У новы навучальны год — з новымі ідэямі і праектамі

- 10:30Людзі адукацыі

Абноўленыя і папрыгажэлыя ўстановы адукацыі Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці гасцінна адчынілі дзверы для сваіх выхаванцаў і педагогаў, зноў напоўніліся звонкімі дзіцячымі галасамі. Падрыхтоўка да новага навучальнага года тут пачалася літаральна з 1 чэрвеня. На рамонт устаноў адукацыі сёлета было патрачана 658,5 тысячы рублёў, у тым ліку пазабюджэтных сродкаў — 83 тысячы. Пра гэта расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Алена Уладзіміраўна КЛІШЭВІЧ.

— У бягучым годзе завершаны работы па рамонце сярэдняй школы № 4 Нясвіжа ў межах праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, на выкананне якіх было выдаткавана 1 млн 314 тысяч рублёў. Тут неабходна сказаць аб падтрымцы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, якое для заканчэння работ па рэалізацыі гэтага праекта выдзеліла 550 тысяч рублёў.

Мы ўдзячны раённаму выканаўчаму камітэту за праведзеную работу па ўвядзенні ў хуткім часе ў эксплуатацыю новага дзіцячага садка на 230 месцаў, што, несумненна, будзе спрыяць рабоце па захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей дашкольнага ўзросту, іх фізічнаму, творчаму і інтэлектуальнаму развіццю. Было працягнута аснашчэнне ўстаноў адукацыі сродкамі навучання, гульнявым і вучэбным абсталяваннем, камп’ютарнай тэхнікай. Сёлета ў раён пастаўлены 2 новыя аўтобусы ПАЗ для падвозу школьнікаў на суму 150 тысяч рублёў.

Сумеснымі намаганнямі мы падрыхтавалі ўстановы да новага навучальнага года. Хачу па­дзякаваць за гэта кіраўнікам і калектывам устаноў адукацыі, бацькам, сацыяльным партнёрам.

— Як было арганізавана ў раёне летняе аздараўленне дзяцей?

— Гэтым летам у лагерах раёна аздаравіліся 457 дзяцей, з іх 295 — у дзённых лагерах, 162 — у аздараўленчым лагеры “Арляня”. Да летняга сезона ў лагеры была праведзена рэканструкцыя закрытай тэрасы для сезоннага прыёму ежы. Цяпер школьнікі снедаюць, абедаюць і вячэраюць у новай прасторнай абедзеннай зале з панарамнымі вокнамі і арыгінальнай канструкцыяй. На рэканструкцыю гэтага аб’екта галоўным упраўленнем па адукацыі Мінскага аблвыканкама было выдаткавана 320 тысяч рублёў. Са сродкаў мясцовага бюджэту ў лагер былі закуплены мэбля, тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне. Непадробную цікавасць да паляпшэння ўмоў для камфортнага аздараўлення дзяцей праявілі сельскагаспадарчыя арганізацыі і прадпрыемствы раёна. З іх дапамогай праведзены рамонтныя работы ў кожным доміку: заменены дах, вокны, выканана выраўноўванне і пафарбоўка сцен, падлогі, заменены ўваходныя і між­пакаёвыя дзверы.

Прыярытэтная ўвага ўдзялялася аздараўленню дзяцей з мнагадзетных сем’яў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот.

У лагерах пераважалі мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, арганізацыю творчай і пазнавальнай дзейнасці дзяцей. Асаблівы акцэнт быў зроблены на правядзенні спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў, а таксама мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы, рэспубліканскай героіка-патрыятычнай акцыі “Вялікай Перамозе — 75!”, мерапрыем­стваў, накіраваных на фарміраванне культуры бяспечнай жыццядзейнасці.

— Алена Уладзіміраўна, якія дасягненні вучняў і педагогаў натхняюць на новыя перамогі?

— Мы ганарымся дасягненнямі нашых педагогаў. 5 з іх сталі пераможцамі і прызёрамі розных конкурсаў прафесійнага майстэрства. Так, настаўніца хіміі сярэдняй школы № 3 Нясвіжа Людміла Іванаўна Шыцько і настаўнік працоўнага навучання гэтай школы Канстанцін Анатолье­віч Камінскі — пераможцы конкурсу “Настаўнік года Мінскай вобласці”; педагог сацыяльны Навасёлкаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Маргарыта Сяргееўна Пабока — прызёр абласнога конкурсу “Педагог сацыяльны года”. Загадчыца аддзялення Цэнтра дзіцячай творчасці Яўгенія Ігараўна Юхо стала пераможцай абласнога конкурсу “Малады лідар Міншчыны”, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Гарадзеі Яўген Аляксандравіч Жук — лаўрэатам творчага конкурсу “Педагагічны старт — 2020”.

