У новым фармаце

У паўднёва-заходнім мікрараёне-4 Брэста адкрылася першая ў горадзе дашкольная ўстанова, убудаваная ў 10-павярховы шматкватэрны дом. Да гэтага падобны праект быў летась рэалізаваны ў Драгічыне.

Спецыялісты КУП “Брэстжылбуд” пабудавалі дзіцячы сад менш як за год. Яго кошт склаў больш за 3 млн рублёў.  

На першым паверсе шматпавярхоўкі размясціліся адміністрацыйныя памяшканні, а ў прыбудове — раздзявальні, гульнявыя і спальныя пакоі, залы для гімнастычных і музычных заняткаў. Падлога там з падагрэвам. Агульная плошча дзіцячага сада — 1,4 тысячы м2.  

Гэта філіял ясляў-сада № 73, размешчанага непадалёк. Адрозненняў паміж імі, акрамя характару ўзвядзення, амаль няма. Толькі замест кухні ў новай установе спраектаваны дагатовачны цэх.

У дзіцячага сада ўласны ўваход і свая тэрыторыя з гульнявымі і спартыўнымі пляцоўкамі, памяшканнямі для летняга інвентару, ценявымі навесамі. Суседства з дашкольнай установай жыхароў дома не палохае.

Дзіцячы сад разлічаны на 3 групы па 20 чалавек у кожнай і адну ясельную групу на 15 чалавек. Але ў рэальнасці ўстанову наведвае больш за 90 дзяцей, трэцяя частка якіх пражывае ў гэтым жа доме.

Павіншаваць педагогаў, дзяцей і іх бацькоў з наваселлем завіталі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Ю.В.Шулейка, кіраўнік горада А.С.Рагачук, генеральны дырэктар КУП “Брэстжылбуд” А.І.Раманюк і іншыя ганаровыя госці. 

— Для Брэстчыны гэты праект пілотны, хаця для краіны ў цэлым не новы, — адзначыў Ю.В.Шулейка. — Ён атрымаў добрыя водгукі педагогаў і бацькоў. Калі праект сябе апраўдае, то падобнае будаўніцтва прадоўжыцца. Важна, што ўзвядзенне ўбудавана-прыбудаваных устаноў больш зручнае і эканамічнае, чым будаўніцтва тыповых садоў. А калі ў такой установе знікне неабходнасць, яе можна лёгка перапрафіляваць пад іншы аб’ект.  

Па словах А.І.Раманюка, праект убудавана-прыбудаванага дзіцячага сада надзвычай практычны. Ён займае менш плошчы, не стварае транспартных праблем і арганічна ўпісваецца ў жылую забудову.

Будаўніцтва падобных аб’ектаў запланавана ў Пінску, Іванаве і Маларыце. Акрамя таго, два тыповыя дзіцячыя сады праектуюць для новых мікрараёнаў Брэста.  

А.С.Рагачук расказаў, што тэмпы ўзвядзення жылой забудовы ў абласным цэнтры істотна апярэджваюць сацыяльную інфраструктуру: дзіцячыя сады, школы, паліклінікі. Убудавана-прыбудаваныя дашкольныя ўстановы толькі часткова вырашаюць праблему недахопу месцаў у іх. 

Навасёлы атрымалі ад кіраўніцтва вобласці аўтамабіль Lada Largus. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота БелТА.