У новым фармаце і з вялікім наратывам

- 10:20Актуально, Апошнія запісы

Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” правёў круглы стол на тэму “Настаўніцкая газета”: інавацыйныя напрамкі развіцця”. Каб абмеркаваць перспектывы развіцця газеты ў інфармацыйным, метадычным і выхаваўчым полі сістэмы адукацыі нашай краіны, мы запрасілі экспертаў — прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, грамадскіх арганізацый, кіраўнікоў устаноў адукацыі і нашых аўтараў. Сустрэча праходзіла ў прэс-цэнтры Дома прэсы. Дыялог атрымаўся насычаным і змястоўным. Мы вельмі ўдзячны за прапановы і парады.

Людміла ВЫСОЦКАЯ, прэс-сакратар Міністэрства адукацыі:

— “Настаўніцкая газета”— выданне для педагогаў і пра педагогаў. Газета інфармацыйна суправаджае дзейнасць усіх ступеней сістэмы адукацыі краіны, з’яўляецца пляцоўкай для абмену перадавым педагагічным вопытам. Акрамя таго, “Настаўніцкая газета” ініцыіруе і свае праекты, цесна ўзаемадзейнічае з педагогамі ўсёй краіны. Безумоўна, у газеты ёсць свой стыль.

Разам з тым трэба развівацца далей. Сёння няпроста ўтрымліваць увагу чытача і канкурыраваць з электроннымі інфармацыйнымі рэсурсамі. “Настаўніцкая” прыметная дзякуючы свайму арыгінальнаму зместу: многія метадычныя распрацоўкі беларускіх настаўнікаў можна знайсці толькі ў профільнай газеце. Але нам (Міністэрству адукацыі) хацелася б больш цеснага ўзаемадзеяння з газетай, асабліва ў асвятленні заканадаўчых і нарматыўных пытанняў. 

Асобна хачу звярнуць увагу на развіццё Telegram-канала газеты, дзе інфармацыя павінна з’яўляцца раней (у рэжыме рэальнага часу), чым будзе надрукавана ў газеце. Telegram павінен стаць пляцоўкай для абмеркавання хвалюючых пытанняў для прадстаўнікоў сістэмы адукацыі. Аператыўнае з’яўленне такой інфармацыі дазволіць хутка вырашаць праблемы, што ўзнікаюць, ці проста даведацца пра выдатных педагогаў, асабліва з далёкіх рэгіёнаў.

Мы ў міністэрстве завялі чат-бот, куды педагогі, вучні, бацькі дасылаюць свае пытанні і прапановы. Такая зваротная сувязь дапамагае знаходзіць унікальных педагогаў, якія вартыя асобнага артыкула ў газеце. 

Вадзім ГІГІН, старшыня праўлення Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Веды”:

— Гаворачы пра развіццё “Настаўніцкай газеты”, найперш трэба адштурхоўвацца ад стратэгіі. А стратэгій развіцця, як мне здаецца, можа быць дзве. Першая: “Настаўніцкая газета”, заснавальнікам якой з’яўляецца Міністэрства адукацыі, становіцца значным грамадска-палітычным выданнем нашай краіны і выходзіць за межы профільнага ведамства. Другая: “Настаўніцкая газета” — якасная карпаратыўная газета. Карпарацыя педагогаў вялікая, таму значнасць газеты высокая. Гэта два розныя падыходы, рэалізацыя якіх накіравана на розныя мэтавыя групы чытачоў. 

У цяперашні час газета з’яўляецца карпаратыўнай, але і тут нішы для прасоўвання могуць быць шырэйшымі. Так, тэхналагічныя інструменты накшталт Telegram ці Facebook важныя, але кантэнт газеты не павінен на 100 працэнтаў супадаць з кантэнтам сацыяльных сетак. Увогуле, рабоце з Telegram трэба вучыцца асобна, бо яго развіццё патрабуе адпаведных навыкаў.

Я часта чытаю газету, і мне здалося, што “Настаўніцкая газета” да канца не вызначылася з суадносінамі прадстаўлення ўзроўняў сістэм адукацыі. Прынамсі, у вышэйшай школе газета запатрабавана менш, чым у агульнаадукацыйнай. Сустракаючыся з педагогамі, я чую адсылкі да “Настаўніцкай газеты”, а, працуючы доўгі час дэканам, у размовах з калегамі спасылак на газету я не чуў.

