У новы навучальны год — з новымі арыенцірамі бесперапыннай педагагічнай адукацыі

- 11:57Адукацыйная прастора

Стратэгічныя арыенціры Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі на 2021—2025 гады, кластарнае ўзаемадзеянне ў галіне, абнаўленне зместу, форм, метадаў і тэхналогій педагогаў, узмацненне практыкаарыентаванасці ў падрыхтоўцы кадраў, механізмы прыцягнення абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці, удзел заказчыкаў кадраў у падрыхтоўцы педагогаў, запатрабаваных рынкам педагагічнай працы, і многія іншыя пытанні былі разгледжаны ў межах Рэспубліканскага педагагічнага савета на секцыі “Удасканаленне падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў”. У яе рабоце прыняла ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

Пра асноўныя тэндэнцыі і напрамкі развіцця бесперапыннай педагагічнай адукацыі расказаў старшыня Каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук. Паводле яго слоў, стварэнне і ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі рэалізуецца ва ўмовах стратэгічнага планавання, якое знаходзіць адлюстраванне ў вядучых для педагагічнай галіны нарматыўных дакументах: Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі і Плана мерапрыемстваў па яе рэалізацыі, зацверджаных міністрам адукацыі. У 2020 годзе завершана пяцігадовая работа па выкананні задач, пастаўленых у Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі на 2015—2020 гады. 

Аляксандр Іванавіч спыніўся на выніках выканання канцэпцыі. Па-першае, кардынальна зменены механізм рэальнага ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў педагагічнай адукацыі. Ажыццёўлены пераход на кластарную арганізацыю супрацоўніцтва ў галіне. Створаны вучэбна-навукова-інавацыйны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі, які забяспечвае інтэграцыю і развіццё патэнцыялу ўсіх суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы сучасных педагогаў. Па-другое, у нашай краіне створана эфектыўная сістэма па прыцягненні на педагагічныя спецыяльнасці матываваных, акадэмічна падрыхтаваных абітурыентаў. У 2015 годзе на 3-й ступені агульнай сярэдняй адукацыі пачалася рэалізацыя профільнага навучання педагагічнай накіраванасці, а ў 2017 годзе ўведзены асаблівыя правілы прыёму для выпускнікоў педагагічных класаў. Гэта дазволіла падчас навучання ў школе стварыць умовы для ўсвядомленага выбару моладдзю педагагічнай прафесіі. Па-трэцяе, за апошнія пяць гадоў адзначаецца ўзмацненне інтэграцыі і пераемнасці на ўсіх узроўнях падрыхтоўкі педагога. Пераемнасць і бесперапыннасць педагагічнай адукацыі на ўсіх узроўнях забяспечваюцца інтэграцыяй адукацыйных праграм, своечасовым улікам у іх змесце патрабаванняў рынку працы да кампетэнцый спецыялістаў у сферы адукацыі, узгодненасцю ў выкарыстанні актыўных форм і метадаў навучання і інш. Па-чацвёртае, узмоцнена практыкаарыентаванасць педагагічнай падрыхтоўкі. У ліку ўмоў эфектыўнай практыка-арыентаванай педагагічнай адукацыі вылучаюцца памяншэнне колькасці лекцыйных заняткаў (у сярэднім на 20%) і павелічэнне долі практычных, праектных, даследчых форм вучэбнай работы, як індывідуальных, так і камандных; арганізацыя педагагічнай практыкі студэнтаў пачынаючы з 1 курса, якая забяспечвае ранняе паглыбленне будучых педагогаў у прафесійнае асяроддзе, наданне педагагічнай практыцы бесперапыннага характару. У БДПУ паспяхова апрабаваны і ўкаранёны на ўсіх факультэтах валанцёрская практыка на 1 курсе і педагагічная практыка з вылучэннем аднаго школьнага дня на 2 курсе. Па-пятае, развіццё беларускай педагагічнай адукацыі значна прасунулася за кошт рэсурснага забеспячэння працэсу падрыхтоўкі педагогаў на аснове сучасных інфармацыйных тэхналогій. На базе БДПУ імя Максіма Танка створана Сеткавая акадэмія педагогікі электроннага навучання.

Як адзначыў Аляксандр Жук, запатрабаванасць новай кампетэнтнаснай мадэлі педагога ХХІ стагоддзя абумоўлівае з’яўленне новых задач развіцця бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Сярод іх — абнаўленне на ўсіх узроўнях падрыхтоўкі педагогаў мэт, зместу, форм, метадаў, тэхналогій і рэсурснага забеспячэння адукацыйнага працэсу на аснове кампетэнтнаснай мадэлі; нарошчванне навукова-даследчага патэнцыялу педагагічнай адукацыі па прыярытэтных напрамках псіхолага-педагагічных даследаванняў з улікам рэалізацыі даследчага падыходу ў адукацыйным працэсе падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў; узмацненне ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых суб’ектаў: удзельнікаў падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў і заказчыкаў кадраў — у інтарэсах своечасовага абнаўлення сістэмы педагагічнай адукацыі; забеспячэнне выканання педагагічнай адукацыяй сацыяльна значнай місіі па павышэнні адукацыйнага, культурнага, інтэлектуальнага, духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства ў рамках сацыяльнага партнёрства, у тым ліку ў рэгіёнах. Названыя задачы як прыярытэтныя сфармуляваны ў новай Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі на 2021—2025 гады.

Пераход на кластарную мадэль функцыянавання педагагічнай адукацыі прадугледжвае інтэграцыю і развіццё вучэбна-навукова-інавацыйнага патэнцыялу. Асаблівая роля тут належыць рэгіянальным УВА як цэнтрам кластарнага ўзаемадзеяння. Пра спецыфіку і рэгіянальныя аспекты бесперапыннай падрыхтоўкі педагагічных кадраў расказаў рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Унсовіч. 

