У нагу з часам і на перспектыву

- 12:18Навіны рэгіёнаў

Гэтыя словы вызначаюць дзейнасць педагогаў гімназіі № 5 Баранавіч, дзе пад кіраўніцтвам неўтаймоўнага дырэктара Таццяны Іванаўны Шастак актыўна ўкараняюць у работу ўстановы смелыя ідэі і цікавыя задумы. І дасягаюць у гэтым добрых вынікаў. “Настаўніцкая газета” папрасіла кіраўніка гімназіі расказаць пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў ёй, дасягненні і сакрэты поспеху.

— Ці ўяўлялі вы калі-небудзь, што звяжаце прафесійную дзейнасць з педагогікай і станеце кіраўніком установы адукацыі?

— У трох пакаленнях маёй сям’і былі педагогі, таму нядзіўна, што стаць настаўніцай хацела з дзяцінства. Вельмі любіла назіраць за тым, як маці, настаўніца рускай мовы і літаратуры, правярала дыктоўкі, сустракалася з вучнямі. Настаўніцкая атмасфера ў доме зачароўвала. Выбраўшы педагогіку, ні разу не пашкадавала. А з часам пераканалася, што настаўніцкая прафесія — гэта прызванне. Пра кіраўніцкія пасады ніколі не марыла. Заўсёды імкнулася быць вельмі дасведчаным педагогам. У прафесійным станаўленні прайшла ўсе прыступкі развіцця — ад настаўніцы, выкладчыцы каледжа і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце да дырэктара гімназіі, якім працую з 2009 года.

— Без працаздольнага, высокапрафесійнага і дружнага калектыву немагчыма ўявіць паспяховую работу кіраўніка ўстановы адукацыі ў цэлым. На каго вы абапіраецеся ў сваёй дзейнасці?

— Каля 40% сённяшніх настаўнікаў стаялі ля вытокаў стварэння гімназіі. Усе педагогі ўстановы ідуць у нагу з часам, без чаго немагчыма паспяховае развіццё: актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, коўч- і стэм-тэхналогіі, вынікова ўдзельнічаюць у канферэнцыях, турнірах і конкурсах. Амаль 90% настаўнікаў з нашай дружнай каманды прафесіяналаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

У кожнага члена педкалектыву асаблівае месца. Як кіраўнік лічу, што трэба ўласным прыкладам паказваць падначаленым эфектыўны вынік сваёй дзейнасці. Ад ініцыятыўнасці кіраўніка, яго адданасці справе і зацікаўленасці ў развіцці ўстановы залежыць, якой яна будзе ў перспектыве. Калі сёння думаць так, як учора, то мы страцім заўтра. Ад гэтага адштурхоўваюся ў сваёй рабоце.

У паспяховым вырашэнні многіх задач дапамагае каманда аднадумцаў з ліку намеснікаў Маргарыты Сяргееўны Волчак, Рымы Іванаўны Леванеўскай, Алены Канстанцінаўны Емяльянчык і Ірыны Іванаўны Петручэні, а таксама 88 педагогаў. Маладыя настаўнікі, якія прыходзяць у гімназію, адразу ўключаюцца ў актыўную дзейнасць. Галоўнае — стварыць умовы для іх крэатыўнага развіцця. Так, настаўнік фізікі Андрэй Канстанцінавіч Любас, які прыйшоў у гімназію толькі ў 2014 годзе, ужо зарэкамендаваў сябе як педагог-наватар. Ён з’яўляецца аўтарам цікавых сучасных праектаў, кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Асновы робататэхнікі і радыёэлектронікі” і загадчыкам міні-смарт-тэхнапарка. Дзеці з задавальненнем наведваюць заняткі гэтага педагога.

У нашай гімназіі шмат творчых педагогаў. Пра кожнага настаўніка можна расказваць вельмі доўга. Кожны ўносіць важкі ўклад у развіццё ўстановы.

