У нашай сістэме працуюць асаблівыя людзі

- 12:54Людзі адукацыі

Многія ўжо забылі той час, калі новенькі камп’ютар на стале выклікаў непадробны страх, а ўключэнне Windows нагадвала выхад у адкрыты космас. Прафесіяналы, якія разумелі ўсё ў сваіх галінах, проста губляліся перад маніторам і ўспрымалі новую тэхніку як абсалютнае непатрэбнае зло. Яны яшчэ не ведалі, што пройдзе зусім нямнога часу — і камп’ютары стануць неад’емнай часткай іх жыцця. Таму кароткі перыяд паміж няведаннем і веданнем, калі давялося асвойваць камп’ютарную тэхніку, быў сапраўдным кашмарам для многіх. Тэлефон Зоі Александровіч быў тады распалены надзвычайна — яна адказвала за інфарматызацыю і ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у прафесійную адукацыю.

Усё прафесійнае жыццё Зоі Александровіч, нават у “дакамп’ютарныя” часы, звязана з інфармацыйнымі тэхналогіямі. У 1975 го­дзе яна, выпускніца фізічнага факультэта БДУ (аддзяленне радыёфізікі і электронікі), прыйшла на работу ў вылічальны цэнтр НДІ ЭВМ. Работа была новая, цікавая, здавалася, перспектыўная. Немагчыма было паверыць, што прыйдзе момант — і веды, навыкі, вопыт інжынераў-электронікаў стануць раптам непатрэбнымі. На пачатку 90-х ім практычна перасталі плаціць зарплату, давялося наноў шукаць сваё месца ў жыцці.

Так у 1993 годзе Зоя Аляксееўна прыйшла працаваць метадыстам кабінета прафесійнай падрыхтоўкі па інфарматыцы ў Мінскі гарадскі інстытут удасканалення настаўнікаў (пазней ён вырас у гарадскі вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі). З 1998 года была загадчыкам кабінета камп’ютарных тэхналогій. У сталіцы тады было 28 прафтэхвучылішчаў, і Зоя Аляксееўна курыравала ўсё, што звязана з інфарматызацыяй.

А на пачатку 2000-х яна перайшла ў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, дзе, будучы ўжо вопытным метадыстам, прадоўжыла пачатую справу. Працавала на розных пасадах, няспынна прасоўваючы ў жыццё інфармацыйныя тэхналогіі.

Сёння метадыста інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі РІПА Зою Александровіч многія ведаюць праз рух WorldSkills. Яна адна з тых, хто стаяў ля вытокаў развіцця гэтага руху ў нашай краіне. Ад самага пачатку, з 2015 года, Зоя Аляксееўна курыруе ІТ-кампетэнцыі.

— Я вялікая прыхільніца WorldSkills, бо ўдзел у гэтым руху дае краіне вялікія перавагі, — говорыць мая суразмоўніца. — Нашы людзі атрымалі доступ да найноўшых тэхналогій і могуць адсоч­ваць тэндэнцыі развіцця розных кампетэнцый. WorldSkills не зво­дзіцца толькі да правядзення чэмпіянатаў. Эксперты збіраюцца і думаюць, у якім напрамку рухацца, што будзе запатрабавана ў адпаведнай галіне праз 5—10 гадоў.

Зоя Аляксееўна была на двух сусветных чэмпіянатах WorldSkills — у Абу-Дабі (ААЭ, 2017 год) і Казані (Расія, 2019 год). Сёння яна ахвотна дзеліцца сваім вопытам з тымі, хто рыхтуецца да наступных чэмпіянатаў.

— Зоя Аляксееўна, за што вы любіце людзей, якія працуюць у сістэме прафесійнай адукацыі?

