“У нас багацейшая кніжная спадчына”

Алесь Суша — намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, член камісіі пры Савеце Міністраў па выяўленні і вяртанні нацыянальных культурных каштоўнасцей, кандыдат культуралогіі, адзін з арганізатараў штогадовых міжнародных кангрэсаў бібліятэкараў і кнігазнаўчых чытанняў, двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду і атрымальнік гранта Прэзідэнта Беларусі, а таксама ўладальнік звання “Чалавек года ў сферы культуры” і аўтар больш як 450 навуковых прац,  у тым ліку дзесяці  манаграфій. А яшчэ Алесь Аляксандравіч — даследчык, чыё імя асацыіруецца з вывучэннем і ўзнаўленнем культурнай спадчыны Беларусі, бо ён як ніхто іншы ведае, якім чынам адносіцца да кніжных помнікаў і як захаваць іх на стагоддзі.

— Алесь Аляксандравіч, вы ўжо 15 гадоў працуеце ў Нацыянальнай бібліятэцы. А якім быў ваш шлях у “алмаз ведаў”?

— Спачатку я стаў чытачом бібліятэкі. У той час звычайна ў Нацбібліятэку запісвалі на 3 курсе ўніверсітэта, а я вельмі хацеў трапіць у яе яшчэ школьнікам, бо з дзяцінст­ва цягнуўся да ведаў і быў даволі актыўным чытачом многіх сталічных бібліятэк: школьнай і раённай, Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы і Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна. Але я разумеў, што Нацбібліятэка мае куды больш кніжных скарбаў. А таму пасля 7 класа вырашыў любым шляхам стаць яе чытачом: сядзеў ля кабінета дырэктара бібліятэкі, прыносіў хадайніцтвы, пакуль не дабіўся свайго. Як раней, так і зараз любога чалавека ў індывідуальным парадку могуць запісаць у бібліятэку ў больш маладым узросце, калі ў гэтым ёсць навуковая ці адукацыйная неабходнасць.

Памятаю, як падчас навучання ў ліцэі Нацбібліятэка стала для мяне галоўным месцам, дзе я шукаў неабходную інфармацыю. І на той час я абсалютна дакладна змог пераканацца ў тым, што гэта найлепшае сховішча бясконца вялікага аб’ёму інфармацыі, якая дасць адказы на ўсе мае пытанні. У студэнцкія гады я пачаў даволі актыўна карыстацца фондамі бібліятэкі для напісання навуковых прац, з якімі паспяхова ўдзельнічаў у рэспубліканскіх конкурсах.

У 2004 годзе супрацоўнікі аддзела рэдкай кнігі, які я рэгулярна наведваў, прапанавалі мне працу на палову стаўкі, а з пачатку 2005-га — на поўную. Калі шчыра, то я ніколі не планаваў станавіцца бібліятэкарам і дагэтуль не маю бібліятэчнай адукацыі. Па першай адукацыі я культуролаг, і, калі працаваў над дысертацыяй, для мяне стала шчырым здзіўленнем, што кніжная спадчына Беларусі вельмі слаба даследавана. Пра іканапіс, скульптуру, архітэктуру, літаратуру і музыку ХVII—XVIII стст. было шмат напісана манаграфій, даследаванняў, а пра кніжную спадчыну — адзінкавыя і вельмі фрагментарныя публікацыі. Вось так я і пачаў даследаваць гэтую тэму, чым займаюся і сёння.

“Мая задача — паказаць, што нам ёсць чым ганарыцца”.

— Памятаеце, якім было ваша першае заданне ў аддзеле рэдкай кнігі?

