У новым годзе — у новы сад

- 11:01Навіны рэгіёнаў

У новым годзе ў новы дзіцячы сад пайшлі 163 маленькія жыхары Дзяржынска. Яслі-сад № 1 быў урачыста адкрыты ў райцэнтры і стаў цудоўным падарункам для маленькіх і дарослых да самага чароўнага свята. З адкрыццём дзіцячага сада ў райцэнтры праблема забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садах у раёне практычна ліквідавана.

Сямён Барысавіч Шапіра, старшыня Мінаблвыканкама, які прыехаў на ўрачыстую цырымонію адкрыцця дашкольнай установы, адзначыў, што такія мерапрыемствы ў вобласці ў апошнія некалькі гадоў — даволі частая з’ява. Толькі нядаўна адкрыліся сады ў Самахвалавічах і Мачулішчах, да наваселля рыхтуецца сад у Барысаве. І гэта радуе. Губернатар падкрэсліў, што дзяржава робіць усё магчымае, каб дзеці раслі здаровыя, прыгожыя і разумныя, каб яны выхоўваліся ва ўтульнасці і пра іх клапаціліся дарослыя. “Усяго за 2015 год на Міншчыне створана 817 месцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі дзякуючы будаўніцтву новых і рэарганізацыі існуючых устаноў, — расказвае Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Яслі-сад № 1 Дзяржынска, які сёння адкрываецца, установа асаблівая. Па-першае, вырашаецца пытанне забяспечанасці месцамі ў дашкольных установах і іх крокавай даступнасці ў раёне. Акрамя таго, гэта першая ў Мінскай вобласці дашкольная ўстанова з поўным дасканалым безбар’ерным асяроддзем”.І сапраўды, у гэтым дзіцячым садзе ёсць усё неабходнае, каб дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця маглі без перашкод атрымліваць адукацыю. Ёсць поручні і пандусы, працуе ліфт, на выпадак адключэння ліфта існуе спецыяльны гусенічны пад’ёмнік для лесвіцы, ёсць прыстасаванне, якое дапаможа апускаць дзяцей з асаблівасцямі ў басейн. Супрацоўнікі сада гатовы ствараць надзейную платформу для інклюзіўнай адукацыі, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Дзяржынскім ЦКРНіР. Усяго ў яслях-садзе запрацавалі два класы і адна дашкольная група для дзяцей з АПФР.Умовы для выхаванцаў сада створаны найлепшыя: гуляць і вучыцца яны будуць ва ўтульных групах з сучасным гульнявым абсталяваннем, для іх здароўя працуюць спартыўная зала і басейн, для творчага развіцця — музычная зала, для адпачынку ёсць сенсорны пакой і пакой псіхалагічнай разгрузкі. Абуджаць пазнавальную і творчую актыўнасць дзяцей выхавальнікі будуць у смарт- і лега-цэнтры. Хлопчыкам і дзяўчынкам прапанавана навучанне англійскай мове, харэаграфіі, ткацтву, гульні ў шахматы і шашкі. Таксама ў садзе працуюць медыцынскі блок і бацькоўскі пакой. Найлепшым чынам абсталявана і тэрыторыя вакол установы — тут сучасныя гульнявыя пляцоўкі, спартыўная, пляцоўка для вывучэння Правіл дарожнага руху. Гэты дзіцячы сад адкрываецца ў Дзяржынску далёка не першым, і ўсё ж яму прысвоены № 1. Калісьці ў горадзе ўжо існавала дашкольная ўстанова з гэтым нумарам. Яна адкрылася праз некалькі тыдняў пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе і праіснавала да 2002 года, калі была закрыта ў сувязі са скарачэннем колькасці дзяцей. І вось цяпер новы дзіцячы сад у новым будынку стане пераемнікам і разам з нумарам возьме традыцыі і найлепшыя напрацоўкі старога сада. Ужо зараз дакументы і фотаздымкі, якія захавалі былыя супрацоўнікі сада, перададзены ў новую ўстанову. Тут нават думаюць стварыць невялічкі музей гісторыі сада № 1. Сярод гасцей, якія прыйшлі ў новы сад у дзень яго адкрыцця, была і Галіна Іосіфаўна Русецкая. Яна 26 гадоў свайго працоўнага жыцця аддала дзіцячаму саду № 1, была яго загадчыцай і зараз разам з усімі радуецца, што для дзяцей ствараюцца такія ўмовы. “Я шчаслівая і ганаруся тым, што адрадзіўся садок № 1. Мы працавалі ў іншых умовах, зусім не такіх, якія я ўбачыла сёння. Але мы працавалі адной дружнай сям’ёй і выхоўвалі ў дзецях найлепшыя якасці. Гэтага я жадаю і калектыву новага дзіцячага сада — працаваць у ладзе і згодзе. У іх ёсць усё, каб працаваць добра, — лічыць былая загадчыца дзіцячага сада № 1 і дадае: — Умовы проста фантастычныя. Вось, думаю, скінуць бы пару дзясяткаў гадоў і папрацаваць тут!”

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.