У новы навучальны год — з новымі праектамі

Лета, як ніякая іншая пара года, пралятае вельмі хутка. Неўпрыкмет цёплыя, бестурботныя дні заменяць вучэбныя восеньскія. Навучальныя ўстановы Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці рыхтуюцца прыняць сваіх выхаванцаў. Пра поспехі сістэмы адукацыі рэгіёна і планы на новы навучальны год расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лёзненскага райвыканкама Рыгор Армаісавіч АСІРАН.

— У мінулым навучальным годзе ў раёне былі апрабаваны новыя формы работы, якія, спадзяёмся, прынясуць станоўчыя вынікі. Так, у мэтах падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяд на вясенніх канікулах быў арганізаваны лагер для высокаматываваных дзяцей раёна “Алімпіёнак”. Наладжана супрацоўніцтва з Віцебскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя П.М.Машэрава па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд. Навучэнцы займаліся па такіх прадметах, як хімія, беларуская мова, матэматыка. Арганізавана работа міжшкольных факультатываў.Праводзілася значная работа па падрыхтоўцы навучэнцаў да цэнтралізаванага тэсціравання: арганізаваны заняткі на базе сярэдняй школы № 1 Лёзна, Дабрамыслінскай сярэдняй школы. Набыты праграмы для падрыхтоўкі да ЦТ, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, па матэматыцы, хіміі, фізіцы, гісторыі Беларусі. Работа ў гэтым напрамку працягваецца: у цяперашні час закупляюцца праграмы па рускай, беларускай мове, “10-бальны маніторынг”. Дарэчы, сёлета значна вырас працэнт паступлення навучэнцаў ва УВА і складае 42%, тады як у мінулым годзе — 25%.
На працягу 2014/2015 навучальнага года ў раёне створаны і актыўна працуюць рэсурсныя цэнтры. У межах работы рэсурснага цэнтра па інфарматызацыі на базе базавай школы № 2 Лёзна ў лістападзе 2014 года, сакавіку 2015 года 33 педагогі здалі экзамен і атрымалі сертыфікат карыстальніка інфармацыйнымі тэхналогіямі ў катэгорыях “Вучэбна-выхаваўчая работа” і “Адміністрацыйная работа”. Думаю, што гэтая работа будзе працягвацца і ў наступным навучальным годзе.
На базе ЦКРНіР Лёзненскага раёна ў межах рэсурснага цэнтра арганізавана метадычнае суправаджэнне настаўнікаў-дэфектолагаў, настаўнікаў-прадметнікаў, якія працуюць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У новым навучальным годзе плануецца арганізаваць рэсурсныя цэнтры па замежнай мове і фізіцы на базе сярэдняй школы № 1 Лёзна.
Ёсць станоўчыя вынікі і ў абласных конкурсах. Летась на абласным конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені. Каманда юных інспектараў дарожнага руху “Кола” заняла 2 месца ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу ЮІР. Абласны конкурс праектаў па энергазберажэнні і беражлівасці “Энергамарафон” прынёс 2 месца Дабрамыслінскай сярэдняй школе ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў галіне энерга- і рэсурсазберажэння”. Дыпломам Міністэрства адукацыі і падзякай Віцебскага палаца дзяцей і моладзі ўзнагароджаны музей народнай славы сярэдняй школы № 1 Лёзна.

— А як праводзяць апошні летні месяц школьнікі Лёзненшчыны?
— Актыўна ў летні перыяд, у тым ліку і ў жніўні, праходзіць аздараўленне навучэнцаў. Напрыканцы ліпеня — у пачатку жніўня быў арганізаваны дзевяцідзённы кругласутачны лагер “Пунсовыя ветразі” для 25 дзяцей з сем’яў, якія патрабуюць павышанай увагі. Лагер меў сацыяльна-педагагічную накіраванасць, з дзецьмі працавалі спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра. З 3 жніўня на базе Веляшковіцкай сярэдняй школы арганізаваны лагер працы і адпачынку для 10 навучэнцаў. Разам з БРСМ была арганізавана работа 7 брыгад. Таксама актыўнай формай работы ў летні перыяд з’яўляюцца рознаўзроставыя атрады па месцы жыхарства, у 21 атрадзе арганізавана праводзяць свой вольны час 332 навучэнцы школ раёна. У жніўні працягвае работу Цэнтр дзяцей і моладзі, які зараз наведваюць 60 дзяцей. Акрамя таго, сёлетнім летам 58 дзяцей у складзе 14 груп мелі магчымасць аздаравіцца ў Італіі. Такім чынам, летнія канікулы праходзяць для нашых дзяцей з карысцю. Будзем спадзявацца, што яны, поўныя сіл і энергіі, з задавальненнем прыступяць да вучобы!

— Ці гатовы ўстановы адукацыі раёна да ўвядзення профільнага навучання?
— Што тычыцца арганізацыі профільнага навучання, то яно будзе арганізавана ў 5 установах адукацыі раёна. Падчас падрыхтоўкі праведзены інструктыўна-метадычная нарада з адміністрацыяй устаноў адукацыі, анкетаванне сярод законных прадстаўнікоў і навучэнцаў па арганізацыі навучання ў профільных класах. На апошніх метадычных аб’яднаннях з настаўнікамі-прадметнікамі таксама былі абмеркаваны ўмовы і перспектывы профільнага навучання, матэрыяльна-тэхнічнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне.
Усе педагогі, якія будуць працаваць у профільных класах, прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі. Закупляюцца дадатковыя сродкі навучання па біялогіі, хіміі.

— Як падрыхтаваліся ўстановы адукацыі раёна да новага навучальнага года?
— У 2015/2016 навучальным годзе сетка ўстаноў адукацыі раёна застаецца ранейшай: 13 школ (з іх 7 ВПК) — 7 сярэдніх, 4 базавыя, 2 пачатковыя школы; 12 устаноў дашкольнай адукацыі, Лёзненскі цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.
Да пачатку навучальнага года праводзіўся бягучы рамонт ва ўсіх установах адукацыі раёна. Таксама на працягу года быў арганізаваны рамонт у яслях-садзе № 2 Лёзна (заменены аконныя блокі, міжпакаёвыя і ўваходныя дзверы), у Дабрамыслінскім яслях-садзе (праведзены рамонт даху, раздзявалак, устаноўлены бойлеры для падвядзення цёплай вады), сярэдняй школе № 1 (абсталяваны кабінеты фізікі, замежнай мовы), базавай школе № 2 (рамонт фае другога паверха будынка), Веляшковіцкай сярэдняй школе (рамонт сталоўкі, устаноўка аконных блокаў).
На педагагічнай канферэнцыі, якая адбудзецца 28 жніўня, мы будзем абмяркоўваць выніковасць удзелу навучэнцаў у абласных алімпіядах, кадравы склад педагагічных работнікаў, павышэнне якасці адукацыйнага працэсу праз укараненне сучасных адукацыйных тэхналогій і асобасна арыентаванага падыходу да навучэнцаў.
У планах на новы навучальны год — рэалізацыя на абласным узроўні інавацыйных праектаў “Роля кіраўніцкага маніторынгу ў павышэнні прафесійнай кампетэнцыі педагогаў устаноў адукацыі (Выдрэйскі яслі-сад — сярэдняя школа), “Зялёная школа” (сярэдняя школа № 1 Лёзна і Высачанскі яслі-сад — сярэдняя школа).

— Дзякуй за гутарку! Поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.