— Так, яно было звязана з паштоўкамі. У 2004 годзе гэта была сумесная работа некалькіх аддзелаў, якія паспрабавалі сабраць, апі­саць і стварыць электроннае выданне калекцыі паштовак са збораў Нацбібліятэкі. На той час гэта было адно з першых электронных выданняў, выпушчаных установамі культуры Беларусі, і мне прыемна было мець да яго дачыненне. Мы рабілі абсалютна ўсё самі: ад ідэі да формы, праграмавання, кантэнту, стварэння тэхнічных файлаў. Гэта было вельмі цікава, бо мы апрацавалі масіў дарэвалюцыйных паштовак і адшукалі тыя, што тычацца нашых земляў і населеных пунктаў, алічбавалі іх і прадставілі ў электронным выгля­дзе. А для мяне такая праца пасля перарасла ў дыпломную, якую я і прысвяціў беларускай паштоўцы, яе гісторыі і сучаснасці. Гэты праект паказаў, што бібліятэка можа займацца такімі незвычайнымі ініцыятывамі. Пазней усе тыя напрацоўкі і матэрыялы леглі ў аснову электроннай калекцыі, з якой любы жадаючы можа пазнаёміцца праз нашу электронную бібліятэку. Дарэчы, сёння наша бібліятэка ў сваім электронным каталогу мае звыш паўмільёна лічбавых копій, сярод якіх каштоўныя калекцыі рукапісаў, архіўных дакументаў, старых друкаваных рэдкіх выданняў.

— Так вы сталі супрацоўнікам Нацбібліятэкі. Але на гэтым ваша адукацыя не скончылася і ў наступныя гады вы атрымалі яшчэ дзве.

— Усё жыццё, колькі сябе памятаю, я вучуся. Прызнацца, у школе я доўга не мог вызначыцца з прафесіяй і з тым, куды пайсці вучыцца. Я выбіраў паміж культурай, эканомікай і інфармацыйнымі тэхналогіямі, нават рыхтаваўся да паступлення ў БДУІР, таксама думаў пра эканамічны ўніверсітэт. Аднак змог знайсці такую спецыяльнасць, дзе было ўсё разам, — культуролаг-менеджар. І першую адукацыю атрымаў у БДУКМ па спецыяльнасці “Культуралогія” з кваліфікацыяй “інфармацыйныя сістэмы ў культуры”. Мая першасная задача была дапамагаць знаходзіць паразуменне і рэалізоўваць розныя праекты тэхнічным спецыялістам і работнікам устаноў культуры. Але, як аказалася, мне не хапіла такога комплекснага падыходу, і праз некалькі гадоў я пайшоў вучыцца ў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы БДУ на спецыяльнасць “Культуралогія”. Гэта быў свядомы выбар, бо ў нас існуюць розныя школы культуралогіі, і я вырашыў удасканаліць свае веды і паглядзець на культуралогію крыху іначай, чым мяне вучылі дагэтуль.

Трэцюю адукацыю атрымаў крыху больш як год назад у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у Інстытуце дзяржаўнай службы на спецыяльнасці “Дзяржаўнае будаўніцтва”. Атрыманыя веды дазволілі мне паглядзець па-іншаму на свет вакол мяне, бібліятэку і нашу краіну ў цэлым, зразумець, у якім ключы можна правільна і карэктна развіваць сферу культуры і бібліятэчную галіну. Таму гэта было свядомым рашэннем. Я ўжо меў на той час вучоную ступень кандыдата навук, сёння вучуся ў дактарантуры, што звязана больш з практыкай, чым з навукай.

— Хто з педагогаў найбольш паўплываў на станаўленне вашай асобы?

— Такіх было багата, магу бясконца пералічваць. Але калі трэба выбраць аднаго, то, напэўна, варта назваць маю настаўніцу ў 2—4 класах сярэдняй школы № 190 ва Уруччы, дзе я вучыўся з 1990 года, Алену Леанідаўну Семчанка. Менавіта яна аказала моцны ўплыў на мой характар. Бо калі я ішоў у 2 клас пасля пераезду ў новы раён, то дрэнна чытаў, меў недастатковы набор ведаў, і першыя мае адзнакі былі даволі нізкімі. І тым не менш настаўніца здолела мяне зматываваць і знайсці спосабы зацікавіць мяне навучаннем настолькі, што да завяршэння пачатковай школы я стаў амаль што выдатнікам. А ў далейшым — абсалютным выдатнікам, бо бачыў, што кожны настаўнік можа даць штосьці сваё, і я да гэтага імкнуўся.

