У нястомным руху наперад

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Сучасны педагог павінен пастаянна імкнуцца да ўдасканалення свайго прафесійнага майстэрства. Свет і грамадства зараз дынамічна развіваюцца. Не павінен стаяць на месцы ў прафесійным развіцці і педагог. Такога меркавання прытрымліваецца настаўнік інфарматыкі і тэхнічнай працы Касцюковіцкай раённай гімназіі Віктар Іванавіч Вараб’ёў.

— Сёння настаўніку неабходна ўлічваць змяненні і новаўвядзенні ў сферы адукацыі, грамадскія тэндэнцыі, адным словам, быць у трэндзе і ўмець укараняць адпаведныя часу змены ў сваю педагагічную дзейнасць. Але важна працаваць не толькі над прафесійным, але і над асобасным развіццём. Бо педагогу трэба не толькі вучыць, але і выхоўваць. У першую чаргу — асабістым прыкладам, — перакананы В.І.Вараб’ёў.

Па такім прынцыпе Віктар Іванавіч будуе сваю работу на працягу ўжо больш як дваццаці пяці гадоў. Дарэчы, у педагогіку ў свой час ён прыйшоў менавіта таму, што натхніўся прыкладам свайго школьнага настаўніка.

— Мой настаўнік працоўнага навучання Віктар Васільевіч Раманаў быў цудоўным прафесіяналам і вельмі яркай асобай. Ён галоўным чынам і паўплываў на мой выбар прафесійнага жыццёвага шляху. Бацькі раілі іншае, але я ад сваёй мары не адступіўся, — паведаміў В.І.Вараб’ёў.

Як і яго школьны настаўнік, Віктар Іванавіч пайшоў вучыцца ў Аршанскі педагагічны каледж. Пасля скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут.

— Маладым спецыялістам па размеркаванні мяне адпраўлялі ў Гомель. Але ўжо тады я цвёрда вырашыў, што вярнуся жыць і працаваць на малую радзіму — сваю Касцюкоўшчыну, — расказаў В.І.Вараб’ёў.

Пастаўленых мэт Віктар Іванавіч прывык дасягаць. Імкненне вярнуцца ў родны раён не стала выключэннем. Маладым настаўнікам працоўнага навучання ён прыйшоў у сярэднюю школу № 4 райцэнтра і надоўга затрымаўся ў гэтай навучальнай установе.

— У 4-й гарадской школе цалкам адбыўся як педагог. З гэтай установай у мяне звязана мноства цёплых успамінаў. Пасля перанавучання ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прыняў рашэнне стаць часткай творчага педагагічнага калектыву раённай гімназіі. Гэта быў новы крок у бок прафесійнага развіцця, — адзначыў В.І.Вараб’ёў.

З раённай гімназіяй жыццё Віктара Іванавіча трывала звязана на працягу ўжо дванаццаці гадоў. Гімназістам ён выкладае не толькі тэхнічную працу, але і інфарматыку. Урокі В.І.Вараб’ёва адрозніваюцца мэтанакіраванасцю і разнастайнасцю прыёмаў і метадаў навучання.

— Перакананы, што ўсе веды, атрыманыя на ўроках, павінны спатрэбіцца дзецям у рэальным жыцці. Таму заўсёды імкнуся рабіць заняткі максімальна практыка-арыентаванымі. Часта выкарыстоўваю розныя электронныя рэсурсы адукацыйных сайтаў, камп’ютарнае тэсціраванне пры апытанні і праверцы засваення новага матэрыялу, практыка-арыентаваныя заданні. На маіх уроках інфарматыкі пераважае метад праектнага навучання. Як правіла, кожны раздзел або тэма заканчваецца міні-праектам навучэнца з наступнай абаронай. Гэта дазваляе раскрыць творчы патэнцыял вучняў і рэалізаваць атрыманыя імі веды на практыцы. Вядома, шырока прымяняю і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. У прыватнасці, магчымасці інтэрактыўнай дошкі, мультымедыйных прэзентацый, — расказаў В.І.Вараб’ёў.

Паводле яго слоў, інфарматыкай сучасныя дзеці захоплены пагалоўна. А вось з прывіццём цікавасці да ўрокаў тэхнічнай працы ўсё складана.

