У новы навучальны год — з “Электроннай школай”

- 15:13Якасць адукацыі
Праект у галіне інфарматызацыі адукацыі “Электронная школа” стартуе ў Мінску 1 верасня ў 11 навучальных установах. Падчас яго рэалізацыі будуць вывучаны магчымасці развіцця новых форм арганізацыі педагагічнага і кіраўніцкага працэсаў, заснаваныя на выкарыстанні платформы schools.by. Галоўнымі кампанентамі сістэмы стануць школьныя дакументы, адаптаваныя для выкарыстання ў віртуальнай прасторы: электронны журнал, электронны дзённік, расклад заняткаў і інш.
На беларускай платформе

Як паведаміла начальнік цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Аксана Анатольеўна Мініч, рашэнне аб укараненні такога праекта было прынята пасля апрабацыі ў мінулым годзе расійскай сеткавай платформы “Дневник.ру”.
“У 2012 годзе на пасяджэнні савета па праблемах інфарматызацыі сістэмы адукацыі пры Міністэрстве адукацыі было вырашана апрабаваць платформу “Дневник. ру”, — прыгадвае Аксана Анатольеўна. — Гэтая апрабацыя праходзіла на працягу трэцяй-чацвёртай чвэрцяў у 8 школах Мінска і выявіла як станоўчыя, так і адмоўныя моманты. Так, для паспяховага функцыянавання названай сістэмы неабходна мець персанальныя камп’ютары з доступам да сеткі інтэрнэт на рабочым месцы кожнага настаўніка, які працуе з сістэмай: кожны педагог вядзе сваю прадметную старонку. Акрамя таго, у настаўнікаў, якія працуюць з сістэмай, павінен быць дастатковы ўзровень валодання інфармацыйнымі тэхналогіямі. Вынікі апрабацыі засведчылі, што сістэма актуальная, калі кожны настаўнік запаўняе яе сам, піша заўвагі, задае навучэнцам індывідуальныя заданні і г.д. Але пры нагрузцы звыш 30-ці гадзін, класным кіраўніцтве, кіраўніцтве школьным метадычным аб’яднаннем вельмі праблематычна выстаўляць адзнакі ў папяровыя журнал і дзённікі, а потым дубліраваць іх у электронныя аналагі. Гэтая сістэма актуальная, калі яе выкарыстоўваюць усе бацькі рэгулярна. У адваротным выпадку гэта яшчэ адзін дзённік, у які ніхто не глядзіць, акрамя класнага кіраўніка і намеснікаў дырэктара.
Апрабацыя выявіла і некаторыя пытанні ў плане выкарыстання сістэмы, у прыватнасці праблему сумяшчэння нашай адзнакавай сістэмы з расійскай. Галоўнай перашкодай па выкарыстанні гэтай платформы стала тое, што серверы кампаніі-распрацоўшчыка знаходзяцца ў Расіі і ідзе перадача персанальных даных навучэнцаў, што супярэчыць нашаму заканадаўству. А таму вельмі дарэчы сёлета беларускія распрацоўшчыкі прапанавалі платформу, якая забяспечвае захаванасць даных, іх архіваванне і абарону. І мы хацелі б паўтарыць гэтую апрабацыю ужо на беларускай платформе з улікам раней выяўленых недахопаў і пажаданняў, каб паставіць ў гэтым пытанні кропку”.
У праект уключана 11 навучальных устаноў сталіцы — як тыя, якія прымалі ўдзел у мінулагоднім праекце (гімназіі №№ 37, 1, сярэднія школы №№ 196, 101, 30, 19 ), так і тыя, якія не ўдзельнічалі ў апрабацыі расійскай платформы (сярэднія школы №№ 161, 51, 63, гімназіі №№ 22, 31). Прычым знарок падбіраліся навучальныя ўстановы з розным узроўнем матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, каб убачыць тыя моманты, якія трэба дапрацоўваць, развіваць і пазіцыяніраваць як далейшы шлях развіцця ў плане інфарматызацыі ўстаноў адукацыі.