— Пасля вы і самі неаднаразова былі выкладчыкам. На ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць сучасны педагог, каб данесці веды да сваіх вучняў?

— Я не прафесійны выкладчык, каб даваць слушныя парады, і не выкладаў у сярэдніх навучальных установах, хоць мы і шмат разоў ладзілі імпрэзы, акцыі і лекцыі ў школах. Але маё меркаванне такое: сёння навучанне адбываецца ў сітуацыі, калі дзеці сталі больш разняволенымі, што з’яўляецца  і плюсам, і мінусам. Цяпер вучні маю ць больш магчымасцей выказ­ваць сваё меркаванне — і гэта здорава, бо калі бу­дзе адсутні­чаць пошукавая рыса, то чалавек не здолее быць канкурэнтаздольным і атрымаць тую адукацыю, якую мог бы.

“Бібліятэка — гэта ў першую чаргу месца захоўвання праўдзівай інфармацыі, на сёння ўжо ў большай ступені электроннай”.

У той жа час з актыўнымі, дапытлівымі і ў нейкай ступені нястры­манымі вучнямі вельмі складана працаваць, бо яны больш патрабавальныя і зацікавіць іх складаней. Настаўніку сёння трэба быць і дасведчаным, і разумным, самаарганізаваным, і яркім, цікаўным, быць на адной хвалі з вучнямі і тэхнічна падкаваным, бо ён павінен арыентавацца ў сучасных тэхналогіях не горш за дзяцей. У той жа час ён павінен быць такім, як і раней, — добрым педагогам і псіхолагам, які будзе не проста мець багаж ведаў, а быць здольным данесці яго да дзяцей. Карацей, патрабаванні да настаўніка выраслі.

— А ці праўда, што вы валодаеце шасцю мовамі?

— Для мяне роднай мовай заў­сёды была беларуская, бо гэта мова маёй матулі, мова, якую я чуў з самага дзяцінства і ад бацькоў, і ад бабуль і дзядуляў. Старабеларускую мову XV—XVIII стст. я таксама цудоўна ведаю — і яна абавязковая для ўсіх кнігазнаўцаў, якія займаюцца вывучэннем кірылічнай кніжнасці на нашых землях.

Другая мова, якую я ведаю не горш, — руская, бо ёй карыстаецца пераважная большасць людзей вакол мяне. Таксама вельмі блізкія і добра знаёмыя англійская, украінская і польская мовы, на якіх я магу спакойна чытаць і камунікаваць. Мовы суседзяў у прынцыпе трэба ведаць, але калі ты з’яўляешся навукоўцам, як я ў галіне беларусістыкі, і ў прыватнасці займаешся кніжнай спадчынай, то не ведаць украінскую ці польскую мову проста немагчыма. А англійская — мова міжнародных канферэнцый і зносін з замежнымі калегамі. Большасць праектаў рэалізоўваецца сёння з дапамогай англамоўных кантактаў, таму гэтую мову абавязкова павінен ведаць любы актыўны навуковец і практык.

Калі неабходна, я магу чытаць і працаваць з крыніцамі на іншых мовах: нямецкай, лацінскай, літоўскай, латышскай і латгальскай. Але я не сказаў бы, што добра валодаю гэтымі мовамі.

— Сёння вы намеснік генеральнага дырэктара Нацбібліятэкі. Як выглядае ваш працоўны дзень, і як вы ўсё паспяваеце?

— Кожны дзень адметны і са сваімі разнастайнымі задачамі. Мой працоўны дзень будуецца ў адпаведнасці з тымі задачамі, якія мяняюцца штогадзінна. Адна з асаблівасцей маёй пасады — гэта неабходнасць пераключацца паміж рознымі задачамі на працягу кароткіх прамежкаў часу. А таму кожны наступны дзень не падобны на папярэдні. Праўда, боль­шасць дзён звязана з працай у бібліятэцы, якая афіцыйна пачынаецца ў 8.30, а заканчваецца ў 17.30. Хоць на самай справе я прачынаюся вельмі рана — а 4-й—5-й гадзіне раніцы. Пакуль усе спяць, можна сканцэнтравацца на навуковых пошуках, ідэях і даследаваннях. Потым з маім сынам-другакласнікам мы пешшу ідзём праз лес у школу, заўважаючы хараство і змены ў наваколлі. А затым ужо і на працу. Дзякуючы сістэмнаму дакумента­абароту, большасць рабочых пытанняў вырашаецца даволі хутка. Але часта адбываюцца і непасрэдныя сустрэчы з калегамі, часам з дыскусіямі, дэбатамі, мазгавымі штурмамі і пошукам спосабаў вырашэння складаных пытанняў.

— А што вам дапамагае вырашаць складаныя рабочыя пытанні?

— Найчасцей — логіка і аргументацыя, у большасці выпадкаў трэба знайсці кансэнсус і кампраміс паміж рознымі інтарэсамі. Мне часцей за ўсё ўдаецца пераканаць сваіх падначаленых у той ці іншай задачы, і мы знаходзім шлях, як яе можна выканаць. Я даволі дэмакратычны кіраўнік і аднаасобна не прымаю рашэнні.

У нашай камандзе пра­цуюць спецыялісты, чые веды і вопыт нельга не ўлічваць. Мы спрабуем знайсці паразуменне. Нярэдка я прыслухоўваюся да падначаленых, хаця часцей мае аргументы спрацоўваюць і маё стратэгічнае бачанне падтрымліваюць калегі, а пасля разам мы знаходзім больш эфектыўны спосаб вырашэння, ажыццяўлення пэўных ідэй. Прынамсі, каманда ў нас сапраўды вельмі добрая.

— Магчыма, вы добры псіхолаг, а таму вам удаецца лёгка знаходзіць агульную мову з калегамі?

— Не ўпэўнены, што я добры псіхолаг, але мне нядрэнна ўдаецца знаходзіць паразуменне і аргументацыю, падыход да таго або іншага чалавека.

Я эмацыянальны чалавек, але ў той жа час і вельмі рацыянальны. Характар, які падмацоўваецца тэмпераментам сангвініка, сапраўды вельмі эмацыянальны і дазваляе заўважаць, напрыклад, нейкую прыродную дробязь і радавацца ёй. Рацыянальнасць дапамагае думаць і аналізаваць. А здольнасць спалучаць эмацыянальную і рацыянальную часткі дазваляе мне многае зрабіць з таго, што хочацца.

— Значыць, вас асабліва натхняе прырода. А што яшчэ?

— Тут можна скласці бясконцы спіс! Бо мяне можа парадаваць прыгожая кніга, сустрэча з цікавым чалавекам, знаёмства з новымі тэхналогіямі або творчасць маіх дзетак і іх яркія слоўцы.

— А сям’я заўсёды вас падтрымлівае? Як родныя ставяцца да вашай дзейнасці?

— Я бясконца ўдзячны ім за разуменне і падтрымку, бо мая праца не заканчваецца з выхадам за сцены бібліятэкі. Я выконваю шмат розных грамадскіх задач. Часам складана растлумачыць сям’і, навошта мне гэта, але гэта дазваляе самаўдасканальвацца і пашы­раць кругагляд, дадумвацца да новых праектаў і проста дапамагаць іншым.

“Надзвычай важна — разумець чалавека і быць здольным успрыняць яго”.

