У няспынным развіцці

Адзінае месца работы Таццяны Віктараўны Красоўскай — дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 58 Гродна. Сюды пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага вучылішча яна прыйшла працаваць выхавальнікам.

Тады гэта быў яслі-сад № 58. У 2013 годзе дашкольная ўстанова стала цэнтрам развіцця, а Таццяне Красоўскай прапанавалі заняць пасаду выхавальніка-метадыста.

— І наш выбар быў вельмі слушным, — гаворыць загадчык ДЦРД № 58 Вольга Аляксееўна Клім. — З першых дзён работы ў садку Таццяна Віктараўна вылучалася актыўнасцю і добрасумленнасцю. Яна пастянна вучылася, выбудоўвала добрыя адносіны з калегамі і бацькамі выхаванцаў. Адзін з прынцыпаў нашай работы — стварэнне індывідуальнага маршруту развіцця кожнага педагога і кожнага выхаванца. Убачыўшы вялікую працаздольнасць і зацікаўленасць Таццяны Віктараўны, падтрымлівалі яе і падчас вучобы ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова, і калі яна ўдзельнічала ў розных конкурсах, канферэнцыях і семінарах. Кожную справу Таццяна Віктараўна робіць з такім энтузіязмам, такое задавальненне ў яе вачах ад атрыманага выніку, што і астатнім гэты настрой перадаецца. Яна быццам становіцца на прыступку вышэй, і ўсе астатнія педагогі за ёй цягнуцца.

Гэтая невысокая, далікатная жанчына нясе на сваіх плячах вялікі груз абавязкаў па метадычным суправаджэнні работы выхавальнікаў. Асаблівую ўвагу ўдзяляе маладым спецыялістам. Вельмі любіць і работу з дзецьмі, як педагог дадатковай адукацыі зараз вядзе вячэрнюю групу падрыхтоўкі да школы па матэматыцы з элементамі развіцця лагічнага мыслення. З 2016 года — член абласной творчай групы метадыстаў і намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, дзе праводзіць заняткі на курсах перападрыхтоўкі. З 2006 года — старшыня прафсаюзнага камітэта сваёй установы.

Вялікую ўвагу Т.В.Красоўская ўдзяляе рабоце з бацькамі выхаванцаў па іх псіхолага-педагагічным суправаджэнні.

А нядаўна да абавязкаў Таццяны Віктараўны дабавіўся яшчэ адзін — вучыць дзяўчат-старшакласніц сярэдняй школы № 3, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Памочнік выхавальніка дашкольнай установы”. Дарэчы, наступныя заняткі з імі будуць прысвечаны рабоце з рознымі канструктарамі з улікам узросту дзяцей і матэрыялу канструктара.

— Вельмі радуюся, калі дзяўчаты выказваюць жаданне звязаць свой прафесійны лёс з дашкольнай адукацыяй, з педагогікай,— гаворыць Таццяна Віктараўна. — А такія ўжо ёсць. Мне цікава працаваць і са студэнтамі педагагічнага факультэта Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Наш цэнтр з’яўляецца базай для правядзення практыкі. Штогод каля 30 студэнтак праходзяць практыку ў нашай установе.

Па выніках мінулага года дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 58 стаў пераможцам гарадскога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў дашкольнай адукацыі Гродна. Калектыў цэнтра вылучае актыўнасць педагогаў, якія ўцягваюць у такую ж актыўнасць дзетак і іх бацькоў. Адзін пералік конкурсаў, фестываляў, ініцыятыў, у якіх прымае ўдзел калектыў установы, зойме не адну старонку. Так, Таццяна Віктараўна пабывала на семінары па экалагічных пытаннях, і калектыў далучыўся да ініцыятывы “УРА Гродна! (устой­ліваму развіццю — актыў­насць Гродна)”. Акрамя шматлікіх экалагічных мера­прыемстваў, зараз у цэнтры гурток “Я — даследчык” вядзе студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ Яна Вараб’ёва (факультэт з’яўляецца адным з арганізатараў гэтай ініцыятывы). З 2 сакавіка ў цэнтры праводзяць экалагічную акцыю па зборы другаснай сыравіны: макулатуры, полі­этылену, ПЭТ-бутэлек, а атрыманыя сродкі накіруюць на добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі ўстановы.

Т.В.Красоўская прадстаўляе вопыт установы на розных конкурсах і семінарах. У лютым гэтага года на абласным семінары для работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі яна расказала пра сучасныя методыкі і тэхналогію экалагічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту. Летам 2019 года разам з намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталляй Генрыкаўнай Казлоўскай атрымала першае месца на рэгіянальным этапе Рэспубліканскага фестывалю педагагічных ідэй “Каб мова родная гучала” за метадычную распрацоўку “Паэтычнае падарожжа па родным горадзе” (літаратурная гасцёўня для бацькоў) і план тэматычнага тыдня “Пісьменнікі Прынёманскага краю — дзецям”. У сту­дзені 2019 года атрымала дыплом I ступені аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна на раённым конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” за вэб-праект “Бацькам будучых першакласнікаў”. У снежні мінулага года ўдзельнічала ў Каложскіх чытаннях, якія арганізоўвае Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

На пытанне, як знаходзіць час на такое актыўнае прафесійнае жыццё, Таццяна Віктараўна адказвае проста: “Трэба хацець гэта рабіць”. І яшчэ адзін яе жыццёвы прынцып: “Трэба пастаянна займацца самаадукацыяй, шукаць штосьці новае, наведваць семінары, канферэнцыі, чытаць прафесійную літаратуру”. Адсюль і новыя ідэі, і жаданне іх ажыццявіць.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.