У нагу з часам

- 11:56Актуально, Апошнія запісы

Пасяджэнню калегіі Міністэрства адукацыі папярэднічала выстава інавацыйных праектаў устаноў адукацыі краіны. Стэндавыя экспазіцыі, што разгарнуліся ў фае Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, стракацелі разнастайным афармленнем. Адзінае, што аб’ядноўвала амаль усіх іх, — выкарыстанне для дэманстрацыі дасягненняў сучасных электронных гаджэтаў: планшэтаў, смартфонаў, інтэрактыўных дошак, ВК-тэлевізараў, лічбавых датчыкаў… А як інакш? Электронныя сродкі навучання ўжо даўно не даніна модзе, а штодзённыя памочнікі настаўнікаў і навучэнцаў.

2014/2015 навучальны год быў аб’яўлены на Гомельшчыне Годам інфарматызацыі сістэмы адукацыі. Менавіта таму ўстановамі адукацыі вобласці на выставе быў прадстаўлены шэраг інавацый у адукацыйным працэсе. У асноўным гэта былі электронныя сродкі навучання, якія атрымалі прызнанне не толькі ў Гомельскай вобласці, але і ва ўсёй краіне. Сярод іх інтэрнэт-партал “Вэб-школа” — пераможца Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у 2014 годзе, рэкамендаваны да выкарыстання Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
“Вэб-школа” — гэта ўніверсальнае інтэрактыўнае асяроддзе падтрымкі адукацыйнага працэсу ў школах Беларусі. Мэтай распрацоўкі праекта з’яўляецца прадастаўленне магчымасці педагогам краіны сумесна стварыць адкрытую базу інтэрактыўных заданняў па прадметах школьнай праграмы. Большасць заданняў мае магчымасць аўтаматычнага ацэньвання з вядзеннем электроннага журнала. Магчымы зносіны праз унутраную пошту настаўнікаў з навучэнцамі, а таксама навучэнцаў паміж сабой. Для педагогаў прадугледжана магчымасць правядзення дыстанцыйных семінараў. Унікальным праект робіць магчымасць выконваць алгарытмы на мове Паскаль унутры праекта, рашэнне задач па фізіцы і хіміі ў звычным выглядзе, просты і інтуітыўна зразумелы ўвод формул. Праект дазваляе навучэнцам выконваць інтэрактыўныя заданні розных тыпаў па прадметах школьнай праграмы. Усе заданні максімальна адаптаваны да кожнага асобнага прадмета і аб’яднаны ва ўтульнае і простае для школьнікаў асяроддзе. Магчымасці выкарыстання: устаўка прапушчаных сімвалаў (літар, слоў), тэставыя заданні пяці тыпаў, складанне рашэнняў задач, алгарытмаў, гістарычных паслядоўнасцей, выпраўленне памылак у тэкстах, формулах, напісанне сачыненняў, перакладаў, выкананне алгарытмаў адразу ў інтэрактыўным асяроддзі. Праект адаптаваны да інтэрактыўнай дошкі.
