У Наваполацку танцуе май

Даўно вядома, што Наваполацк — горад ініцыятыўны і творчы. Любая ідэя, цікавы праект тут падхопліваецца і рэалізуецца. Менавіта таму ў Год малой радзімы танцавальная хваля захліснула юбілейны горад.

ІІ Адкрыты гарадскі конкурс харэаграфічнай творчасці “Горад, які танцуе” прайшоў 15 мая 2018 года ў Палацы дзяцей і моладзі Наваполацка. Удзел узялі звыш 400 навучэнцаў. Гэта чатыры калектывы ўстаноў дадатковай адукацыі, 18 калектываў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Наваполацка і харэаграфічны калектыў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У намінацыі “Малышы” выступілі юныя танцоры і дзеці першага года навучання. 9 калектываў прадставілі намінацыі “FolkDanceshow” (народны танец, стылізацыя народнага танца) і “Класічны танец”. Адмысловыя пастаноўкі прадстаўлялі намінацыі сучаснай і вулічнай культуры “Эстрадны танец”, “Danceshow”, “Streetshow”. Члены журы адзначылі эмацыянальнае выступленне Клуба спартыўнага танца “Рандэву” і прафесіяналізм кіраўніка Іны Голубевай, якія ўпрыгожылі намінацыю “Latinoshow” (бальны танец).

Ацэньвалі конкурс кіраўнікі ўзорных калектываў Полацка і высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне харэаграфіі Наваполацка: Марына Шэндэль, настаўнік танца, кіраўнік узорнага харэаграфічнага калектыву “Remix” сярэдняй школы № 6 Полацка, Святлана Круцянок, настаўнік танцаў, кіраўнік узорнага харэаграфічнага калектыву “Забава” Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны, Валянціна Асадчая, кіраўнік дзіцячай харэаграфічнай студыі “Калібры”, Палаца культуры адкрытага акцыянернага таварыства “Нафтан”, Марына Міхайлава, харэограф, кіраўнік Цэнтра сучаснага мастацтва “Джэм” Полацкага гарадскога Палаца культуры і Наталля Сцягашова, начальнік аддзела па вучэбнай і выхаваўчай рабоце вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта.

Па выніках конкурсу пераможцы паказалі высокі ўзровень майстэрства.  Ва ўзроставай катэгорыі 6—9 гадоў былі адзначаны: студыя эстраднага танца “Карнавал” Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка (кіраўнік Лізавета Пушнева), харэаграфічны калектыў “Мадэрн” (Палац дзяцей і моладзі Наваполацка (кіраўнік Юлія Русяева)) і клуб спартыўнага танца “Рандэву” сярэдняй школы № 2 Наваполацка (кіраўнік Іна Голубева).

Два апошнія калектывы сталі лепшымі і ва ўзроставай катэгорыі 10—13 гадоў. Падзялілі з імі поспех і ўзорны ансамбль танца “Краіна цудаў” сярэдняй школы № 7 Наваполацка (кіраўнік Алена Новікава) і харэаграфічны ансамбль “Дюймовочка” Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка (кіраўнік Таццяна Шаляпень).

Калектывы “Дюймовочка” і “Мадэрн”, а таксама калектыў “Рытм плюс” сярэдняй школы № 1 Наваполацка (кіраўнік Таццяна Карніцкая) вызначыліся і ва ўзроставай катэгорыі 14—18 гадоў.

Хлопцы і дзяўчаты з энтузіязмам прадэманстравалі сваё майстэрства, парадавалі гледачоў яркімі касцюмамі і прыемна здзівілі ўсімі фарбамі танцавальнага мастацтва. Кожны з удзельнікаў унёс сваё адценне ў палітру эмоцый і атрымаў зарад бадзёрасці.

Двухгадзінная праграма конкурсу праляцела на адным дыханні. Госці з Полацка адзначылі высокую арганізацыю і пажадалі далейшага развіцця “Гораду, які танцуе”. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў пройдзе ў рамках святкавання юбілею любімага горада!

Алеся КАНЦЫЯЛ,
метадыст аддзела музычна-харэаграфічнай творчасці
Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка.