У напрамку прафесійнага росту і творчага пошуку

Сістэма адукацыі Маскоўскага раёна Брэста знаходзіцца ў пастаянным дынамічным развіцці: пераглядаецца змест адукацыі, удасканальваецца сістэма ацэнкі вучэбных дасягненняў навучэнцаў, карэкціруюцца формы дыферэнцыяцыі навучання, распрацоўваюцца новыя адукацыйныя мадэлі арганізацыі здароўезберажэння, — расказвае госць нашай “Суботняй планёркі” начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста Віталь Канстанцінавіч ШЧЭРБА.

— Для нашых устаноў адукацыі інавацыйная дзейнасць выступае адным з істотных кампанентаў развіцця, вызначае напрамкі прафесійнага росту і творчага пошуку педагогаў, рэальна ўплывае на асобасны рост навучэнцаў.

У нашым раёне склалася свая інавацыйная прастора. Установы адукацыі раёна актыўна ўключаюцца ў эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць.

Усяго ў эксперыменце задзейнічаны 4 установы адукацыі горада: яслі-сад № 44, сярэднія школы №№ 14 і № 28, ліцэй № 1 імя А.С.Пушкіна. У інавацыйных праектах удзельнічаюць 15 устаноў адукацыі раёна. Інавацыі дапамагаюць раскрыць унутраны патэнцыял не толькі ўстановы, але і навучэнцаў і педагогаў. Педагогі, задзейнічаныя ў інавацыі, заўсёды працуюць на апярэджанне. Лічу, што інавацыя — гэта матывацыя, унутраная і знешняя. Удзел у інавацыйнай дзейнасці дазваляе трымаць педагогаў у прафесійным тонусе.

— Віталь Канстанцінавіч, пачалася трэцяя чвэрць навучальнага года. А як адпачылі школьнікі на зімовых канікулах?

— Зімовае аздараўленне ў раёне было накіравана на стварэнне добрага настрою ў дзяцей, далучэнне да цікавых спраў, таму ўся работа была творчай, непаўторнай, кожны дзень — яркім і насычаным. Для выхаванцаў арганізоўваліся гульнявыя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы, віктарыны, конкурсы, экскурсіі.

У перыяд зімовых канікул у школах, гімназіях, вучэбна-педагагічных комплексах у актыўным аздараўленчым адпачынку было задзейнічана 1491 дзіця. Ва ўстановах адукацыі раёна ў рамках акцыі “Карысныя канікулы” прайшлі рэгіянальныя спаборніцтвы па рухавых і спартыўных гульнях: калядны турнір па валейболе сярод гімназій і ліцэяў Брэста, гарадскі дзіцяча-юнацкі турнір па футболе “Кубак Меркурыя 2018” на прызы Брэсцкай мытні, рэгіянальныя спаборніцтвы па рухавых гульнях “Вас выклікае Спартландыя” і інш.

— Як арганізавана ў раёне профільнае навучанне? Як наладжана прафесійная падрыхтоўка школьнікаў у рамках прадмета “Працоўнае навучанне”?

— Ва ўстановах адукацыі створаны ўсе ўмовы для задавальнення запытаў навучэнцаў: адкрыты ваенна-патрыятычныя класы, класы прафесійнай накіраванасці з МНС, кадэцкія і мытныя класы, спартыўнай накіраванасці, з музычным, мастацкім і тэатральным напрамкамі, арганізавана паглыбленае вывучэнне нямецкай мовы ў сярэдняй школе № 7, французскай — у сярэдняй школе № 15. У раёне таксама наладжана вывучэнне кітайскай мовы ў сярэдніх школах №№ 7, 28, дзіцячым садзе — пачатковай школе № 1.

У 22 установах адукацыі арганізавана профільнае навучанне па фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, філалагічным, грамадазнаўчым (з павышаным вывучэннем грамадазнаўства і замежных моў) напрамках. Дзейнічаюць профільныя класы або групы з іншым спалучэннем прадметаў, якія вывучаюцца на павышаным узроўні: беларуская мова і матэматыка; руская мова і матэматыка; замежныя мовы і матэматыка і інш.

Працягваецца работа двух профільных педагагічных класаў і адной групы (11 клас) у сярэдніх школах № № 7, 30 і № 10 з павышаным вывучэннем рускай мовы і гісторыі Беларусі. Усяго профільным навучаннем ахоплена 873 (57,3%) навучэнцы 10-х класаў і 890 (56%) навучэнцаў 11-х класаў. На базе 8 устаноў адукацыі па ўсіх вучэбных прадметах арганізавана работа міжшкольных факультатываў.

Ва ўстановах адукацыі раёна наладжана прафесійная падрыхтоўка школьнікаў у рамках прадмета “Працоўнае навучанне”. Усяго 582 навучэнцы вывучаюць вучэбны прадмет на базавым узроўні. 568 школьнікаў навучаюцца па прафесіях. Прычым навучанне арганізавана па ўсіх трох мадэлях.