— Гэты праект уяўляе сабой адкрытую пляцоўку для выканання інтэрактыўных заданняў, каб адпрацоўваць навыкі і ўменні па ўсіх прадметах школьнай праграмы. Інтэрактыўныя заданні прадстаўлены на многіх адукацыйных рэсурсах. Асаблівасцю ж нашага партала з’яўляецца тое, што ўсе заданні максімальна адаптаваны пад усе прадметы школьнай праграмы. Разнастайнасць заданняў і адаптацыя да ўсіх прадметаў дазваляюць прымяніць инфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі на ўроках і пры самастойнай рабоце навучэнцаў. Самае галоўнае — партал з’яўляецца бясплатным для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Настаўнікі могуць дабаўляць свае заданні і карыстацца тымі, што ўжо распрацаваны. Такім чынам, атрымліваецца адкрытая пляцоўка агульнага карыстання. Адрознівае праект і вельмі просты ў выкарыстанні інтэрфейс, зразумелы нават школьніку малодшага ўзросту, — расказвае аўтар праекта настаўнік фізікі Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна Кірыл Аляксандравіч Дземусёў. — Ідэя стварыць падобны праект узнікла падчас работы. Мне на ўроках неабходна было выкарыстоўваць інтэрактыўныя тэхналогіі, і я сутыкнуўся з праблемай, што, напрыклад, па вучэбным прадмеце “Фізіка” заданні прадстаўлены, як правіла, толькі ў тэкставым выглядзе. Кантэнт для фізікі і інфарматыкі рыхтаваў сам, потым далучыліся педагогі па іншых прадметах з нашай школы, потым вобласці, потым сталічныя педагогі і калегі з усёй краіны. Апошняя інавацыя ў гэтым праекце, дабаўленая ў бягучым навучальным годзе, — форма дыстанцыйнага навучання. Ёсць цэлы раздзел, дзе я як педагог магу даць дзецям заданне. Напрыклад, падчас канікул. У нас школа сельская, шмат дзяцей падвозяцца да навучальнай установы на аўтобусе. Каб ім не прыязджаць на дадатковыя заняткі на канікулах на рэйсавым аўтобусе, яны з задавальненнем выконваюць заданні дыстанцыйна. Мае навучэнцы настолькі прывыклі карыстацца гэтым праектам, што цяпер складваецца ўражанне, што яны заўсёды ім карысталіся, яны ўспрымаюць гэты праект як належнае, як неад’емную частку адукацыйнага працэсу. Кожны настаўнік можа абсалютна свабодна выкарыстоўваць заданні, распрацаваныя іншымі педагогамі, ці складаць свае ўласныя комплексы заданняў. Работа з праектам і выкарыстанне заданняў навучэнцамі магчымы ў кабінеце інфарматыкі, пры рабоце на інтэрактыўнай дошцы, LСD тэлевізары, з мультымедыйным праектарам і на планшэтах. Праект даступны ўсім установам адукацыі Беларусі ў інтэрнэце па адрасе http://webshkola.іam.by на рускай і беларускай мовах.
Другі праект, які звярнуў на сябе ўвагу падчас выставы, — “Дапаможнік па гісторыі Беларусі” (для шостых і сёмых класаў). Дапаможнік для 7 класаў у мінулым годзе на конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс па вучэбным прадмеце” заняў ІІІ месца. Пра яго паведаміла аўтар праекта — Вольга Віктараўна Краўчанка, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Рагачова.
— Сённяшняя моладзь разглядае інтэрнэт як асноўную крыніцу інфармацыі і галоўны сродак камунікацыі. Дадзены электронны дапаможнік можна выкарыстоўваць для правядзення вучэбных, факультатыўных і стымулюючых заняткаў пры падрыхтоўцы да алімпіяды, пры вывучэнні і замацаванні ведаў навучэнцаў, падрыхтоўцы да выніковай атэстацыі на ІІІ ступені навучання і здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Унікальнасць праекта заключаецца ў тым, што сярод разнастайнасці крыніц інфармацыі ў інтэрнэце матэрыял дапаможніка адпавядае вучэбнаму дапаможніку для 6 і 7 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Дапаможнік складаецца з трох частак: інфармацыйнай, нагляднай і кантралюючай. Перавагі праекта — зручны інтэрфейс, сістэматызацыя матэрыялу па параграфах, неабходны інструментарый для пашырэння кругагляду, развіццё вобразнай памяці навучэнцаў і арганізацыя самакантролю ведаў. Дзякуючы інтэрактыўнасці праекта, навучэнцы могуць правяраць свае веды як на ўроку, так і дома. Праект адаптаваны як для планшэтаў, смартфонаў, так і для інтэрактыўнай дошкі.
Акрамя таго, у сярэдняй школе № 2 Рагачова рыхтуецца вялікі віртуальны праект па грамадзянска-патрыятычным выхаванні “На сутоцы Дняпра і Друці” (аўтар — навучэнец 10 класа Павел Краўчанка).
