбары Радзівіл, намаляваных дэкарацый (да пэўнай сцэны), афіш да тэатральнай пастаноўкі на твор А.Дударава, музычнага фрагмента да пастаноўкі (на выбар вучня). 

Крыніцы інфармацыі: драматычная паэма “Чорная панна Нясвіжа” А.Дударава, інтэрнэт-рэсурсы.

Яўген ЕСІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра,
член клуба “Крыштальны журавель”.