Школьнае справаводства — у віртуальную рэальнасць

Новая платформа значна пашырае ўяўленне аб звычайных школьных дакументах і прапаноўвае новыя формы ўзаемадзеяння настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў у межах электроннага дзённіка, журнала, графікаў паспяховасці і г.д. Сэрвіс schools.by прызначаны для апрацоўкі і прадастаўлення ў зручным электронным выглядзе інфармацыі аб паспяховасці навучэнцаў, даступнай праз інтэрнэт, якая ўключае ў сябе адзнакі і пропускі, каментарыі да іх, нататкі да ўрокаў, дамашнія заданні, заўвагі, расклад заняткаў і г.д. Для кожнай катэгорыі карыстальнікаў электронных рэсурсаў schools.by — а гэта дырэктары школ, намеснікі дырэктара, настаўнікі, навучэнцы, бацькі — прадугледжаны свой набор правоў і адпаведны ўзровень доступа да інфармацыі. Так, доступ да электроннага журнала маюць настаўнікі-прадметнікі, класны кіраўнік, намеснік дырэктара, дырэктар. Бацькі і навучэнцы не змогуць яго праглядзець. У журнале настаўнікі выстаўляюць адзнакі, адзначаюць навучэнцаў, якія адсутнічаюць па тых ці іншых прычынах, пакідаюць каментарыі да ўрокаў і дамашнія заданні. Па кожным прадмеце вылічваецца колькасць пропускаў і сярэдняя адзнака за чвэрць. На падставе даных, унесеных настаўнікамі ў журналы, для кожнага навучэнца фарміруецца электронны дзённік.
У дзённіку адлюстравана ўсё, што настаўнікі ўнеслі ў журнал (адзнакі, пропускі, каментарыі і г.д.), а таксама паводзіны і заўвагі за кожны тыдзень. Бацькам даступны дзённік толькі іх дзіцяці. Тыя ж бацькі, якія прынцыпова не жадаюць працаваць з электроннымі дзённікамі, могуць атрымаць усю інфармацыю у папяровым выглядзе.
Для школ усе рэсурсы платформы бясплатныя. А вось бацькам кожную чвэрць неабходна будзе заплаціць пэўную суму, каб праглядзець электронны дзённік свайго дзіцяці. Бацькі змогуць задаваць пытанні настаўніку, не пакідаючы рабочага месца.
Як бачым, электронныя журнал і дзённік — гэта не толькі прагляд і выстаўленне адзнак, але і віртуальныя зносіны бацькоў і настаўнікаў, індывідуальная работа з навучэнцам. У настаўніка ёсць магчымасць патлумачыць, чаму, напрыклад, ён паставіў дзіцяці тую ці іншую адзнаку, накіраваць школьніку дадатковыя заданні ў выглядзе прымацаваных файлаў, спасылкі на электронныя падручнікі і іншыя рэсурсы.
“Калі гаварыць аб кіраванні адукацыяй, то сістэмы, якія дазваляюць збіраць штодзённыя адзнакі навучэнцаў, у прынцыпе ёсць у кожнай школе (устаноўлены лакальныя праграмныя комплексы) і дырэктар можа адсачыць тэндэнцыі па ўзроўні навучанасці дзяцей, — заўважае А.А.Мініч. — Платформа schools.by размешчана на знешніх серверах пры дапамозе воблачных тэхналогій. У выніку перш за ўсё вырашаюцца інфраструктурныя задачы: кіраўніцкае праграмнае забеспячэнне, якое ёсць у навучальных установах, ужо састарэла і яго трэба аднаўляць. І вось наяўнасць такой адзінай платформы вырашае гэтую праблему. Акрамя таго, дзякуючы аўтаматычнаму фарміраванню справаздач органы кіравання будуць мець доступ да патрэбнай інфармацыі. У гэтым сэнсе такія сістэмы — эвалюцыйны шлях развіцця кіраўніцкіх баз даных, якія на сёння існуюць.
Фактычна школьнае справаводства пераносіцца ў віртуальную рэальнасць, што створыць аснову для пераходу на электронны дакументаабарот у навучальных установах, дазволіць знізіць выдаткі на суправаджэнне лакальных інфармацыйных баз даных”.