Аднак, на жаль, даводзіцца часта адсутнічаць дома і даволі позна вяртацца. Але без родных я ні з чым не справіўся б. У мяне разумная жонка, якая заўсёды падтрымлівае, і дзеткі вельмі творчыя і актыўныя. Яны хоць і ствараюць часам пэўны хаос, але такі хаос становіцца падставай для творчасці. Бо без пастаяннага перастварэння агульнапрынятых парадкаў не будзе руху наперад. І я вельмі рады, што яны дазваляюць мне паглядзець на навакольны свет дзіцячымі вачыма, што ў сваю чаргу адкрывае тое, што хаваецца за шаблоннымі вобразамі.

— Алесь Аляксандравіч, вы з’яўляецеся непасрэдным удзельнікам работ па факсімільным аднаўленні найбольш каштоўных помнікаў кніжнай культуры Беларусі: Полацкага і Тураўскага евангелляў, Баркалабаўскага летапісу, выданняў Скарыны, першага “Буквара”, Берасцейскай Бібліі… А што далей?

— Планаў безліч, бо мы ўвесь час нешта робім. На сёння маю ў “спісе чакання” каля 500 праектаў. Апошніх 10 гадоў адзін за адным рэалізоўваюцца праекты па аднаўленні старажытных помнікаў кніжнай культуры, частку якіх мы фізічна вярнулі ў краіну, многія праз выставачныя і выдавецкія праекты, а боль­шасць — віртуальна праз электронныя копіі ці калекцыі. Але галоўнае, не проста прывезці нейкі культурны аб’ект, а вярнуць яго ў грамадскую свядо­масць праз выставы, факсіміле, электронныя праекты і бібліятэкі, суполкі ў сацыяль­ных сетках, мерапрыемствы, адкрытыя лекцыі і г.д.

Раней у школах мы вучылі пра першадрукара Івана Фёдарава, не памятаючы, што ў нас крыху раней пачалося сваё кнігадрукаванне. Мы нават не здагадваліся, якую вялікую ролю адыгралі нашы продкі ў фарміраванні вучэбнай практыкі кнігавыдання. І гэта дае падставу беларусам з гордасцю гаварыць, што мы маем сваю кніжную традыцыю і багатую разнастайную спадчыну.

Што будзе далей — пакуль не раскажу, бо ў мяне пазіцыя: зрабі справу, а пасля скажы пра яе. На жаль, не ўсе ініцыятывы даходзяць да завяршэння. У 2011 годзе я распрацаваў “Праграму інвестыцыйных праектаў па вяртанні першасных кніжных помнікаў у Беларусь”. Яе асноўным блокам быў рэестр з 500 кніжных помнікаў, якія варта было б вярнуць у тым ліку праз факсімільнае ўзнаўленне. Ён і на сёння застаецца актуальным.

На дадзены момант я завяршаю працу над вялізнай манаграфіяй, прысвечанай беларускім падручнікам для пачатковага навучання грамаце: букварам, азбукам, крыху чытанкам.

“Сям’я — гэта не толькі месца спакою і адпачынку, але і месца натхнення і руху наперад”.

— Нацыянальная бібліятэка — гэта не толькі скарбніца ведаў, але і месца, дзе праводзіцца мноства цікавых мерапрыемстваў, у тым ліку і адукацыйных. Прычым многія ладзяцца спецыяльна для педагогаў і навучэнцаў, якія пра іх, на жаль, ведаюць не заўсёды. Асабіста вы на якія з іх запрасілі б у першую чаргу?

— Па-першае, я проста запрасіў усіх бы ў бібліятэку — даведацца, што гэта такое і што тут ёсць. Можна, канечне, прыйсці і з экскурсіяй. Але экскурсантам часцей за ўсё паказваюць кубаметры бетону, шкло, карціны на сценах, крыху чытальныя залы і назіральную пляцоўку, Музей кнігі, а ў ім самую вялікую і самую малую кнігі, але практычнай карысці ад гэтага, акрамя агульнага развіцця, ня­шмат. Мне здаецца, ёсць па­трэба павы­шаць інфармацыйную культуру ў грамадстве, у тым ліку на ўзроўні школы. Яшчэ школьнікам я зразумеў, што ўсе веды атры­маць немагчыма і не ў гэтым шчасце. Мне падаецца больш важным уменне разважаць і знаходзіць тое, што табе трэба, умець працаваць з рознымі крыніцамі і аналізаваць інфармацыю.

Важна навучыць дзіця разумець розніцу паміж фактам і гіпотэзай, якасным і няякасным, навуковым і ненавуковым, быць здольным крытычна ставіцца да атрыманага матэрыялу і шукаць навуковую інфармацыю.

Фонды бібліятэкі — гэта 10 млн адзінак захоўвання — матэрыяльных дакументаў. Але важна тое, што мы актыўна купляем і электронныя рэсурсы, якія могуць быць карыснымі любому чалавеку, які імкнецца да развіцця. Большасць замежных грунтоўных прац, якія трапляюць сёння ў Беларусь, у электронным выглядзе — гэта мільёны рэсурсаў, але пра гэта навучэнцы не ве­даюць і блізка. А таму іх варта вучыць, як працаваць з крыніцамі, як адрозніваць і верыфікаваць іх, спасылацца на іх, як рабіць цытаты, што можна капіраваць, а што не, што такое аўтарскае права і павага да працы папярэднікаў і г.д. Нам варта да­ваць школьнікам і студэнтам веды пра велічэзныя базы даных бібліятэкі, якія ствараюцца і для іх.

Кожны месяц у нас ладзяцца сустрэчы, трэнінгі, семінары, лекцыі, прэзентацыі, майстар-класы па рабоце як з асобнымі рэсурсамі, так і ў цэлым з інфармацыяй. Акрамя таго, у нас адбываюцца шматлікія культурныя акцыі і мерапрыемствы: прэзентацыі новых кніг, выстаў, сустрэчы з вядомымі і творчымі асобамі. На працягу года каля трохсот лакальных, рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемстваў адбываецца на базе бібліятэкі, якія скіраваны ў тым ліку на павышэнне пэўных кампетэнцый. Многія з іх могуць быць карысныя школьнікам і настаўнікам. Важна, што на базе бібліятэкі праводзяцца навучальныя праграмы і ініцыятывы. Увесь час ладзяцца экскурсійныя праграмы і заняткі са школьнікамі ў Музеі кнігі (развіваецца музейная педагогіка). І я лічу гэта вельмі цікавым і карысным.

Вырасла колькасць віртуальных наведванняў. 75—80% наведвальнікаў прыходзяць віртуальна, а не нагамі. Але я абсалютна ўпэўнены, што бібліятэкі застануцца запатрабаванымі, прынамсі, пакуль мы лічым інтэлект важнай часткай выхавання і развіцця асобы.


“Беларускі буквар: старонкі гісторыі”

Алесь Суша завяршае даследаванне па гісторыі беларускага буквара. У навуковай працы ён звяртае ўвагу на ўзнікненне і развіццё першых падручнікаў для навучання чытанню ад каменнага веку і да нашых дзён.

— Хачу паказаць гісторыю беларускага буквара і падзяліцца сваімі адкрыццямі, бо я быў збянтэжаны, здзіўлены і расчараваны тым, што ў нас дагэтуль адсутнічаюць грунтоўныя манаграфічныя навуковыя даследаванні па ёй. У савецкі час некалькі навукова-папулярных прац стварыў Марат Батвіннік, але, на жаль, з недакладнасцямі, — сказаў даследчык.

