У няспынным развіцці

- 12:12Якасць адукацыі

Начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА Святлана Васільеўна Селязнёва пастаянна працуе над павышэннем сваёй прафесійнай кампетэнтнасці. Яна пераканана, што інакш немагчыма, бо ўзначалены ёй аддзел інстытута курыруе работу і аказвае арганізацыйна-метадычную дапамогу органам кіравання адукацыяй, кіраўнікам і педагагічным калектывам устаноў адукацыі па ўсёй Магілёўскай вобласці.

— Трэба валодаць усімі зменамі, новаўвядзеннямі ў нарматыўных дакументах, знаёміцца з новымі методыкамі, тэхналогіямі, падыходамі ў адукацыі, каб пасля трансліра-ваць гэты вопыт сярод кіраўнікоў навучальных устаноў рэгіёна, загадчыкаў вучэбна-метадычных кабінетаў, кіраўнікоў раённых аддзелаў па адукацыі. І не проста трансліраваць, але і ўкараняць сучасныя і перадавыя падыходы, эфектыўны педагагічны вопыт на месцах, бо якасць адукацыі залежыць найперш ад прафесійнага ўзроўню настаўнікаў, — адзначыла С.В. Селязнёва.

Каб матываваць педагогаў на прафесійнае развіццё, спецыялісты аддзела пад кіраўніцтвам С.В.Селязнёвай распрацоўваюць i ажыццяўляюць метадычнае суправаджэнне розных абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства. Сярод іх — конкурс “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, фестываль маладых педагогаў “Прызванне — педагог”, фестывалі вопыту кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Лідар адукацыі”, “Інавацыйны менеджмент: ад кваліфікацыі настаўніка — да лідарства адукацыйнай сістэмы”.

Асаблівае месца ў дзейнасці аддзела займае падтрымка педагогаў, якія працуюць у профільных агракласах. У абазначаным кірунку спецыялістамі рэгулярна арганізуюцца семінары, нарады, практыкумы. А асабіста С.В.Селязнёва выступіла аўтарам праграмы навучальных курсаў для настаўнікаў, якія выкладаюць у профільных класах аграрнай накіраванасці. Таксама па яе ініцыятыве ў рэгіёне была ўпершыню праведзена алімпіяда для навучэнцаў агракласаў.

Дасведчаны, высокакваліфікаваны спецыяліст, Святлана Васільеўна мае шмат ганаровых узнагарод за сваю плённую працу. Аднак у прафесійным удасканаленні яна не спыняецца. На гэта, у тым ліку ўласным прыкладам, матывуе і магілёўскіх педагогаў, асабліва тых, што валодаюць высокай кампетэнцыяй і педагагічным талентам.

— З нядаўняга часу мы стварылі ў рэгіёне клуб “KLUM.by”, які аб’ядноўвае пераможцаў і лаўрэатаў розных этапаў рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Гэта было зроблена для таго, каб вопыт і эфектыўныя напрацоўкі лепшых настаўнікаў шырока трансліраваліся і ўкараняліся, каб іх дасягненні стымулявалі на самаразвіццё іншых педагогаў, бо ў павышэнні прафесійнай кампетэнцыі менавіта матывацыя з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў, — падкрэсліла С.В.Селязнёва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.