Традыцыйна паспяховымі былі выступленні навучэнцаў раёна на абласных і рэспубліканскіх турнірах юных фізікаў, матэматыкаў. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах атрымана 15 дыпломаў. Паспяховым было і выступленне нашых навучэнцаў на абласных і рэспубліканскіх даследчых конкурсах — 19 дыпломаў. На міжнародных конкурсах заваявана 13 дыпломаў. Навучэнцы паспяхова прадстаўляюць свае праекты на міжнародных конкурсах у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Арле, Іжэўску і іншых гарадах. Вынікова выступілі навучэнцы і педагогі раёна ў конкурсах па робататэхніцы, праграмаванні — 12 дыпломаў у скарбонцы ўзнагарод Нясвіжчыны за мінулы навучальны год.

— Ваш вучэбна-метадычны кабінет прызнаны адным з лепшых у вобласці. Як настаўнікі ўдасканальваюць сваё педагагічнае майстэрства?

— За любымі дасягненнямі стаіць карпатлівая праца людзей. Перамога вучэбна-метадычнага кабінета на абласным конкурсе невыпадковая. Толькі дзякуючы зладжанай сістэмнай рабоце калектыву быў дасягнуты такі вынік. Метадысты — творчыя, крэатыўныя людзі, якія пастаянна самаадукоўваюцца, шукаюць новыя шляхі вырашэння праблем, што ўзнікаюць на іх шляху, ніколі не спыняюцца на дасягнутым. Як гаворыцца, вучацца самі і вучаць іншых. Ім нескладана зацікавіць педагогаў прыняць удзел у розных конкурсах, канферэнцыях, форумах, алімпіядах, паколькі яны могуць пракансультавац­ь іх па любым пытанні, растлумачыць алгарытм дзеянняў, правільна расставіць акцэнты падчас удзелу ў пэўным мерапрыемстве для ўдасканалення прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў. На сённяшні дзень найбольш запатрабаванымі формамі павышэння прафмайстэрства ў раёне з’яўляюцца дыстанцыйныя, паколькі яны дазваляюць істотна эканоміць час, акцэнтавац­ь увагу на самым важным у рабоце педагога, накіроўвац­ь яго сама­адукацыйную дзейнасць у патрэбнае рэчышча. Дарэчы, педагогі актыўна выкарыстоўваюць розныя месенджары для зносін, абмену інфарма­цыяй і ідэямі.

— Якія планы на новы навучальны год? Якія напрамкі работы будуць у прыярытэце?

— У новым навучальным годзе нам трэба будзе вырашыць шэраг канкрэтных задач. Але наша галоўная задача — гэта якасць адукацыі. У прыярытэце па-ранейшаму застаюцца пытанні павышэння выніковасці работы з высокаматываванымі вучнямі, арганізацыі якаснай прафілактычнай работы, накіраванай на фарміраванне законапаслухмянага грамадзяніна нашай краіны, фарміравання здароўезберагальнага і бяспечнага асяроддзя ў нашых установах.

Калі гаварыць аб цікавых праектах, то варта адзначыць, што ў жніўні гэтага года мы адкрылі экалагічную сцежку паблізу Нясвіжа і цяпер плануем правядзенне цэлага шэрага пазнавальных, забаўляльных мерапрыемстваў экалагічнай накіраванасці для дзяцей рознага ўзросту на тэрыторыі гэтага ўнікальнага аб’екта. Мяркуем запрашаць да нас і навучэнцаў з іншых раёнаў.

Летась мы ўпершыню правялі маштабны лега-фестываль для навучэнцаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі і іх бацькоў, накіраваны на фарміраванне навыкаў работы ў лега-канструя­ванні, робататэхніцы і праграмаванні. Плануем пашырыць межы гэтага фестывалю і прыцягнуць да яго правядзення навучэнцаў і педагогаў з іншых раёнаў з мэтай абмену вопытам. У верасні мы адкрываем першы ў раёне STEM-клас, на базе якога таксама плануем рэалізацыю пэўных цікавых ідэй.

Паколькі мы вельмі ганарымся нашымі настаўнікамі-метадыстамі (а іх у нас ужо 6), то стварылі клуб настаўнікаў-метадыстаў і ў новым навучальным годзе плануем правядзенне фестывалю педагагічнага вопыту, у межах якога педагогі будуць наведваць установы адукацыі раёна і дзяліцца з калегамі вопытам сваёй работы.

Упэўнена, што новы год будзе яркім, цікавым, насычаным новымі падзеямі. Хачу павіншаваць сваіх калег з новым навучальным годам і пажадац­ь ім ісці ў нагу з часам, з годнасцю пера­адольваючы праблемы і цяжкасці. Няхай нашы навучэнцы па­стаянна нас радуюць і прыемна здзіўляюць!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.