— Сапраўды ўсіх люблю. Пасля заканчэння БДУ я доўгі час працавала ў інжынерным асяроддзі і, шчыра кажучы, ішла ў сістэму прафесійнай адукацыі з пэўнай доляй скепсісу. Але цяпер хачу сказаць, што мая боязь была дарэмнай: тут працуюць асаблівыя людзі, адданыя сваёй справе. Многія з іх маглі б пайсці ў эканоміку і за­рабляць лепш, але іх трымае штосьці важнейшае. Ім трэба больш, чым іншым, яны гатовы бясконца ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства і перада­ваць веды маладым.

— Канкурсант выступіў — і пайшоў далей (па правілах, удзельнічаць у спаборніцтвах можна толькі аднойчы), а вопыт, які атрымаў эксперт WorldSkills, бясцэнны, — заўважыла Зоя Аляксееўна. — Такім чынам, беларускія спецыялісты ўліваюцца ў сусветную прафесійную супольнасць. Яны могуць параўноўваць, як вядзецца падрыхтоўка кадраў у нашай краіне, з тым, як гэта адбываецца ў свеце. Яны бачаць новае абсталяванне, інструменты, матэрыялы, спосабы работы — тыя сусветныя стандарты, да якіх трэба імкнуцца. WorldSkills мяняе іх саміх, а значыць, усю сістэму прафесійнай адукацыі.

Трэба прызнаць, што ўдзел у WorldSkills — справа нялёгкая. Рыхтуючы сваіх навучэнцаў да спаборніцтваў, майстры трацяць шмат часу, сіл, энергіі. Гэта работа на высокі вынік, якая дасягае апагея падчас чэмпіянату, дзе хочацца перамагаць немцаў, карэйцаў, японцаў з іх неверагоднымі тэхналогіямі…

— Штораз, калі заканчваецца чэмпіянат (нацыянальны ці міжнародны), я чую стомленасць у галасах, — гаворыць Зоя Аляксееўна. — Але не паспелі эксперты вярнуцца дадому, як зноў у галаве закруцілася думка: каго ўзяць на будучы чэмпіянат, як лепш рыхтаваць, што прыдумаць на гэты раз. І пачынаецца новы віток, новая работа. WorldSkills — гэта магія, якая трымае.

І хоць Беларусь не так даўно ў сусветным руху WorldSkills (мы бралі ўдзел у трох міжнародных чэмпіянатах), сюды ўжо едуць павучыцца з іншых краін. Так, у нацыянальным чэмпіянаце (у маі 2020 года пройдзе чацвёрты) традыцыйна ўдзель­нічаюць расіяне і казахі. Нядаўна ў Мінск прыязджалі за вопытам прадстаўнікі Украіны  — гэтая краіна пакуль не ўдзельнічае ў сусветных спаборніцтвах, але свой чэмпіянат ужо правяла.

Дарэчы, на нацыянальным беларускім чэмпіянаце Зоя Александровіч адказвае за выкарыстанне інфармацыйнай сістэмы падтрымкі спаборніцтваў CIS (Competition Information System) — гэта спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне для апрацоўкі конкурснай інфармацыі. Пры правя­дзенні афіцыйных чэмпіянатаў па стандартах WorldSkills выкарыстанне CIS абавязковае. Дык вось прадстаўнікі Казахстана прыяз­джалі ў Беларусь павучыцца — і Зоя Аляксееўна чытала ім лекцыі па CIS.

Ці трэба казаць, што ў інфармацыйных тэхналогіях наша гераіня як рыба ў вадзе. У яе дагэтуль вучацца, праўда, цяпер ужо не тэлефон, а сучасныя менеджары “пераграваюцца” ад запытаў і паведамленняў. І праз 40 гадоў працоўнай дзейнасці яна сучасная, цікавая, патрэбная людзям — хіба не пра гэта мараць усе спецыялісты?

Можна сказаць, што для Зоі Александровіч эканамічныя цяжкасці 90-х сталі выдатным шансам стаць прафесіяналам у сферы адукацыі. І яна ім мудра скарысталася!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алы КЛЮЙКО.