У музей, на сустрэчу з мінулым

- 15:35Адукацыйная прастора

На Маларытчыне прайшла пашпартызацыя школьных музеяў, якая праводзілася з мэтай удасканалення іх работы, кантролю за сістэмай уліку і захавання музейных экспанатаў.

На экскурсіі ў музеі Збуражскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

— Школьныя музеі — гэта своеасаблівыя храмы, дзе беражліва захоўваецца гісторыя, якая з’яўляецца трывалым падмуркам для выхавання моладзі, — лі­чыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мікалай Ялоў. — Сёння ў 10 установах адукацыі рэгіёна дзейнічаюць 10 музеяў: у сярэдняй школе № 2 Маларыты (гістарычны музей “Патрыёт”), Маларыцкай раённай гімназіі (краязнаўчы музей “Спадчына”), Збуражскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе (гістарычны музей), Мельніцкай базавай школе (краязнаўчы музей баявой і працоўнай славы), Арэхаўскай сярэдняй школе (літаратурна-краязнаўчы музей), сярэдняй школе № 1 Маларыты, Пажэжынскай базавай школе, Радзежскай, Олтушскай і Вялікарыцкай сярэдніх школах (гісторыка-краязнаўчыя музеі). Акрамя таго, у Лукаўскай сярэдняй школе аформлены музейны гістарычны куток.

Першы музей ва ўстановах адукацыі Маларытчыны быў адкрыты ў 1977 годзе ў тагачаснай Пажэжынскай сярэдняй школе. Апошні па часе адкрыцця — музей Збуражскага дзіцячага сада — сярэдняй школы (2008 год).

Пашпартызацыя паказала, што больш за ўсё экспанатаў асноўнага фонду зарэгістравана ў музеях Арэхаўскай сярэдняй школы (1608), сярэдняй школы № 2 Маларыты (1498), Радзежскай (740) і Олтуш­скай (690) сярэдніх школ.

У музеях устаноў адукацыі праводзяцца ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, сустрэчы. Мікалай Ялоў лічыць, што школьныя музеі адыгрываюць важную ролю ў арганізацыі шостага дня і канікул.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.