У падарожжа па Ашмянах

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі” ў яслях-садзе № 4 Ашмян дзеці знаёмяцца з нацыянальнымі каштоўнасцямі і традыцыямі беларускага народа. У асноўным гэта адбываецца праз гульні-заняткі, падчас якіх кожнае дзіця непрыкметна для сябе ўключаецца ў актыўную творчасць, паглыбляецца ў свет народнага жыцця. У атмасферы гульні маральныя каштоўнасці засвойваюцца лёгка, нязмушана, але разам з тым грунтоўна. Як прамежкавы вынік інавацыйнага праекта педагогамі распрацаваны творчы праект “Беларуская хата”.

Дзякуючы гэтаму праекту, нашы выхаванцы больш дасканала азнаёміліся з прадметамі старадаўняга побыту, традыцыямі беларускага народа, з яго нацыя­нальным адзеннем. З дашкольнікамі право­дзяцца гутаркі на тэму “Без печы хата не хата”, “З чаго зроблены посуд” і г.д. На занятках дзеці знаёмяцца з беларускім ручніком і яго ўзорамі, спяваюць калыханкі, гушкаючы ляльку ў калысцы, завучваюць забаўлянкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі далучаюцца да такога віду дзейнасці, як гульні з лялькамі, пачалі таксама майстраваць лялек-абярэгаў. Ва ўстанове з’явілася ­гульнятэка “Мая радзіма — Беларусь” з дыдактычнымі гульнямі “Падарожжа ў мінулае”, “Народныя стравы і ­адзенне беларусаў” і інш., якія актыўна выкарыстоўваюцца на занятках і падчас іншых відаў дзейнасці.

Настольная гульня “Падарожжа па Ашмя­нах”, прысвечаная Году малой радзі­мы, дазволіла дзецям больш дасканала пазнаць мясціны свайго горада. Педагогамі распрацавана гульня “Знаўцы роднай мовы”, накіраваная на фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы.

У выніку работы па інавацыйным праекце з’явіліся метадычныя распрацоўкі выхавальніка дашкольнай адукацыі Марыны Тадэвушаўны Фёдаравай, куды ўвайшлі канспекты заняткаў з дыдактычнымі, беларускімі народнымі гульнямі, святамі, распрацоўкамі для бацькоў, педагогаў і інш. Немалаважная роля пры азнаямленні дашкольнікаў з нацыянальнымі каштоўнасцямі і традыцыямі адводзіцца беларускім народным гульням, якія праводзяцца падчас ранішнікаў, свят “Калядкі”, “Вялікдзень” і інш. Практыка паказвае, што актыўная гульнявая дзейнасць у дашкольнай установе дазваляе пашыраць уяўленні дзяцей пра сваю краіну і свой народ. Важна і тое, што падчас гульні хлопчыкі і дзяўчынкі размаўляюць па-беларуску.

Ала ГАРЛУКОВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4 Ашмян.