Ён нагадаў, што менавіта Беларусь дала свету першы падручнік з назвай “Буквар”. Так, у 1618 годзе ўбачыў свет “Букварь языка славенс­ка писаний чтения оучитися хотящим в полезное руковожение” на 52 лістах у кішэнным фармаце. У “Буквары” размешчаны славянскі алфавіт, прыклады складоў з дзвюх і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, лічбаў, а таксама асновы граматыкі і тэксты для чытання.

— Аднак мы сур’ёзна не вывучалі падручнікі для пачатковага навучання грамаце, якія існавалі да ХVI стагоддзя ўключна, і падручнікі XVII—XIX стагоддзяў. Гэта пры тым, што ўжо даўно былі вядомыя шматлікія іншыя айчынныя кнігі з назвай “Буквар”. Прычым такіх падручнікаў у Беларусі было выдадзена значна больш, чым у суседніх Украіне ці Расіі. Самыя яркія і цікавыя старонкі гісторыі буквара, на жаль, абсалютна забытыя, і гэты факт мяне сапраўды шакіраваў. Тым больш што айчынныя буквары былі асновай для стварэння рэгіянальных традыцый, на якія арыентаваліся многія стваральнікі буквароў суседніх краін, — дадаў А.Суша.

Прынамсі, першыя расійскія буквары, напрыклад, Васілія Бурцова ці іншыя, што масава выходзілі ў 50—60-х гадах ХVII ст. — гэта копіі віленскіх і куцеінскіх буквароў. У далейшым Сімяон Полацкі напісаў буквар для Пятра Першага, які быў падараваны яму на 7-годдзе ў 1679 годзе. А на ім пасля грунтаваліся іншыя знакамітыя буквары канца ХVII ст.

— Першы падручнік на тэрыторыі Украіны з назвай “Буквар” таксама быў надрукаваны беларусам Міхаілам Слёзкам. І знакамітыя буквары Польшчы таксама друкаваліся беларусамі. Усё ХІХ стагоддзе лепшыя падручнікі Польшчы былі створаны Конрадам Прушынскім, які родам з Мінска. А ўсё ХХ ст. палякі вучыліся па падручніках Мар’яна Фальскага з-пад Ляхавіч, які працаваў з суполкай “Загляне сонца ў наша ваконца”, быў беларускім дзеячам на пачатку ХХ ст. Прычым да рэвалюцыі і ў Расійскай імперыі вучыліся па яго Elementarz, а таксама ў часы Першай сусветнай вайны і ў Польшчы міжваеннага перыяду, бо гэты падручнік выдаваўся і перавыдаваўся, — растлумачыў Алесь Аляксандравіч.

Акрамя таго, адным з аўтараў самага масавага савецкага “Буквара” быў Усяслаў Гарэцкі, які нарадзіўся ў Беларусі ў сям’і Гаўрылы Гарэцкага. “Пры тым вялікім уплыве, які беларусы зрабілі на букварыстыку нашага рэгіёна, мы гэта вельмі слаба вывучаем. І вось у сваёй вялікай працы я паспрабую прааналізаваць, паказаць самыя яркія, цікавыя старонкі ў гісторыі вучэбнага кнігавыдання і гісторыі падручнікаў для пачатковага навучання грамаце, пачынаючы ад першых вельмі спецыфічных “падручнікаў” на косці, дрэве ці іншых матэрыялах і даводзячы гэтую гісторыю да нашых дзён і падручніка, па якім вучацца сучасныя школьнікі”, — адзначыў А.Суша.

Спачатку манаграфія ўбачыць свет у выглядзе аднатомнага выдання, аднак запланавана, што ў хуткім часе выйдзе версія, напісаная больш лёгкай і зразумелай мовай, каб нават школьнікам было цікава пачытаць і паглядзець. “І гэта таксама форма вяртання ў грамадскую свядомасць такой з’явы, як беларускі буквар”, — рэзюмаваў А.Суша.

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з асабістага архіва Алеся СУШЫ.