— Калі пяцікласнікамі хлопцы ўпершыню прыходзяць у майстэрню, яны поўныя энтузіязму. Яны гараць жаданнем майстраваць, канструяваць, вынаходзіць. І ў той момант важна падтрымаць гэтае захапленне, каб захаваць цікавасць да прадмета ў далейшым. На занятках па працы стараюся зыходзіць са здольнасцей навучэнцаў, іх інтарэсаў і нават пажаданняў, але пры гэтым улічваю і агучваю патрабаванні вучэбнай праграмы. Важным лічу стварэнне для кожнага вучня сітуацыі поспеху. Часта выкарыстоўваю рознаўзроўневыя тэарэтычныя і практычныя заданні, работу ў групах на аснове ўзаемадапамогі і адказнасці адно перад адным. Калі дзіця бачыць вынік сваёй дзейнасці, яе практычную значнасць для гімназіі, сям’і, грамадства, тады яму хочацца прыходзіць на ўрок, атрымліваць і ўдасканальваць свае працоўныя навыкі. А практыкаарыентаванасць дае дзецям усведамленне таго, што ўсе атрыманыя на занятках уменні спатрэбяцца ім у дарослым жыцці, — падкрэсліў Віктар Іванавіч.

У аснову сваёй педагагічнай дзейнасці В.І.Вараб’ёў ставіць таксама прынцып супрацоўніцтва. Педагог перакананы: супрацоўніцтва з навучэнцамі, паразуменне паміж педагогам і дзецьмі, спрыяльная атмасфера ў класе — асноўныя фактары паспяховага навучання.

— Для сваіх вучняў імкнуся быць не толькі настаўнікам, але і ў некаторай ступені старэйшым таварышам, да якога яны могуць звярнуцца па параду, дапамогу. Вельмі важна, каб дзеці разумелі педагога, а педагог — дзяцей, таму стараюся быць з навучэнцамі на роўных. Пры гэтым перакананы, што важна захоўваць у класе пэўную дысцыпліну. Ва ўзаемаадносінах паміж настаўнікам і вучнем не павінна быць панібрацтва, — лічыць Віктар Іванавіч.

У кантакце, у дыялогу са сваімі вучнямі В.І.Вараб’ёў не толькі на занятках, але і ў пазаўрочны час. Ён выкладае ў міжшкольным аб’яднанні “Школа робататэхнікі”. Вучыць хлопцаў і дзяўчат мадэляванню, канструяванню і праграмаванню на візуальнай мове робататэхнічных канструкцый з выкарыстаннем міжпрадметных сувязей інфарматыкі, фізікі, працоўнага навучання. У прыярытэце для Віктара Іванавіча таксама работа з адоранымі навучэнцамі. Ён з’яўляецца трэнерам у раённым рэсурсным цэнтры па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”, які функцыянуе на базе гімназіі.

— Да таленавітых, захопленых тэхнічнай працай дзяцей заўсёды шукаю індывідуальны падыход. Усім вучням удзяляю максімальную ўвагу. Пры падрыхтоўцы да алімпіяд не забываю і пра цеснае ўзаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў. Усё гэта дазваляе ў поўнай меры раскрыць здольнасці кожнага дзіцяці, — перакананы В.І.Вараб’ёў.

І гэта сапраўды так. Вучні Віктара Іванавіча рэгулярна становяцца прызёрамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, перамагаюць у прэстыжных творчых конкурсах. У мінулым навучальным годзе работа яго вучня Андрэя Фірсава была адзначана прызавымі дыпломамі на абласным этапе конкурсу даследчых работ па вучэбным прадмеце “Інфарматыка” і на рэспубліканскай канферэнцыі навукова-даследчых работ навучэнцаў сярэдніх, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і студэнтаў.

…Сёння Віктар Іванавіч Вараб’ёў — педагог з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Але ён не спыняецца ў сваім прафесійным развіцці: сістэматычна павышае свой прафесійны ўзровень, удзельнічае ў рэалізацыі інавацыйных праектаў у гімназіі, выступае на розных канферэнцыях, метадычных семінарах-практыкумах, праводзіць адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы, дзе актыўна дзеліцца эфектыўным педагагічным вопытам з калегамі.

— Я шчаслівы настаўнік, бо змог дасягнуць галоўнага, да чаго імкнуўся ў пачатку свайго педагагічнага шляху. Усе мае выпускнікі знайшлі сваё месца ў жыцці, сталі годнымі людзьмі. Зараз я ўжо вучу дзяцей некаторых былых сваіх вучняў. І сучасныя навучэнцы таксама мяне радуюць — сваімі поспехамі, сваімі светлымі імкненнямі, якія матывуюць і мяне станавіцца лепшым, прафесійна развівацца і рухацца наперад, — заўважыў В.І.Вараб’ёў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.