У навуку прывёў шчаслівы выпадак

У мінулым годзе загадчыца кафедры Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова доктар эканамічных навук Наталля Уладзіміраўна Макоўская трапіла ў спіс таленавітых беларускіх вучоных, якім была прызначана спецыяльная прэзідэнцкая стыпендыя. Дасягненне Наталлі Уладзіміраўны значнае, аднак калегі і кіраўніцтва такой навіне здзіўлены не былі. А ўсё таму, што ў розных ганаровых спісах, якія адлюстроўваюць свет маладой беларускай навукі, яе імя з’яўляецца не ўпершыню. І гэта нягледзячы на тое, што яе шлях у навуку пачаўся ва ўжо ўсвядомленым узросце, ды і тое дзякуючы выпадку.

— У школьныя гады я была захоплена гісторыяй. Таму, атрымаўшы атэстат, прафесію вырашыла набываць адпаведную і з упэўненасцю ў правільным выбары падала дакументы на гістфак тады яшчэ Магілёўскага дзяржаўнага інстытута імя А.А.Куляшова, — расказвае Наталля Уладзіміраўна.
Студэнцкія гады пралятаюць хутка. Не паспяваеш азірнуцца — як на руках ужо запаветны дыплом. Пасля атрымання дыплома Наталлі Уладзіміраўне прапанавалі застацца ва ўніверсітэце ў якасці асістэнта. Але не на гістарычным факультэце, а на кафедры эканамічнай тэорыі.
— Жыццё часта падкідвае нам нечаканыя сюрпрызы, так выйшла і са мной. Навучанне на гістфаку набліжалася да канца, я старанна рыхтавалася да работы ў школе. Але на адной з практык дырэктар школы звярнуў маю ўвагу на нізкі ўзровень эканамічных ведаў у навучэнцаў. Я зацікавілася гэтым пытаннем. Паколькі мая спецыялізацыя па дыпломе “Настаўнік гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін”, базавыя веды ў мяне былі. Вынікам стала распрацоўка факультатыўных заняткаў для школьнікаў, якія садзейнічалі павышэнню ў іх эканамічных ведаў. Сваю работу я паказала тагачаснаму загадчыку кафедры эканамічнай тэорыі Анатолю Ісідаравічу Канашэвічу. Ён і стаў пераконваць мяне заняцца эканомікай, — успамінае Наталля Макоўская.
Застаўшыся працаваць на кафедры эканамічнай тэорыі ў якасці асістэнта, Наталля Уладзіміраўна працягнула адукацыю ў аспірантуры і дактарантуры Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Новая спецыяльнасць, як і работа, хутка захапіла Наталлю Макоўскую. Яна была ўпэўнена: выпадак, які нечакана павярнуў жыццё ў іншы бок, быў шчаслівым.
Працоўная біяграфія Наталлі Уладзіміраўны абмяжоўваецца адзіным месцам працы — зараз ужо Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А.Куляшова. Мяняліся толькі пасады. За амаль 20 гадоў Наталля Уладзіміраўна прайшла шлях ад асістэнта да загадчыка кафедры. Увесь гэты час яна не толькі чытае лекцыі студэнтам, але і плённа займаецца навукова-даследчай дзейнасцю. Праходзіць стажыроўку ў Аб’яднаным Венскім інстытуце ў Аўстрыі і Нацыянальным даследчым універсітэце “Вышэйшая школа эканомікі” ў Расіі.
Такое захапленне навукай і самаўдасканаленне ў рабоце дае адпаведны вынік. На сёння Наталля Уладзіміраўна з’яўляецца аўтарам больш чым 200 навуковых работ, у ліку якіх — чатыры манаграфіі і два вучэбныя дапаможнікі. Вынікі яе даследаванняў прадстаўлены больш чым на 70 міжнародных навуковых канферэнцыях, а асобныя метадычныя распрацоўкі ўкаранёны ў гаспадарчую практыку айчынных прадпрыемстваў і органаў дзяржаўнага кіравання.
Як высокапрафесійны спецыяліст у галіне рынку працы і працоўных адносін у перыяд з 2004 па 2006 год яна была членам Эканамічнай экспертнай групы пры Прэм’ер-міністры Рэспублікі Беларусь. А ў 2012—2013 гадах у якасці нацыянальнага эксперта па рынку працы прымала ўдзел у Міжнародным сумесным праекце Праграмы развіцця ААН (ПРААН) і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь “Садзей-нічанне сацыяльна-адказнаму рэструктураванню прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь”. Вынікам гэтай работы стала вывядзенне выразнага алгарытму дзеянняў у сферы занятасці, здольнага павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў.
Актыўную навуковую работу Наталля Уладзіміраўна вядзе і разам з Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў. У супрацоўніцтве з фондам было зроблена нямала навуковых распрацовак у галіне рыначнай эканомікі, якія зараз актыўна прымяняюцца на практыцы.
Што да прэзідэнцкай стыпендыі, то Наталля Макоўская ўдастоілася яе за распрацоўку тэорыі ўнутранага рынку працы трансфармацыйнай эканомікі, а таксама за выяўленне функцыянальных заканамернасцей і прынцыпаў рэгулявання ўнутраных рынкаў працы дзяржаўных органаў кіравання і прамысловых прадпрыемстваў. Над распрацоўкай гэтай тэорыі Наталля Уладзіміраўна працавала не адзін год, але і вынікі атрыманы важкія. Яны апублікаваны ў дзвюх манаграфіях, а таксама ў вядучых айчынных і замежных навуковых выданнях. Іх практычная значнасць пацверджана трыма актамі аб укараненні ў дзейнасць камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама, упраўлення эканомікі Магілёўскага гарвыканкама, дванаццаццю актамі ўкаранення ў практыку гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў прамысловасці, вучэбны працэс МДУ імя А.А.Куляшова.
Пастаянна займаючыся навуковай дзейнасцю, Наталля Макоўская не забывала і пра студэнтаў. Праграмы навучання з часам мяняліся, і, каб аблегчыць вучэбны працэс, яна спецыяльна распрацавала два вучэбныя дапаможнікі, дзе простай і даступнай мовай выкладзена ўся патрэбная студэнтам інфармацыя. Удзяляе ўвагу Наталля Уладзіміраўна і выяўленню асабліва адоранай моладзі, у далейшым аказваючы ёй усялякую дапамогу і падтрымку, імкнучыся перадаць усе свае веды і навыкі маладому пакаленню.
— Маладых людзей, у якіх назіраецца асаблівае імкненне да вучобы, я суправаджаю ўвесь перыяд навучання. Падказваю цікавыя тэмы для навуковых даследаванняў, ажыццяўляю агульнае іх кіраўніцтва, — гаворыць Наталля Макоўская.
Вельмі характэрныя і лекцыі Наталлі Уладзіміраўны. Заўсёды ў курсе ўсіх апошніх навуковых адкрыццяў і навінак, яна праводзіць заняткі ў форме інтэрактыўнай гутаркі, выразна фармулюючы задачы і праблемы лекцыі, накіроўваючы развагі студэнтаў у патрэбнае рэчышча.
Падобны падыход даволі эфектыўны. Сярод выпускнікоў кафедры эканомікі і кіравання ёсць нямала вядомых у краіне эканамістаў, якія займаюць значныя пасады ў розных сферах дзейнасці. Па словах Наталлі Уладзіміраўны Макоўскай, менавіта гэты факт яна лічыць адным з найважнейшых сваіх дасягненняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Наталлі МАКОЎСКАЙ.