Фарміраваць культуру карыстання інтэрнэтам

Што да праграмы апрабацыі, то напачатку будзе праведзена тлумачальная работа з настаўнікамі і бацькамі, плануецца правесці сацыялагічныя апытанні наконт таго, ці падрыхтаваны бацькі і педагогі да гэтай паслугі, якую інфармацыю бацькі жадаюць атрымліваць з дапамогай электроннага дзённіка. Цікава, што сярод бацькоў да выкарыстання сэрвісаў сеткавай платформы “Дневник.ру” станоўча адносяцца ў асноўным тыя, хто пастаянна карыстаецца камп’ютарам. Так, 69% апытаных бацькоў адказалі, што карыстаюцца рэсурсамі і сэрвісамі інтэрнэта амаль кожны дзень (ніколі — 3%). 37% бацькоў выкарыстоўваюць інтэрнэт у асноўным для работы, для забаў — 50%. Для атрымання звестак па пытаннях адукацыі свайго дзіцяці 38% выкарыстоўваюць толькі 5% часу знаходжання ў сетцы і 15% — больш за 80% часу знаходжання ў сетцы. Найбольш часта бацькі выкарыстоўваюць такія сеткавыя рэсурсы, як “Аднакласнікі” і “УКантакце”. Прычым назіраецца розніца паміж зацікаўленасцю бацькоў сярэдніх школ (па 7-бальнай шкале ў сярэдняй школе №196 — 2 балы і сярэдняй школе №30 — 6 балаў) і гімназій (гімназіі №1 — 4 балы і гімназіі №37 — 7 балаў). Такая розніца была абумоўлена і фарматам выкарыстання сэрвісаў сеткавай платформы. Так, у гімназіі №37 выкарыстоўваліся модулі і сэрвісы “Анлайн-кансультацыі”, “Каментарыі настаўніка”, “Навіны”, “Аб’явы”, “Форум”.
Па словах А.А.Мініч, неабходна фарміраваць у школьнікаў культуру карыстання інтэрнэтам, культуру віртуальных зносін. Часта навучэнец ведае, адкуль можна спампаваць музыку ці гульню, як паўзаемадзейнічаць “УКантакце”, аднак нічога не чуў пра сайт свайго настаўніка ці не можа адшукаць той ці іншы інфармацыйны рэсурс. Да слова, гэта тычыцца не толькі школьнікаў.
Праект “Электронная школа” закліканы абудзіць грамадскую свядомасць, ён можа быць выкарыстаны для фарміравання імкнення школьнікаў да саманавучання, можа прадэманстраваць, што навучанне — гэта бесперапынны працэс, у якім узаемадзеянне ідзе не толькі паміж навучэнцам і настаўнікам, у яго актыўна ўключаюцца і бацькі. Мяркуецца, што электронныя дзённікі сістэматызуюць работу педагогаў і школьнікаў з інфармацыйнымі рэсурсамі. У настаўніка будзе своеасаблівы арганайзер, у якім будуць сабраны асноўныя матэрыялы, якія неабходны педагогу для арганізацыі адукацыйнага працэсу на аснове ІКТ (і школьны журнал, і дзённік, і спасылкі на інфармацыйныя рэсурсы і г.д.). Ды і педагог зможа вучыць школьнікаў цывілізаваным і плённым зносінам у інтэрнэце для вырашэння пэўных задач. Напрыклад, падчас рэалізацыі вучэбных праектаў і даследчай дзейнасці.
Думаецца, што электронныя журналы і дзённікі паступова выцесняць свае папяровыя аналагі. І гэта сусветная тэндэнцыя. Дарэчы, ў Расіі ўжо на ўзроўні дзяржавы існуе нарматыўная база, якая рэгулюе атрыманне інфармацыі аб бягучай паспяховасці навучэнца праз электронны дзённік і журнал. Гэты від электронных паслуг уключаны ў зводны пералік першачарговых дзяржаўных паслуг у Расіі. Беларусь таксама рухаецца ў гэтым напрамку, што адзначана ў Нацыянальнай стратэгіі развіцця інфармацыйнага грамадства.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.