У нас у кватэры газ. А ў вас?

Надыходзяць халады, і кожны ў думках хоча хутчэй схавацца ад непагадзі ў цёплай і ўтульнай хаце ці кватэры. Зараз канікулы і дзень працяглы. Бацькі на працы, а дзеці дома. Як зрабіць іх побыт бяспечным?

На гэта пытанне адказалі прадстаўнікі Навагрудскага газазабеспячэння філіяла Слонімскага вытворчага ўпраўлення ВРУП “Гроднааблгаз”, якія наведалі вучняў 5—9 класаў Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы на восеньскіх канікулах. Спачатку правялі апытанне на веданне правіл карыстання бытавымі прыборамі і газавымі плітамі, расказалі пра небяспечнасць і наступствы няправільнай эксплуатацыі. Вучням быў паказаны цікавы відэафільм пра прыродны газ, яго здабычу і шлях да людзей. Але найбольшае ўражанне зрабіў наглядны дослед аб магчымым выбуху пры ўцечцы газу.

Напрыканцы сустрэчы дзецям уручылі падарункі з памяткамі аб правільным карыстанні газавымі прыборамі і плітамі. Пасля такой сустрэчы ўсе запомнілі простую і зразумелую рэч: важнейшая за ўсё бяспека ў доме.

Людміла НАГУЛЕВІЧ,
настаўніца матэматыкі Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы.