У пачатку доўгага і цікавага педагагічнага шляху

У канферэнц-зале Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў прайшоў ІІІ адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці”, арганізаваны гаркамам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і гарадскім аддзелам па адукацыі. У мерапрыемстве, якое сабрала каля 130 маладых спецыялістаў, удзельнічалі старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза І.І.Васіленка, начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і ветэраны педагагічнай працы.

— Сёння ў Брэсце працуюць 128 устаноў адукацыі, якія наведваюць каля 38 тысяч вучняў і каля 17 тысяч дашкольнікаў, — расказаў начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў. — У адукацыйным працэсе задзейнічана каля 6,5 тысячы педагогаў. Штогод у школы і дзіцячыя сады горада прыходзяць 150—180 маладых спецыялістаў, пераважна выпускнікоў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Брэстчыны. Гарадская ўлада пры дапамозе прафсаюзнай арганізацыі стварае неабходныя ўмовы для паспяховай адаптацыі, прафесійнага росту і замацавання маладых кадраў.

Дырэктар сярэдняй школы № 1 М.М.Багдановіч расказала пра сістэму работы з маладымі спецыялістамі. Па словах Маргарыты Мікалаеўны, самым складаным этапам з’яўляецца іх адаптацыя, важную ролю ў якой займае дыягностыка псіхалагічных асаблівасцей, прафесійнай кампетэнтнасці, метадычнай падрыхтоўкі і камунікабельнасці педагогаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца вывучэнню школьнай дакументацыі, нарматыўных прававых дакументаў у сферы адукацыі, інструктыўна-метадычных пісьмаў і рэкамендацый галіновага міністэрства. За кожным маладым спецыялістам замацаваны куратар, які праводзіць кансультацыі, арганізоўвае ўзаеманаведванне ўрокаў. Ва ўстанове дзейнічае школа маладога настаўніка.

— Адміністрацыя школы стварае належныя ўмовы для прафесійнага і творчага развіцця маладых педагогаў, матэрыяльнага стымулявання іх працы, — расказала М.М.Багдановіч. — Асаблівы акцэнт робіцца на фарміраванні індывідуальнага стылю дзейнасці маладых настаўнікаў, якія павінны ўмець яе аб’ектыўна аналізаваць. Ужо праз некалькі месяцаў пасля пачатку работы маладыя спецыялісты даюць адкрытыя ўрокі. У рамках штогадовай майскай дэкады маладога спецыяліста “Мы маладыя, мы таленавітыя” праходзіць круглы стол, дзе абмяркоўваюцца праблемы і перспектывы прафесійнай дзейнасці. Моладзь актыўна ўдзельнічае ў спартыўных і творчых мерапрыемствах, вучнёўскім самакіраванні, прафарыентацыі школьнікаў, міжнародным супрацоўніцтве, конкурсах і інш. За апошнія 4 гады ў школу прыйшлі 34 маладыя педагогі, з якіх засталіся 27. Гэта сведчыць пра эфектыўную работу з маладымі кадрамі па іх замацаванні.

Старшыня маладзёжнага савета гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза настаўніца беларускай мовы і літаратуры В.В.Дзяйнека з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована падзялілася ўласнай формулай поспеху, складнікамі якой з’яўляюцца пастаянная самаадукацыя, даверлівыя і паважлівыя адносіны з вучнямі, цеснае ўзаемадзеянне з іх бацькамі, цікавыя ўрокі і актыўная пазакласная дзейнасць.

Настаўнік геаграфіі А.У.Самайловіч з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава агучыў крытэрыі паспяховасці маладога педагога. Сярод іх бесперапыннае ўдасканаленне педагагічнага майстэрства праз прафесійна-асобаснае развіццё, уменне зацікавіць вучняў сваім прадметам, творчы падыход да адукацыйнага працэсу, выкарыстанне эфектыўных форм, метадаў і прыёмаў навучання, перадавога педагагічнага вопыту, любоў да прафесіі.

У прафесійнай скарбонцы маладога настаўніка шмат педагагічных сакрэтаў. Так, даволі часта самастойную работу на яго ўроках замяняюць розныя гульні, падчас якіх дзеці з задавальненнем адказваюць на пытанні і выконваюць заданні, дэманструючы высокі ўзровень засваення вывучанага матэрыялу. Пры знаёмстве вучняў з новым матэрыялам А.У.Самайловіч аддае перавагу тэхналогіям праблемнага і развіццёвага навучання, развіцця крытычнага мыслення, а таксама ІКТ. Педагог любіць праводзіць урокі-лекцыі, урокі-семінары, урокі-экспедыцыі, урокі-даследаванні, урокі-гульні, урокі-конкурсы, урокі-спаборніцтвы і інш. За 2 гады работы маладога настаўніка яго выхаванцы занялі больш за 25 прызавых месцаў у прадметных алімпіядах, навукова-даследчых канферэнцыях, конкурсах і інтэлектуальных гульнях. А.У.Самайловіч прызнаўся, што хоча стаць у педагагічнай прафесіі высакакласным спецыялістам.

Старшыня гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза І.А.Жак засяродзіла ўвагу на яго ролі ў рабоце з моладдзю: “Прафсаюз дазваляе адчуць сябе абароненым, пашырыць гарызонты магчымасцей, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, рэалізаваць сябе ў любімай справе, раскрыць творчы і спартыўны патэнцыял, павысіць сацыяльную актыўнасць, развіць лідарскія і многія іншыя важныя якасці”.

— Штогод ва ўстановы адукацыі Брэста прыходзіць шмат маладых спецыялістаў, — паведаміла І.А.Жак. — Так, летась іх было 182, сёлета — 179. Задача прафсаюза — дапамагчы маладым педагогам у прафесійным станаўленні і развіцці, абараніць іх прафесійныя і сацыяльныя інтарэсы. З гэтай мэтай ва ўстановах адукацыі развіваецца інстытут куратарства. Не застаюцца ў баку ад работы з моладдзю і пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі. У горадзе актыўна працуе савет маладых педагогаў устаноў адукацыі Брэста. Разам з гарадскім аддзелам па адукацыі і раённымі ўпраўленнямі па адукацыі праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў: адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці” (для маладых педагогаў першага года работы), педагагічная гасцёўня “Працяг будзе?” (з удзелам педагогаў другога года работы) і маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. Рэалізоўваецца праект “Педагагічныя дынастыі”, мэта якога заключаецца ў прапагандзе педагагічнай прафесіі, павышэнні яе прэстыжу і абагульненні перадавога педагагічнага вопыту. Наладжана канструктыўнае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі ў галіне развіцця і ўдасканалення калектыўна-дагаворных адносін, у тым ліку ў інтарэсах маладых спецыялістаў.

Маладыя педагогі ахвотна дзяліліся ўражаннямі ад работы, прафесійнымі цяжкасцямі і планамі. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі расказалі пра шлях у прафесію і далі шэраг карысных парад: павышаць прафесійны ўзровень, займацца самаадукацыяй, верыць ва ўласныя сілы, прызнаваць памылкі (у тым ліку перад дзецьмі), любіць вучняў, быць адказнымі, ініцыятыўнымі, творчымі і патрабавальнымі да сябе. Хочацца спадзявацца, што моладзь не толькі прыслухаецца да гэтых парад, але і застанецца ў прафесіі, як зрабілі ў свой час сённяшнія ветэраны педагагічнай працы.

— Я вельмі люблю сваю работу і зусім не шкадую, што прысвяціў ёй 28 гадоў жыцця, — прызнаўся начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.