Калі навучэнцы гімназіі № 2 Брэста папрасілі ветэрана-франтавіка Аркадзя Майсеевіча Бляхера паказаць ім, як падчас Вялікай Айчыннай вайны складваліся лісты-трыкутнікі, ён і не думаў, што гэта не проста дзіцячая цікаўнасць. Неўзабаве вучні 6 “А” і 6 “Б” класаў уручылі 91-гадоваму дзядулю, які прайшоў баямі ад Сталінграда да Берліна, свае шчыра напісаныя лісты.
Калідор кватэры ганаровага грамадзяніна Брэста ўпрыгожваюць карціны, створаныя таленавітымі шасцікласніцамі Палінай Сацута і Дзіянай Панасюк. Такія творчыя падарункі ад дзяцей для Аркадзя Майсеевіча надзвычай дарагія. З гімназіяй № 2 ветэран сябруе ўжо 10 гадоў.
— Наша сяброўства пачалося з таго, што настаўнікі, навучэнцы і іх бацькі наведвалі мяне з нагоды святочных дат, а потым сталі запрашаць на гімназічныя мерапрыемствы, — расказаў Аркадзь Майсеевіч. — Сёлета правялі літаратурна-музычную гасцёўню “Салдаты Перамогі”. Я атрымаў ад яе вялікае душэўнае задавальненне. Дзеці “даслалі” мне каля 40 лістоў-трыкутнікаў. Навучэнцы вельмі глыбока адчулі тэму далёкай для іх вайны, зразумелі яе трагізм, нягледзячы на свой юны ўзрост.
“Я вельмі ўдзячны лёсу, што змог асабіста дакрануцца да гісторыі сваёй Радзімы і пачуць ад вас, сучаснага героя таго часу, пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, — напісаў Мікіта Яромскі. — Мае прадзядулі таксама ваявалі, але яны, на жаль, не змаглі дажыць да нашых дзён”.
“Вельмі цяжка мне ад таго, што я не змагла пазнаёміцца са сваім прадзядулем, які, як і вы, дайшоў да Берліна і быў узнагароджаны ордэнам Славы, — звярнулася да ветэрана Дзіяна Карасевіч. — Наш абавязак перад вамі — гэта захаванне міру на планеце і ў роднай краіне”.
“Мой прадзядуля таксама ваяваў. Шкада, што я ніколі не бачыў яго і не змог падзякаваць. Але я магу падзякаваць вам, Аркадзь Майсеевіч. Наша Радзіма ганарыцца такімі героямі”, — заўважыў у сваім лісце Яўген Радзівон. З ім салідарная і Алена Шалабыта. Дзяўчынка даўно марыла пра сустрэчу з чалавекам, які прайшоў праз усю вайну. “Мяне моцна крануў ваш шчыры аповед”, — звярнулася яна да ветэрана ў сваім пасланні, заўважыўшы, што заўсёды з вялікім болем і жалем ставіцца да вайны, не можа слухаць гісторыі пра яе і глядзець адпаведныя фільмы без слёз.
Моцнае ўражанне выклікала сустрэча з чалавекам-легендай і ў іншых гімназістаў, якія яшчэ доўга ўсхвалявана абмяркоўвалі пачутае ад свайго паважанага госця. А ён расказаў ім не толькі пра сябе, але і пра тых, з кім ішоў да Вялікай Перамогі плячо ў плячо, хто аддаў дзеля мірнага неба сваё жыццё. А гэта былі зусім юныя абаронцы. Дарэчы, калі пачалася вайна, самому Аркадзю Майсеевічу было толькі 18 гадоў. Ветэран паказаў дзецям фотаздымкі, у тым ліку зробленыя ім у Берліне, калі яго аднапалчанін Мікалай Сумцоў і сын палка Валодзя Тарноўскі распісваліся на рэйхстагу.
— Калі я апынуўся ў Берліне, то змог набыць фотаапарат. Баі скончыліся 2 мая, а 3-га ўсе кінуліся да рэйхстага распісвацца, — расказаў ветэран. — На жаль, мой добры таварыш-равеснік загінуў за паўгадзіны да Перамогі… Гэта камандзір батарэі Іван Хамутовіч.
Удзельнікі літаратурна-музычнай гасцёўні “Салдаты Перамогі” з першых вуснаў пачулі, як у 1945 годзе сустракалі першы мірны дзень савецкія воіны. Але дзеці былі не проста ўважлівымі слухачамі: для свайго госця яны падрыхтавалі пранікнёныя творчыя нумары.
Алена ГАРМЕЛЬ.