Яшчэ адзін важны момант. У газеце адсутнічае дыскусійнасць. Канечне, гэта выклік, перад якім стаіць любое карпаратыўнае выданне: як і каго крытыкаваць. Але ў сённяшняй Беларусі без дыскусійнага стылю няма сэнсу выпускаць ніякае выданне. Калі вы чытаеце “Савецкую Беларусь”, то заўважылі, як яны памяняліся. У адукацыі здараюцца няпростыя рэзанансныя сітуацыі, якія трэба абмяркоўваць. І найперш на старонках газеты з прафесіяналамі, а не з абывацелямі ў Telegram-каналах. Напрыклад, цяпер, у час няпростай сітуацыі з кавідам, грамадскасць хвалюе пытанне неабходнасці (або наадварот) пераходу на дыстанцыйнае навучанне. Ёсць розныя меркаванні на гэты конт, таму было б цікава пачытаць меркаванні экспертаў.

Наракаюць на вялікія матэрыялы ў газеце, але нельга адмаўляцца ад вялікага наратыву. Трэба проста правільна яго падаваць. Дарэчы, ад глабальных тэкстаў не адмаўляецца ні адна сусветна вядомая газета. Той жа The New York Times палюе за вялікімі праграмнымі матэрыяламі. Тут трэба працаваць з аўтарам. Запамінаюцца актуальнасць узнятага пытання і погляд аўтарытэтнага чалавека, які на разварот выклаў сваю пазіцыю. Магчыма, такім матэрыялам неабходна надаць сістэмнасць. Калі людзі ўбачаць, што ёсць трыбуна, то яны захочуць выказацца. А чытэльнасць вялікіх матэрыялаў рэгулюецца вёрсткай.

Увогуле, абмеркаванне стратэгіі развіцця “Настаўніцкай газеты” можа ператварыцца ў творчы праект, да якога могуць падключыцца і чытачы, і грамадскія дзеячы, і ветэраны журналістыкі. А гэты круглы стол можа стаць зыходным пунктам.

Валерый ГАЛУБОЎСКІ, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі:

— Даўно вядома, што СМІ — чацвёртая ўлада, якая фарміруе меркаванне па многіх пытаннях. Гэта ж тычыцца і “Настаўніцкай газеты”. Калі гаварыць пра фармат падачы інфармацыі, то тут трэба ўлічваць не толькі мэтавую аўдыторыю, але і ўзрост чытачоў. У сістэме адукацыі ўвесь час адбываецца трансфармацыя педагагічнага складу, у прафесію прыходзіць новае пакаленне, якому патрэбна падтрымка. Будзе выдатна, калі на старонках газеты знойдуць сваё месца гісторыі поспеху маладых педагогаў. Такія гісторыі будуць спрыяць павышэнню іміджу педагагічнай прафесіі, паказваць магчымасці самарэалізацыі. Каб славутая піраміда Маслоу працавала, дасягненні трэба заўважаць і падтрымліваць. 

Калі гаварыць пра прасоўванне “Настаўніцкай газеты” ў сацыяльных сетках, то варта адпаведныя спасылкі друкаваць у газеце. Маладыя педагогі любяць лічбу. Акрамя таго, доступ да інфармацыйных каналаў павінен быць лёгкім. Калі мы гаворым пра газету, то навігацыя спасылак у яе электронным фармаце павінна быць сістэмнай і простай. Больш за тое, на сайце газеты можна было б даваць спасылкі на праекты іншых устаноў адукацыі.Тады б газета была сапраўдным інфармацыйным цэнтрам для ўсёй сістэмы адукацыі краіны.

Вяртаючыся да рубрыкацыі ў папяровым варыянце выдання, таксама хачу падкрэсліць яе важнасць. Устойлівая сістэма рубрык спросціць пошук неабходнай інфармацыі. Напрыклад, будзе выдатна, калі з’явіцца пастаянная рубрыка, прысвечаная Кодэксу аб адукацыі, дзе будуць каменціравацца пэўныя моманты гэтага важнага дакумента, прычым не толькі спецыялістамі Міністэрства адукацыі.

Наталля БУШНАЯ, дырэктар гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Мінска: 

— Бясспрэчна, “Настаўніцкая газета” — для педагогаў і пра педагогаў, таму калі гаварыць не столькі пра стратэгію, колькі пра тактыку, то вельмі важна зрабіць так, каб настаўнік чакаў гэтую газету, ведаючы, што прачытае ў ёй нешта важнае і значнае для сябе. Канечне, гэта няпроста, асабліва калі ў інтэрнэце можна хутка знайсці адказ на пытанне, якое ўзнікла.