Як адзначалася, дадатковая адукацыя педагогаў уяўляе сабой гібкую, мабільную сістэму, якая пастаянна развіваецца. Пытанні прафесійнага развіцця педагогаў у працэсе дадатковай адукацыі дарослых разгледзела ў сваім выступленні рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. ГрАІРА рэалізуе сваю місію з дапамогай стварэння адзінай адукацыйна-прафесійнай прасторы рэгіёна, якая садзейнічае развіццю і самарэалізацыі педагога ў бесперапыннай адукацыі з улікам міжведамаснага і міжінстытуцыянальнага ўзаемадзеяння.

Канцэпцыя ўключае 4 праграмы: “Павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі”, “Прапедэўтычная падтрымка прафесійнага станаўлення маладых педагогаў”, “Суправаджэнне прафесійнага развіцця і самаразвіцця педагогаў на працягу ўсёй кар’еры” і “Кіраванне станаўленнем і развіццём кіруючых кадраў у сістэме адукацыі”.

Узняць прэстыж педагагічнай прафесіі і накіраваць на педспецыяльнасці матываваных абітурыентаў даюць магчымасць педагагічныя класы. Як падкрэсліла начальнік цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Пазняк, сістэма педагагічнай прафілізацыі на 3 ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў Беларусі канцэптуальна распрацавана, навукова, метадычна і рэсурсна забяспечана. “Праз шэсць гадоў работы педагагічных класаў мы бачым значныя вынікі і эфекты ад педагагічнай прафілізацыі. Па-першае, колькасць педагагічных класаў павялічылася больш чым у 4 разы: штогод у краіне фарміруецца каля 480 педагагічных класаў і груп, у якіх вучацца больш за 4200 навучэнцаў. Па-другое, важным вынікам педагагічнай прафілізацыі з’яўляецца прыток на педагагічныя спецыяльнасці ва ўніверсітэты здольных, добра паспяваючых, унутрана матываваных выпускнікоў школ, якія свядома выбралі педагагічную прафесію. Сярэдні бал атэстата ў іх складае 8,5 бала. Шмат выпускнікоў з балам 9 і вышэйшым. Па-трэцяе, мы канстатуем наяўнасць канкурэнтных якасцей у гэтай катэгорыі абітурыентаў”, — адзначыла Аляксандра Валянцінаўна.

На думку А.Пазняк, ёсць і кропкі росту па прыцягненні выпускнікоў педкласаў на педагагічныя спецыяльнасці. Неабходна працягнуць работу па папулярызацыі педагагічных класаў ва ўсіх абласцях і Мінску, забяспечыць пераемнасць педагагічнай прафілізацыі ў сістэме “школа — УВА — першае працоўнае месца”, прапрацаваць пытанне аб стварэнні рэальных механізмаў замацавання ў раёнах лепшых выпускнікоў школ, якія прайшлі профільную педагагічную падрыхтоўку ў 10—11 класах і гатовы вярнуцца ў свае раёны ў якасці педагогаў. Таксама была ўнесена прапанова аб магчымасці скарачэння тэрміну адпрацоўкі пасля размеркавання для выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей, якія вучыліся ў педкласах, з 5 да 2 або 3 гадоў.

У Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі на 2021—2025 гады знайшла адлюстраванне новая кампетэнтнасная мадэль педагога. Яна пакладзена ў аснову распрацоўкі новага пакалення адукацыйных стандартаў, тыпавых вучэбных планаў і праграм па педспецыяльнасцях. Аб ходзе абнаўлення адукацыйных стандартаў прысутным расказала начальнік вучэбнага цэнтра нарматыўна-метадычнага забеспячэння вышэйшай школы РІВШ Святлана Арцем’ева. Аб дзейнасці сектаральнага савета кваліфікацый паведаміла прарэктар па вучэбнай рабоце РІПА Алена Касьянік.

Адзін са стратэгічных напрамкаў дзейнасці па бесперапыннай адукацыі — узаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Як гэта рэалізуецца на практыцы, прадставіла начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская. На яе думку, забяспечыць рэгіён высокакваліфікаванымі кадрамі можна толькі дзякуючы сумеснай рабоце. Заказчыкі кадраў павінны дакладна разумець, што, сфарміраваўшы толькі заяўку-заказ, яны рызыкуюць не толькі не атрымаць высокакваліфікаванага спецыяліста, але і мець вакансіі. Добрага спецыяліста трэба вырасціць: спачатку сфарміраваўшы ў школьніка ўстойлівую матывацыю на атрыманне педагагічнай прафесіі ў профільным педкласе, гарантаваць яго паступленне ў профільную УВА ці ССНУ на педспецыяльнасць, а затым стварыць усе неабходныя ўмовы, каб малады спецыяліст не расчараваўся і застаўся ў прафесіі.

Па выніках работы секцыі яе ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, у якой адзначылі неабходнасць далейшага ўдасканалення педагагічнай адукацыі, у тым ліку далейшай распрацоўкі новага пакалення адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм падрыхтоўкі педагогаў на розных узроўнях адукацыі на аснове прафесійных стандартаў; абнаўлення зместу педагагічнай практыкі студэнтаў з наданнем ёй бесперапыннага характару; абнаўлення праблемнага поля псіхолага-педагагічных даследаванняў; арганізацыі канструктыўнага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы па педагагічных спецыяльнасцях, і арганізацый — заказчыкаў кадраў. Асобна была адзначана неабходнасць сістэмнай кансалідаванай работы па павышэнні прэстыжу прафесіі педагога ва ўзаемадзеянні са СМІ і сацыяльнымі партнёрамі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.