У падарожжа па казках

На працягу многіх гадоў наша дашкольная ўстанова паспяхова рэалізоўвае задачы выхавання і навучання дзяцей праз тэатральна-гульнявую дзейнасць. Наша мэта — даць магчымасць кожнаму дзіцяці выявіць сябе праз ігру ў тэатры. Мы ўпэўнены і ў тым, што юных талентаў могуць вырасціць толькі творчыя высокакваліфікаваныя педагогі. Тонкае ўспрыманне ўсяго новага, жаданне рухацца наперад, перавага пазітыўнага настрою — вось што характарызуе педагагічны калектыў Гезгалаўскага ясляў-сада. 

Для таго, каб выхаванцы маглі найбольш поўна рэалізаваць свой творчы патэнцыял, мы актыўна працуем над стварэннем неабходнага прадметна-развіццёвага асяроддзя. Сумеснымі намаганнямі педагогаў, бацькоў і дзяцей у свабодным памяшканні ўстановы арганізаваны “Тэатральны пакой” з дэкарацыямі. Неабмежаваную фантазію праявілі дзеці і бацькі ў рамках агляду-конкурсу “Тэатральная цацка сваімі рукамі”. Асаблівай арыгінальнасцю адрозніваліся экспанаты з непрыдатнага матэрыялу: тэатральныя цацкі з пластыкавых талерак, шкляначак з-пад ёгурту, тэатр на лыжках, на прышчэпках, пальчыкавы тэатр і г.д. Зараз, акрамя тэатральнага пакоя, у кожнай групе ёсць свой тэатральны куток, створаны з улікам узроставых асаблівасцей і інтарэсаў выхаванцаў. Такі падыход у значнай меры паспрыяў фарміраванню ў дзяцей цікавасці да тэатральнага мастацтва, а таксама дазволіў стварыць разнастайнае, насычанае, эмацыянальнае, прывабнае асяроддзе.
Як у сапраўдным тэатры, у нашай установе ёсць свая творчая група, у якую ўваходзяць рэжысёры-пастаноўшчыкі (з ліку нашых выхавальнікаў), гукааператар і харэограф (музычны кіраўнік), касцюмер і мадэльер (кастэлянка і бацькі). Дзякуючы сучасным інфармацыйным тэндэнцыям і таму, што дашкольная ўстанова належным чынам абсталявана камп’ютарнай тэхнікай, мы запрасілі ў нашу творчую групу рэжысёра па спецэфектах і перайшлі на новы ўзровень тэатральна-гульнявога ўзаемадзеяння. Нашы выхаванцы атрымалі магчымасць здзяйсняць віртуальныя падарожжы па порах года і па краiнах казак. На нашай тэатральнай сцэне прайшлі спектаклі “Дзюймовачка”, мюзікл “Чырвоная Шапачка”, народная казка “Як мыш жаніха выбірала”. Новай ініцыятывай стала правядзенне сюжэтных гульнявых праграм, міжгрупавых конкурсаў тэатральных касцюмаў. Мы пастаянна вядзём пошук эфектыўных прыёмаў для адметнага фарміравання ў дзяцей асноў акцёрскага майстэрства. На базе ўстановы мы праводзім вечары паэзіі, літаратурныя вечарыны з удзелам бацькоў і конкурс чытачоў.
Шматгадовы вопыт работы калектыву па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе ТРВЗ-тэхналогіі адкрыў новыя займальныя магчымасці яе выкарыстання ў тэатральнай дзейнасці. Як жа ўдалося нам аб’яднаць ТРВЗ і тэатр? Як вядома, тэхналогія ТРВЗ развівае ў дзяцей творчае мысленне і ўяўленне, вынаходніцкую кемлівасць, уменне знаходзіць выйсце з нестандартных жыццёвых сітуацый. Мы параўналі мэтавыя ўстаноўкі, якія вырашае тэхналогія ТРВЗ і тэатральна-гульнявая дзейнасць, і вызначылі найбольш выразныя метады ТРВЗ, якія спрыяюць развіццю ў дзяцей умення пераўвасабляцца ў любога з персанажаў і даюць магчымасць глыбей адчуваць характар героя. Мы на практыцы ўпэўніліся ў дзейснасці і эфектыўнасці такіх метадаў, як метад факальных аб’ектаў, прыём фантазіравання (падчас сустрэчы з Чараўніком павелічэння-памяншэння, Чараўніком часу і г.д.), прыём эцюдаў-эмпатый. Варта адзначыць, што гэтыя метады і прыёмы выкарыстоўваюцца не толькі пры правядзенні тэатральных, інтэлектуальна-пазнавальных мерапрыемстваў, міні-спектакляў, але і ў спецыяльна арганізаванай дзейнасці на занятках у межах адукацыйных падраздзелаў “Развіццё мовы і культуры маўленчых зносін” і “Дзіця і грамадства”.
Прыемнай нечаканасцю сталі для нас “Займальныя задачы” педагога Уладзіміра Богата. На аснове іх творчай групай нашага калектыву створана серыя інтэлектуальна-пазнавальных сцэнарыяў-забаў пад назвай “У свеце творчасці і фантазіі”. Гэта сцэнарыi невялікіх тэатралізаваных паказаў, ці міні-спектакляў, у якіх задзейнічаны любімыя казачныя героі Ільвяня і Чарапаха (у ролі іх выступаюць звычайна выхаванцы старэйшага ўзросту). Усе дзеці сада разам з акцёрамі перажываюць прыгоды казачных герояў, прычым кожны з выхаванцаў мае права прапаноўваць сваё вырашэнне нестандартнай сітуацыi. Напрыклад, адказаць на пытанні “Як дастаць арэх з высокай пальмы, калi ты маленькага росту?”, “Як летам сустрэцца з зімой?”, “Як даведацца, ці можна есці ягады, не пакаштаваўшы iх на смак?” i г.д.
Яшчэ некалькі гадоў назад для нашых педагогаў былі актуальнымі пытанні “Як выклікаць цікавасць бацькоў да праблемы творчага развіцця сваіх дзяцей?”, “Дзе ўзяць гатовыя рэцэпты якаснага ўзаемадзеяння паміж трыма звёнамі: бацькамі, дзецьмі і выхавальнікамі сада?”. Адказам на гэтыя пытанні стала арганізацыясумеснай дзейнасці, у якой бацькі не пасіўныя назіральнікі, а актыўныя ўдзельнікі працэсу. Мы апрабавалi новую форму ўзаемадзеяння — “Тэатральныя вечары”. Падчас вечароў наш яслі-сад становіцца міні-тэатрам, куды спяшаецца мноства гледачоў, якiя памятаюць і выконваюць нормы тэатральнага этыкету. Кожны глядач уважліва вывучае афішу, якая размешчана каля ўвахода, затым купляе білет і IMG_1254(сайт)атрымлівае сапраўдную праграмку. А акцёрамі з’яўляюцца выхаванцы і іх бацькі. Падчас антракту педагогі праводзяць майстар-класы па вырабе тэатральнай цацкі сваімі рукамі. Такія тэатральныя пастаноўкі, як “Церамок”, “Хто сказаў мяў”, “Пад грыбам”, атрымалі высокую ацэнку гледачоў.
Дасягненні нашых выхаванцаў радуюць не толькі педагагічны калектыў сада і бацькоў. Падчас раённага марафону тэатральнай дзейнасці “І завітала ў госці казка” былі адзначаны нашы выхавальнікі-арганізатары тэатра, інтанацыйная выразнасць мовы нашых спектакляў, талент юных акцёраў, іх уменне перадаваць адметнасць вобразаў герояў праз рухі. Для таго, каб дзіцячы талент атрымаў развіццё і падтрымку на наступным узроўнi адукацыі, мы цесна ўзаемадзейнічаем з Гезгалаўскай сярэдняй школай, раённай школай мастацтваў, з Домам культуры. Наша супрацоўніцтва рэалізоўваецца праз сумеснае правядзенне дзён тэатра падчас зімовых канікул, праз падрыхтоўку і правядзенне тэатральных пастановак на сцэне Дома культуры. Сёння нашы выпускнікі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі школьнага драматычнага гуртка, каманды КВЗ. Яны неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых конкурсаў тэатральных калектываў, фестываляў песеннай творчасці.
Мы перакананы: каму пашчасціла ў раннім узросце акунуцца ў чароўную атмасферу тэатра, той усё жыццё будзе ўспрымаць свет прыгожым, яго душа не стане жорсткай і духоўна не збяднее.

Святлана ГУРСКАЯ,
загадчыца Гезгалаўскага ясляў-сада Гродзенскай вобласці.