Аднак канкурыраваць магчыма. Пагаджуся з Вадзімам Францавічам: “Настаўніцкай” не хапае дыскусійнасці, прычым прафесійнай дыскусійнасці. І гаворка не толькі пра глабальныя пытанні накшталт кодэкса ці дыстанцыйнага навучання. Мяняюцца праграмы, з’явіўся новы факультатыў па духоўна-маральным выхаванні, рэакцыя на які ў інтэрнэце была катэгарычнай. Але ж яна не адпавядае рэальнасці. Так, мы толькі пачынаем рэалізоўваць праграму факультатыву, узнікаюць пытанні, мы шукаем адказы. Чаму б на старонках газеты не падыскутаваць аб шляхах рэалізацыі гэтага факультатыву? 

У школах з гэтага навучальнага года пачалі працаваць кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні. Функцыянальна іх дзейнасць прапісана. Але ж пакуль не папрацуеш, не зразумееш усіх нюансаў. Вось вам яшчэ адна тэма для дыскусійнай пляцоўкі на старонках прафесійнай газеты. 

Хачу звярнуць увагу і на падачу матэрыялаў. Вялікія тэксты чытаць няпроста, тым больш у час, калі мы пастаянна кудысьці спяшаемся. Хочацца разгарнуць газету і прабегчыся па артыкулах, каб адразу зразумець іх сутнасць або метадычную значнасць. Таму калі ў тэкстах асобныя часткі (самыя важныя) будуць выдзелены, гэта дапаможа сарыентавацца. Канечне, найперш чытаюцца кароткія выказванні ці каментарыі на пэўныя тэмы. Але гэта не азначае, што трэба поўнасцю адмаўляцца ад аб’ёмных тэкстаў, асабліва калі гэта метадычныя распрацоўкі калег. Аўтарская методыка — аснова прафесійнага росту педагогаў. Вялікае значэнне маюць і ілюстрацыі. Сёння мы ўсе візуалы, таму значнасць фотаздымкаў узрастае. 

Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць маладым настаўнікам. Асобна пісаць пра педагагічныя класы, якія становяцца зыходным пунктам у выбары педагагічнай прафесіі. Думаю, што можна пашыраць чытацкую аўдыторыю газеты. “Настаўніцкая” можа стаць цікавай і патрэбнай бацькам, якія сёння не валодаюць псіхолага-педагагічнымі ведамі.

Іван ФЁДАРАЎ, начальнік Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі: 

— У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі я працую з настаўнікамі-метадыстамі, а гэта самая прасунутая частка педагагічнай грамадскасці. На апошніх занятках з імі я правёў прэс-апытанне “Якой бы вы хацелі бачыць “Настаўніцкую газету”?” 

Першае, што мне сказалі: у газеце павінны быць метадычныя распрацоўкі. Гэта важна як з пункту гледжання прафесійнай значнасці педагога-аўтара, так і з пункту гледжання папулярызацыі лепшых педагагічных практык краіны. Акрамя таго, публікуючы такія матэрыялы, “Настаўніцкая газета” кансалідуе міжпрадметныя сувязі, якія ў вучэбным працэсе вельмі важныя. Добры настаўнік шукае зерне не толькі ў сваім прадмеце, ён глядзіць значна шырэй. І “Настаўніцкая” якраз пашырае яго кругагляд.

Важна, каб у газеце рабіўся анонс са спасылкай на першакрыніцу ўсіх новых нарматыўных дакументаў, звязаных з сістэмай адукацыі. Здараецца, што ні педагогі, ні дырэктары не сочаць за з’яўленнем новых дакументаў.

Для папулярызацыі педагагічнай прафесіі важна паказваць настаўніцкія дынастыі. У нашай сістэме шмат педдынастый.

Яшчэ мне здаецца, што газеце не хапае структураванасці. Па-першае, на першай паласе можна рабіць анонсы самых значных матэрыялаў, а па-другое, было б выдатна, каб матэрыялы па выхаваўчай ці арганізацыйна-ўрочнай тэматыцы лёгка шукаліся, напрыклад, па пэўных маркерах ці іншых візуальных падказках.

Ірына ПЯТКУН, дырэктар Рэчыцкага раённага ліцэя Гомельскай вобласці: 

— Мы цесна супрацоўнічаем з “Настаўніцкай газетай”. Журналісты былі ў нашым ліцэі ў рамках прэс-туру, перыядычна педагогі ліцэя друкуюць свае метадычныя матэрыялы з вопыту работы. Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я таксама, як і Іван Віктаравіч, спытала ў калег з ліцэя і горада (якраз была нарада), якія матэрыялы павінны быць на старонках газеты пастаянна. Усе сказалі пра метадычныя распрацоўкі. “Настаўніцкая” — для настаўнікаў. 

Канечне, газета павінна падтрымліваць маладых педагогаў, як маральна, так і метадычна. Педагог — натхняльная і пазітыўная прафесія, прафесія з шырокімі магчымасцямі для самарэалізацыі. Таму калі на старонках газеты сістэматычна будуць з’яўляцца матэрыялы пра паспяховых маладых настаўнікаў, гэта будзе працаваць на імідж усёй сістэмы.

Я згодна з тым, што ў газеце павінны быць спасылкі на дакументы. Разам з тым было б добра, каб такія спасылкі з анонсамі з’явіліся і на якасныя метадычныя матэрыялы. Папяровая версія газеты абмежавана ў аб’ёме і не зможа размясціць усе распрацоўкі, а спасылкі пашыраць магчымасці і чытацкую аўдыторыю. 

Безумоўна, у газеце павінна быць актуальная прафесійная інфармацыя. Цяпер на першы план выходзіць патрыятычнае выхаванне моладзі, таму будзе выдатна, калі калегі на старонках газеты будуць дзяліцца сваім вопытам і напрацоўкамі ў гэтым напрамку. Не менш актуальным з’яўляецца і пытанне дыстанцыйнага навучання, бо хварэюць і дзеці, і педагогі. 

Увогуле, мы “Настаўніцкую” любім і чытаем. Заўсёды рады падтрымаць усе ініцыятывы і новаўвядзенні, каб калегі знаходзілі ў сваёй газеце ўсё неабходнае для работы і для душы. 

Інеса ЗУБРЫЛІНА, начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка, настаўнік-метадыст, настаўнік года — 2011:

— Сёння мы гаворым пра ўдасканаленне газеты, і хачу адзначыць, што метадычныя матэрыялы — ядро прафесійнай газеты для настаўнікаў. Яны былі і павінны заставацца. Больш за тое, іх павінна станавіцца больш. Прафесійная кампетэнцыя педагога — гэта здольнасць паспяхова дзейнічаць на аснове практычнага вопыту — уласнага і сваіх калег. Друкуючы метадычныя матэрыялы, “Настаўніцкая газета” павышае прафесійную кампетэнтнасць нашых настаўнікаў.

Разам з тым на старонках газеты шмат матэрыялаў справаздачнага характару і няма палемічных тэкстаў. Газета рабіла такія спробы, калі абмяркоўваліся пытанні дысцыпліны ў класе, педагагічнай этыкі, формы для настаўнікаў. Такія абмеркаванні якраз і вартыя газетнага развароту, бо сваім меркаваннем маглі б дзяліцца некалькі экспертаў, прычым з педагагічнай, бацькоўскай і вучнёўскай грамадскасці. 

“Настаўніцкай” не хапае фармату дыялогу. Ужо гаварылася пра магчымасці ўздзеяння СМІ на грамадскую думку. “Настаўніцкая” павінна фарміраваць педагагічную думку. Газеце не хапае матэрыялаў, якія б абмяркоўвалі ў настаўніцкіх. У некаторых школах існуе практыка, калі некаторыя прасунутыя настаўнікі чытаюць газету, выдзяляюць асобныя месцы і пакідаюць у настаўніцкай для калег (мне пра гэта гаварылі члены клуба “Крыштальны журавель”), але гэтыя матэрыялы ў большасці сваёй метадычнага характару.

А вось з палемікай у газеты пакуль праблемы. У сістэме адукацыі дастаткова пытанняў для абмеркавання. Магчымасць выказацца за і супраць дапаможа экспертам вырашыць спрэчныя моманты. Магчыма, павінна з’явіцца рубрыка “Педагагічныя парады”. 

Нядаўна я вярнулася з Масквы, дзе была на Тыдні настаўніка Расіі. І адным з мерапрыемстваў гэтага тыдня было наведванне выставы “Роля настаўніка ў гісторыі краіны”. Там я хадзіла з горда паднятай галавой, бо першая настаўніца на зямлі русскай — Ефрасіння Полацкая, а чалавек, які прывёз галоўны прыз з конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў СССР, — наш Валерый Гербутаў. Я ўпершыню даведалася пра настаўніка фізікі з 42-й школы Мінска, які вучыў Жарэса Алфёрава. Мы многае не ведаем пра сваіх жа калег! 

Мне вельмі спадабалася ідэя, якую рэалізавалі на рэспубліканскім свяце, прымеркаваным да Дня настаўніка. На святочным канцэрце паказвалі знакавых для нашай краіны педагогаў, такіх як, напрыклад, Віталь Васільевіч Гузаў або Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі. Гэта ж стаўпы, пра якіх трэба пісаць! Гэта педагогіка ў асобах, якія былі ці знаходзяцца побач з намі.  

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.