— У 2012 годзе Рагачоў адзначыў сваё 870-годдзе. За шматвекавую гісторыю горад уваходзіў у склад розных княстваў, быў арэнай мноства войн, паўстанняў. Насельніцтва раёна было шматнацыянальным і поліканфесіянальным. Цікавы і той факт, што на тэрыторыі Рагачоўскага раёна 77 аб’ектаў знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Сярод гэтых аб’ектаў у 2012 годзе 105 гадоў споўнілася будынку былога рэальнага вучылішча (сучасная сярэдняя школа № 2 Рагачова) і 100 гадоў з моманту асвячэння рымска-каталіцкага касцёла, — расказвае кіраўнік праекта Вольга Віктараўна Краўчанка. — Гэты праект накіраваны на выкананне як пазнавальнай, забаўляльнай, так і камунікатыўнай функцый. Праект з’яўляецца не толькі своеасаблівай кнігай памяці, але і дае магчымасць прадастаўлення велізарнай колькасці інфармацыі, з’яўляецца лёгкім спосабам вывучэння гісторыі роднага краю і гісторыі Беларусі.
Дадзены электронны дапаможнік з’яўляецца вынікам даследчай работы, якая вялася на працягу некалькіх гадоў, па тэме “Спадчына Рагачоўскага раёна”. Упершыню матэрыялы па гісторыі Рагачоўскага раёна сістэматызаваны ў тэматычныя блокі: “Сімволіка”, “Гісторыя”, “Спадчына”, “Рэлігійная сітуацыя”, “Правер свае веды” (рашэнне тэставых заданняў), “Гласарый”, “Цікава ведаць” (займальныя факты з жыцця Рагачоўшчыны), “Вядомыя людзі” і інш. Інтэрфейс праекта інтуітыўна зразумелы, што дапамагае карыстальніку выбіраць уласны стыль навучання. Асаблівае месца адведзена ілюстратыўнаму матэрыялу: фота-, відэа-, аўдыяматэрыялы.
Работа ўнікальная тым, што дае магчымасць не толькі атрымаць найбольш поўнае ўяўленне аб жыцці ў Рагачоўскім раёне ў кантэксце гісторыі асноўных падзей Беларусі, чаго не рабілася раней, але і праверыць свае веды па гістрыі роднага краю і стаць удзельнікам праекта.
Маральна састарэламу абсталяванню некаторых школьных лабараторый кінулі выклік стваральнікі праекта “Лічбавая лабараторыя”. Як сцвярджаюць аўтары, аналагаў гэтаму праекту ў краіне няма. Як паведаміў галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Андрэй Віктаравіч Назарчук, з дапамогай “Лічбавай лабараторыі”, якая, па сутнасці, уяўляе сабой сістэму сучасных гаджэтаў (планшэт, смартфон, лічбавыя датчыкі), праводзіцца шэраг практычных доследаў на ўроках біялогіі, фізікі і хіміі. Адзін з самых элементарных з іх — дэманстрацыя выпраменьвання ад мабільнага тэлефона — быў прадэманстраваны падчас выставы прама на стэндзе. Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы падтрымцы спонсараў навучальных устаноў, якія на працягу двух гадоў клапоцяцца аб адораных навучэнцах раёна і стараюцца ўсяляк спрыяць развіццю іх здольнасцей. “Гэтым комплексам карыстаюцца ўжо ў некалькіх школах Рагачоўскага раёна. Дзякуючы ў тым ліку і ўкараненню “Лічбавай лабараторыі” ў практыку работы, у нас з’явіліся прызёры абласных прадметных алімпіяд, якіх у найбліжэйшы час чакае ўдзел у рэспубліканскім этапе”, — падсумоўвае Андрэй Віктаравіч.
Гомельскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі прадставіў на выставе “Электронны каталог”. Пра яго нам паведаміла яго аўтар Святлана Барысаўна Скакун, загадчыца адзела камп’ютарнай тэхнікі і праграміравання палаца. Каталог уключае шэсць раздзелаў: “Навучальныя праграмы, прэзентацыі”, “Дэманстрацыйныя праграмы” (прэзентацыі па відах творчасці), “Праграмныя сродкі-трэнажоры” (матэрыялы абласнога дыстанцыйнага семінара для маладых педагогаў дадатковай адукацыі і метадыстаў цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі), “Інфармацыйна-пошукавыя і даведачныя сродкі”, “Вучэбна-гульнявыя сродкі” (медыяазбука), “Праграмныя сродкі для правядзення вольнага часу”.
— Карыстаюцца гэтым каталогам не толькі педагогі цэнтра, але і дзеці. Асаблівасцю, напрыклад, апошняга раздзела з’яўляецца створаная гульня “Свет камбайнаў”, — гаворыць Святлана Барысаўна. — Усе ведаюць пра гульню “Свет танкаў”. Як кіраўнік праекта, я вырашыла стварыць гульню мірнай тэматыкі. Пасыл — не трэба ваяваць, хопіць страляць, давайце жыць мірна, дружна. Хачу адзначыць таксама і тое, што многія матэрыялы, якія ўваходзяць у электронны каталог, з’яўляюцца прызёрамі і пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Сярод іх можна адзначыць “Інфармацыйны дадатак для вывучэння гісторыі Першай сусветнай вайны на беларускай зямлі” і “Вандроўка ў свет англійскай мовы”.
Яшчэ адзін праект, які выклікаў цікавасць наведвальнікаў і быў прэзентаваны міністру адукацыі Міхаілу Жураўкову і віцэ-прэм’еру Наталлі Качанавай, створаны “Беларусбанкам” сумесна з Цэнтрам сістэм ідэнтыфікацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яны распрацавалі і прадставілі ўнікальны для нашай краіны прадукт — “карту навучэнца”.
Дадзеная карта прызначана для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўяўляе сабой комплексны інструмент, які сумяшчае ў сабе функцыі банкаўскай аплатнай карткі і ўніверсальнага электроннага дакумента, які дазваляе выкарыстоўваць картку як электронны пропуск або электронны ключ па ўліку часу. “Карта навучэнца” забяспечана магнітнай паласой, унікальным штрых-кодам, убудаваным бескантактным чыпам і фотаздымкам уласніка.
З дапамогай “карты навучэнца” школьнікі могуць разлічвацца ў школьных сталовых, буфетах, магазінах, што, несумненна, будзе спрыяць, па меркаванні аўтараў праекта, павышэнню фінансавай граматнасці дзяцей з самага ранняга ўзросту.
Па жаданні бацькоў, па “карце навучэнца” можа быць устаноўлена забарона на зняцце наяўных грашовых сродкаў. Бацькі таксама могуць кантраляваць выдаткі па “карце навучэнца” з дапамогай зручных сэрвісаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання “інтэрнэт-банкінг”, “м-банкінг”. “Карта навучэнца” афармляецца ў якасці дадатковай да рахунку аднаго з бацькоў. У выпадку, калі дзіця дасягнула 14-гадовага ўзросту і ў яго ёсць дакумент, які сведчыць асобу, картка таксама можа быць аформлена з асобным рахункам. А функцыя электроннага пропуску спрашчае маніторынг наведвання школьных заняткаў вучнямі, а таксама дазваляе апавяшчаць бацькоў з дапамогай SMS-паведамленняў пра дакладны час прыходу/сыходу дзіцяці ў школу і са школы, пра ўсе выпадкі спазненняў і прагулаў. Акрамя гэтага, “карту навучэнца” можна выкарыстоў-ваць як электронны ключ па ўліку часу работы, напрыклад, у камп’ютарных класах. У перспектыве такую картку можна будзе выкарыстоўваць у якасці праязнога дакумента ў гарадскім пасажырскім транспарце, чытацкага білета ў бібліятэках горада, пропуску ў сацыяльна-культурныя аб’екты і інш. Сёння “карта навучэнца” праходзіць апрабацыю на базе некалькіх сталічных школ.

Марына ДЗМІТРЫЕВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.