У навукоўцаў шмат сумесных задум

- 10:19Інфармацыйная гадзіна

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі рыхтуе канцэпцыі чатырох новых саюзных праграм. Аб гэтым паведаміў у час відэабрыфінгу “Рэалізацыя праграм Саюзнай дзяржавы” кіраўнік апарату НАН Беларусі акадэмік НАН Беларусі Пётр Віцязь.

“На гэты момант у нас ёсць шэраг праектаў, якія знаходзяцца на стадыі канцэпцый праграм Саюзнай дзяржавы. Цяпер іх чатыры. Гэта “інтэграцыя” — па стандартызацыі касмічных даследаванняў, “БелРасЛакт” — прадаўжэнне праграмы па трансгенных жывёлах. Таксама мы афармляем праграмы, звязаныя з малаком і вытворчасцю кармоў для жывёл. У нас шмат задум”, — падкрэсліў Пётр Віцязь.
“Не так даўно адбылося сумеснае пасяджэнне беларуска-расійскай камісіі ў Маскве, дзе прысутнічалі і мы як заказчыкі, і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. Там мы абмеркавалі, што ўжо зроблена і што будзе рабіцца, і зацвердзілі даволі вялікі пералік праграм, якія плануецца рэалізаваць у будучым, — каля 20”, — адзначыў ён.
Адной з чатырох канцэпцый новых саюзных праграм з’яўляецца “БелРасЛакт”, у ходзе рэалізацыі якой на аснове лактаферыну будуць стварацца прадукты харчавання. Яна стане своеасаблівым прадаўжэннем праграм “БелРасТрансген” і “БелРасТрансген-2”. “Распрацоўка медыцынскіх прэпаратаў з лактаферынам патрабуе доўгага часу не толькі з пункту гледжання даследаванняў, але і клінічных выпрабаванняў, таму ўкласціся ў трохгадовую праграму практычна немагчыма. Мы прапанавалі стварыць праграму “БелРасЛакт”, дзе на першай стадыі, распрацоўваючы лякарствы, будзем паралельна ствараць праграмы, якія могуць выкарыстоўвацца для чалавека. Гэта своеасаблівыя стымулятары і прадукты харчавання як для дзяцей, так і для дарослых”, — растлумачыў кіраўнік апарату НАН Беларусі.
Сумесныя беларуска-расійскія даследаванні з мэтай атрымання лекавых прэпаратаў на аснове лактаферыну пачаліся яшчэ ў 2003 годзе, калі была запушчана першая саюзная праграма “БелРасТрансген”. У 2009 годзе вучоныя пачалі рэалізацыю праграмы “БелРасТрансген-2”. У выніку ўдалося вывесці статак мадыфікаваных коз, у малаку якіх ёсць лактаферын.