Нядаўна ў гімназіі было створана навуковае таварыства настаўнікаў “Саюз навук”, куды ўвайшлі дырэктар, намеснік па вучэбнай рабоце А.К.Емяльянчык, настаўнік фізікі А.К.Любас, настаўніца біялогіі Дар’я Канстанцінаўна Грышчук, настаўніца інфарматыкі Святлана Аляксандраўна Кісялёва і настаўніца англійскай мовы Аліна Віктараўна Коўтун. Група гэтых творчых педагогаў, якія валодаюць сучаснымі ведамі ў галіне нанабіятэхналогій, будзе, абапіраючыся на навуковыя распрацоўкі замежных навукоўцаў, ствараць арганічныя святлодыёдныя пласціны. Гэтая работа звязана з глыбокім вывучэннем інжынерыі, праграмавання і біялагічных працэсаў.

— Сучасная ўстанова адукацыі павінна быць канкурэнтаздольнай на рынку адукацыйных паслуг. Для гэтага трэба прапаноўваць іх спажыўцам тое, чаго няма ў іншых. Чым можа пахваліцца менавіта ваша ўстанова?

— Наша гімназія з’яўляецца адкрывальнікам і эксперыментатарам у многіх перспектыўных напрамках дзейнасці. Так, мы паспяхова ўкаранілі дыстанцыйнае навучанне, уласцівае, як вядома, установам вышэйшай адукацыі. Настаўнікі распрацоўваюць вучэбныя модулі па рускай, беларускай і англійскай мовах, гісторыі, грамадазнаўстве і геаграфіі.

Вялікая ўвага ўдзяляецца энергазберажэнню. Так, на даху гімназіі ўстаноўлены 4 (пакуль што) сонечныя батарэі, якія ўяўляюць сабой міні-электрастанцыю, што сілкуе два класы.

Ва ўстанове актыўна развіваецца тэхнічная творчасць вучняў, якая ўключае мабільную робататэхніку, альтэрнатыўную энергетыку, 3D-мадэляванне і друк, а таксама фізічную радыёэлектроніку. На аснове гэтых напрамкаў адкрыты гімназічны SMARTTehnoPark, створаны з мэтай іх бесперапыннага развіцця, прычым да экспертнага ўзроўню з перспектывай рэсурснага цэнтра. Так, мабільная робататэхніка рэалізоўваецца на аснове дзвюх апаратных платформ — Lego Mindstorms Educationev 3 і Arduino. 3D-прынтар дазваляе друкаваць мадэлі і запчасткі для розных праектаў. Адметна, што тэхнапарк можа быць цалкам аўтаномным за кошт уласнай сонечнай электрастанцыі. Адным з актуальных напрамкаў работы з’яўляецца асваенне штучнага інтэлекту. Педагогі і вучні працуюць над стварэннем робата-андроіда. Важна, што некаторыя гімназічныя праекты атрымалі экспертную ацэнку і заслужаныя ўзнагароды ад Камітэта па навуцы і тэхналогіях, Беларускага інавацыйнага фонду, дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі і БНТУ.

На працягу 8 гадоў гімназія з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай. Так, сёння педагогі рэалізоўваюць інавацыйны праект па ўкараненні кампетэнтнасна арыентаванай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі.

Што тычыцца традыцый, то ў нашай гімназіі новыя традыцыі не замяняюць старыя, а гарманічна дапаўняюць іх, робячы жыццё больш яркім і насычаным. Так, мы пачалі праводзіць урачыстыя ўзнагароджванні дзяцей па выніках вучэбнай дзейнасці. Падчас мерапрыемства “Па працы і гонар” ніводны гімназіст, які ўнёс пэўны ўклад у развіццё ўстановы, не застаецца незаўважаным. Бацькі і дзеці заўсёды з вялікім нецярпеннем чакаюць гэтае свята.

Адной з новых традыцый стала правядзенне алімпійскіх дзён. Даволі цікава праходзяць суботнія мерапрыемствы.

Гімназія актыўна супрацоўнічае з айчыннымі УВА. Так, заключаны дамовы аб супрацоўніцтве з рознымі кафедрамі БДУ. Выкладчыкі ўніверсітэта прыязджаюць у гімназію, дзе пашыраюць веды вучняў па геаграфіі і матэматыцы. Юныя аматары фізікі рэгулярна бываюць у лабараторыі фізікі БДУ. Акрамя таго, вучні два разы ў месяц па суботах наведваюць школу алімпійскага рэзерву па матэматыцы пры БДУ.

Гімназія з’яўляецца філіялам кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі АПА і кафедры германскіх моў БарДУ.

— Спыніце, калі ласка, увагу на дзейнасці гімназічнага медыяцэнтра.

— Мы ўпэўнены, што навучанне — гэта не проста перадача ведаў, а найперш цікавае, насычанае і карыснае жыццё дзяцей у гімназіі. Сучасныя СМІ з’яўляюцца адным з важных спосабаў уздзеяння на свядомасць, асабліва моладзі, паколькі менавіта іх свядомасць лягчэй паддаецца як пазітыўнаму, так і негатыўнаму ўплыву.

Гімназічныя СМІ (газеты “Піянерская праўда” і “Гімназічны веснік”, тэлепраграма “Навіны гімназіі” і сайт) аб’яднаны ў медыяцэнтр, задача якога — інфармаваць удзельнікаў адукацыйнага працэсу пра дзейнасць дзіцячых аб’яднанняў і выхаваўчыя мерапрыемствы, фарміраваць у вучняў актыўную жыццёвую пазіцыю, высокія грамадзянска-патрыятычныя ідэі і маральныя каштоўнасці.

Уласнымі тэленавінамі могуць пахваліцца не ўсе ўстановы адукацыі. Перадача “Навіны гімназіі” — гэта своеасаблівы тэлевізійны дзённік, які выходзіць адзін раз у чвэрць. Ён уключае некалькі пастаянных і перыядычных (актуальных для пэўнага часу) рубрык, якія рыхтуюць гімназічныя грамадскія аб’яднанні: “Піянерскі дайджэст”, “НОС” (навіны органаў самакіравання), “Карусель” (навіны з жыцця пачатковых класаў), “Вакол спорту”, “Тэрыторыя ІКС” і інш. Тэленавіны моцна ўплываюць на фарміраванне асобасных якасцей гімназістаў, выхоўваюць у іх пачуццё гордасці за сваю ўстанову адукацыі, родны горад і краіну, скіроўваюць да стваральнай дзейнасці.

— Ваша гімназія вядомая высокімі дасягненнямі ў розных напрамках вучэбнай і прафесійнай дзейнасці. Раскажыце пра іх больш падрабязна.

— На рахунку нашых выхаванцаў шмат узнагарод, атрыманых па выніках шэрагу мерапрыемстваў. Так, штогод гімназісты паспяхова ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх конкурсах “ТэхнаІнтэлект”, “Энергамарафон”, “Энергія і асяроддзе пражывання”, JuniorSkills і інш.

За апошнія 5 гадоў вучні атрымалі 136 дыпломаў па выніках гарадскога, 65 дыпломаў па выніках абласнога і 12 дыпломаў па выніках заключнага этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Не менш паспяхова гімназісты ўдзельнічаюць і ў навукова-практычных канферэнцыях: 65, 26 і 10 дыпломаў адпаведна. Добрыя вынікі вучні паказваюць і ў такіх міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, як “Сахараўскія чытанні” ў Санкт-Пецярбургу (5 дыпломаў), “Ламаносаўскія чытанні” ў Маскве (5 дыпломаў), “Патэнцыял” у Маскве (5 дыпломаў) і “Калмагораўскія чытанні” ў Маскве (4 дыпломы). Рэспубліканскія конкурсы “Энергамарафон” і “Энергія і асяроддзе пражывання” прынеслі вучням 12 і 15 дыпломаў адпаведна.

Прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў узнагароджаны 16 гімназістаў. На рахунку нашых вучняў 6 стабальных вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай і беларускай мовах, матэматыцы, фізіцы і біялогіі.

94% сёлетніх выпускнікоў паступілі ва УВА, прычым пераважна на бюджэтную форму навучання. Па выніках сёлетняга ЦТ наша гімназія заняла 1-е месца ў горадзе сярод іншых устаноў адукацыі. Мы ганарымся сваімі выпускнікамі, якія становяцца ўрачамі, настаўнікамі, кіраўнікамі і вядучымі спецыялістамі буйных кампаній.

Высокімі дасягненнямі могуць пахваліцца і педагогі. Так, па выніках мінулагодняга Міжнароднага фестывалю прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці” настаўнік фізікі Андрэй Канстанцінавіч Любас атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі “Праектная ці даследчая дзейнасць вучняў”.

У штогадовых аглядах-конкурсах па добраўпарадкаванні гімназія займае прызавыя месцы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.