— Ці адчуваеце дэфіцыт месцаў у дзіцячых дашкольных установах? Як вырашаеце гэтую праблему?

— Упраўленне па адукацыі можа ў поўнай меры задаволіць патрэбы ў дашкольнай адукацыі дзяцей ва ўзросце з 3 да 6 гадоў, але не ў крокавай даступнасці ад месца пражывання. Існуе праблема ўладкавання дзяцей ва ўстанову дашкольнай адукацыі непасрэдна па месцы жыхарства ў жылых мікрараёнах і ў мікрараёнах-новабудоўлях, дзе ідзе інтэнсіўнае будаўніцтва. Бацькам з гэтых мікрараёнаў прапануюцца месцы ва ўстановах дашкольнай адукацыі, размешчаных у межах пешаходнага руху, або за некалькі прыпынкаў ад месца жыхарства.

Станоўчая дынаміка ў выкананні нарматыву забяспечанасці дзяцей дашкольнага ўзросту месцамі ў садках гаворыць аб эфектыўнасці мер, якія прымаюцца. У адпаведнасці з распараджэннем прэзідэнта вядзецца будаўніцтва ясляў-сада — пачатковай школы на 471 месца, з іх 150 месцаў — для дзяцей дашкольнага ўзросту, у мікрараёне ПУМР-4. Плануецца ў 2019 годзе пераабсталяванне памяшканняў цэнтралізаванай бухгалтэрыі ўпраўлення па адукацыі яслі-сад № 39 пад 5 груп для дзяцей дашкольнага ўзросту (да 95 месцаў).

У мікрараёне ПЗМР-2 з 1 верасня 2018 года адкрыты яслі-сад № 7. Крокавая даступнасць забяспечана 400 выхаванцам. З 1 верасня дадаткова адкрыты 3 групы (44 месцы) для дзяцей дашкольнага ўзросту. Дадатковыя групы адкрыты за кошт вываду гарадскога рэсурснага вылічальнага цэнтра, а таксама 1-х класаў.

У раёне ўкараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі. У мінулым навучальным годзе працавалі 122 адаптацыйныя групы і 7 матчыных школ. Ахоп дзяцей склаў 790 чалавек (на 75 дзяцей больш за 2017 год).

— Якая роля, на ваш погляд, адводзіцца педагагічнай прэсе ў прафесійным росце педагогаў?

— Педагагічная прэса ў прафесійным росце педагогаў мае вельмі важнае значэнне. У раёне наладжана ведамасная і індывідуальная падпіска на “Настаўніцкую газету”, “Веснік адукацыі”, “Адукацыю і выхаванне”, “Народную асвету”, а таксама ўсе рэспубліканскія часопісы па прадметных галінах. Важна, што “Настаўніцкая газета” на сваіх старонках асвятляе лепшы вопыт, цікавыя педагагічныя знаходкі, актуальныя распрацоўкі, аб’ядноўвае настаўнікаў-наватараў, энтузіястаў сваёй справы. Актуальныя па тэматыцы матерыялы становяцца вытокамі ідэй для нашых устаноў. На мой погляд, газета сёння — гэта летапіс нашай адукацыі. Мы ўдзячныя ўласнаму карэспандэнту па Брэсцкай вобласці Сяргею Грышкевічу за актыўнае супрацоўніцтва і асвятленне мерапрыемстваў нашага раёна. Цікавыя прэс-туры, арганізаваныя газетай, збліжаюць педагогаў і служаць добрай рэкламнай акцыяй газеты. Хочацца бачыць на старонках і крытычныя матэрыялы, якія выкрываюць праблемы адукацыі.

— Віталь Канстанцінавіч, якія праблемы хвалююць вас як кіраўніка сёння? Якія задачы ставіце на перспектыву?

— Пачатак новага года — гэта час падлікаў, пераразмеркаванняў і надзей на тое, што новы фінансавы год дазволіць рэалізаваць больш планаў. Ва ўстановах адукацыі будзе праведзена работа па капітальным рамонце харчаблокаў з мадэрнізацыяй. З 1 верасня 2019 года рыхтуемся да перадачы функцый па арганізацыі харчавання ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі (цяпер гэта выконвае камбінат грамадскага харчавання).

Працуем над пытаннем па падрыхтоўцы дакументацыі па будаўніцтве ўбудавана-прыбудаванага дзіцячага садка ў шматкватэрным доме ў Зарэчнай частцы горада. Вялікія работы вядуцца па адкрыцці сёлета сярэдняй школы з блокам пачатковых класаў на 1480 месцаў у ПЗМР-2 і сада-школы на 471 месца ў ПУМР-4. Вядуцца таксама работы па падрыхтоўцы да летняга аздараўлення.

Галоўнай задачай педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі застаецца работа па павышэнні якасці адукацыі, увядзенні актыўных форм метадычнай работы з педагогамі. Шмат увагі ўдзяляецца кадравым пытанням: павышэнню кваліфікацыйных катэгорый, рабоце з маладымі спецыялістамі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.