Вытокi выхавання патрыятызму

Большасць самых яркіх сваіх уражанняў чалавек атрымлівае ў дзяцінстве, і такія ўражаннi прарастаюць у яго свядомасці ўсё жыццё, непрыкметна і неадольна ўплываюць на думкі, паводзіны, учынкі. Разумеючы гэта, педагогi дашкольнага цэнтра развiцця дзiцяцi № 3 Вiцебска асаблівую ўвагу ўдзяляюць фармiраванню ў дзяцей патрыятычных пачуццяў.

Сярод інструментаў, якія дазваляюць найбольш эфектыўна і паспяхова вырашыць гэтую задачу, варта адзначыць музычны фальклор. Народныя святы i абрады — адзiн з адметных выхаваўчых сродкаў, якi задавальняе патрэбу дзіцячай душы ў гульні, жартаўлівасці, асваенні свету. На працягу года нашы выхаванцы дакранаюцца да крынiц народнай спадчыны — напрыклад, падчас правядзення Калядак, Гукання вясны, Купалля, а таксама кiрмашу.


Напрыканцы зiмы традыцыйным стала святкаванне Масленiцы. Сёлета яно зноў захапiла і зацікавiла ўсіх: і дзяцей, і педагогаў, і бацькоў. Падчас правядзення свята і падрыхтоўкі да яго мы адзначылі павышаную цікавасць да роднай мовы. Дзецi i дарослыя з задавальненнем развучвалi і выконвалі народныя песнi і заклiчкi. Разам яны рыхтавалi незвычайныя, прыгожыя касцюмы.

Незабыўныя ўражаннi засталiся ў дзяцей ад сустрэчы з вясёлымi скамарохамi, якiя забаўлялi народнымi жартамi і цікавымі спаборнiцтвамi, клiкалi ў вясёлыя карагоды і гульнi. А колькi радасцi i захаплення было на дзiцячых тварыках, калi раптам да iх у госцi завiтаў сам Дзядуля Мароз! Не абышлося i без Бабы-Ягi. Але яна не перашкодзiла святкаванню, а на пацеху дзятве сама захапiлася гульнямi ды забавамi. Затым дзецi назіралі, як Зіма сустрэлася з Вясной, каб перадаць чароўны ключ ад прыроды. Кульмiнацыяй свята было спальванне пудзіла Масленiцы. Ну i якая ж Масленiца без смачных блiноў?

І ўсё ж галоўным вынiкам мерапрыемства стала знаёмства выхаванцаў цэнтра з традыцыйнымi народнымi абрадамi i звычаямi, фарміраванне ў іх паважлiвых адносiн да культурнай спадчыны беларусаў, пачуцця гонару ад прыналежнасцi да iх.

Зінаіда МАСКАЛЕНКА,
намеснiк загадчыка па асноўнай дзейнасцi
дашкольнага цэнтра развiцця дзiцяцi № 3 Вiцебска.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *