У новым фармаце

- 10:51Адукацыйная прастора

Цэнтр педагагічных ініцыятыў у рабоце з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі працуе ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі з новага навучальнага года.

Калектыў цэнтра складаюць 12 метадыстаў, кожны з якіх курыруе пэўны вучэбны прадмет, на чале з Аляксандрам Кандратовічам.

— Віцебшчына мае багаты, па многіх пазіцыях унікальны вопыт работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Мы захоўваем лепшыя традыцыі рэгіянальнай сістэмы адукацыі, але час патрабуе сістэмнага пашырэння функцыяналу і спектра работы, новых падыходаў — гэта і стала перадумовай стварэння цэнтра, — адзначыў Аляксандр Барысавіч. — Сярод напрамкаў нашай дзейнасці — арганізацыя адукацыйных пляцовак (профільных змен, вочных і вочна-завочных школ), развіццё кампетэнцый школьнікаў у навукова-даследчай і праектнай дзейнасці; правядзенне для дзяцей псіхалагічных заняткаў і трэнінгаў, накіраваных на развіццё асобы, сацыяльна-псіхалагічную адаптацыю, самавызначэнне і самарэалізацыю; псіхолага-педагагічнае суправаджэнне профільных лагерных змен, злётаў, алімпіяд, рэгіянальных конкурсаў і спаборніцтваў; арганізацыя і правядзенне семінараў, курсаў павышэння кваліфікацыі для педагогаў, а таксама канферэнцый, конкурсаў, лекторыяў, вебінараў у рамках работы з адоранымі дзецьмі; вядзенне рэспубліканскага банка даных “Адораныя дзеці” і банка інавацыйных педагагічных практык, распрацоўка, выданне і забеспячэнне спецыялістаў адукацыйных арганізацый вобласці метадычнымі рэкамендацыямі па рабоце з адоранымі дзецьмі.

Распрацаваны комплекс мерапрыем­стваў і пачалася яго рэалізацыя. Так, мы арганізоўваем цыкл семінараў для педагогаў, якія працуюць з адоранымі дзецьмі: гэтыя семінары ўжо праведзены з настаўнікамі хіміі і біялогіі, у найбліжэйшы час адбудзецца семінар для настаўнікаў грамадазнаўства. На мінулым тыдні нашы дзеці стартавалі ў Міжрэгіянальнай мнагапрофільнай алімпіядзе навучэнцаў 6—11 класаў па матэматыцы і інфарматыцы, зараз рыхтуемся да ўдзелу па фізіцы. Упершыню сёлета каманда вобласці атрымала запрашэнне да ўдзелу ў Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе школьнікаў па інфарматыцы, фізіцы і матэматыцы. У найбліжэйшай перспектыве — і міжнародны матэматычны турнір гарадоў, і абласны турнір юных матэматыкаў, які Віцебшчына таксама будзе праводзіць упершыню.

Адным з першых крокаў стала арганізацыя абласнога летняга профільнага лагера “Алімпіец” на базе Віцебскага кадэц­кага вучылішча і абласной профільнай змены “Лабірынт ведаў” у дзіцячым азда­раўленчым лагеры “Дружные ребята”. Акрамя аздараўленча-спартыўнага, выхаваўчага і культурна-забаўляльнага, іх праграма ўключала моцны адукацыйны складнік. Было арганізавана вывучэнне на паглыбленым узроўні гісторыі, грамадазнаўства, фізічнай культуры і здароўя, астраноміі, хіміі, біялогіі, геаграфіі. Заняткі праводзілі выкладчыкі профільных кафедр універсітэтаў, метадысты ІРА і вядучыя педагогі ўстаноў адукацыі рэгіёна. Як паведаміла рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская, практыку правядзення абласных профільных лагераў па вучэбных прадметах вырашана зрабіць круглагадовай. З ліку новаўвядзенняў — зменяцца крытэрыі адбору ўдзельнікаў. Калі раней яго ажыццяўлялі аддзелы і ўпраўленні па адукацыі па месцы вучобы адораных і высокаматываваных навучэнцаў, то цяпер у аснову закладваюцца вынікі алімпіяд.

— Возьмем для прыкладу алімпіяды па беларускай і рускай мове і літаратуры: яны будуць арганізаваны для навучэнцаў 5—11 класаў, прычым заданні першага этапу для ўсіх устаноў адукацыі вобласці аднолькавыя, — патлумачыў Аляксандр Кандратовіч. — Потым пераможцы з ліку 9—11-класнікаў удзельнічаюць у раённых і гарадскіх этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Як правіла, ім алімпіядны фармат добра знаёмы. Навучэнцы 5—6 класаў выходзяць на абласную дыстанцыйную алімпіяду, што дазваляе як павысіць матывацыю, так і пашырыць магчымасці ранняй дыягностыкі схільнасці дзіцяці да таго ці іншага прадмета. А навучэнцаў 7—8 класаў чакаюць два дыстанцыйныя і вочны тур абласной алімпіяды. З тымі, хто прадэманструе высокі вынік, бу­дзем працаваць індывідуальна, і менавіта яны атрымаюць запрашэнні ў профільныя лагеры. Вопыт абласных дыстанцыйных алімпіяд у нас апрабаваны, час пацвердзіў іх эфектыўнасць.

Работа цэнтра будзе ажыццяўляцца ў цесным кантакце з установамі вышэйшай адукацыі. Профільныя ўніверсітэцкія кафедры разам з абласным ІРА актыўна ўдзель­нічаюць у падрыхтоўцы каманды вобласці да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, супрацоўнічаюць са школамі і гімназіямі вобласці. Вышэйзгаданая практыка значна пашырыцца. Дагаворы і планы сумесных мерапрыемстваў узгоднены як з дзяржаўнымі рэгіянальнымі УВА, так і з Віцеб­скім філіялам Міжнароднага ўніверсітэта
“МІТСО”, БДУ і БДУІР. Асобны напрамак — супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій, з якім на працягу 11 гадоў Віцебшчына паспяхова рэалізавала шэраг праектаў і зараз пачынае новыя.

— Безумоўна, мы будзем абапірацца і на вопыт лепшых педагогаў вобласці, навучэнцы якіх дэманструюць высокія вынікі, настаўнікаў-метадыстаў, — падкрэсліла рэктар Віцебскага ІРА, Вольга Лапацін­ская. — Карыстаючыся выпадкам, хачу па­дзякаваць за плённае ўзаемадзеянне ВДУ імя П.М.Машэрава у прыватнасці, філалагічнаму факультэту на чале з Сяргеем Нікалаенкам і факультэту матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій на чале з Аленай Залескай. Яны разам з нашымі метадыстамі і вядучымі настаўнікамі-прадметнікамі даюць узор каманднай работы з адоранымі навучэнцамі, на які варта раўняцца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота з архіва Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.