У падарунак — абноўленая спартзала

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Выдатны падарунак да вясновых свят атрымалі педагогі і выхаванцы Магілёўскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Ва ўстанове адкрылі абноўленую спартыўную залу.

— За апошні час у нас павялічылася колькасць выхаванцаў. У памяшканні, дзе раней размяшчалася спартыўная зала, быў створаны вучэбны кабінет, — паведаміла ды­рэктар Магілёўскага абласнога ЦКРНіР А.Г.Мазалоўская.
Па яе словах, для заняткаў фізкультурай было вырашана адрамантаваць памяшканне былой пральні. З рамонтам і набыццём сучаснага спартыўнага абсталявання навучальнай установе дапамог магілёўскі мецэнат Раман Мядзведзеў. У абноўленай спартзале ёсць увесь неабходны спартыўны інвентар менавіта для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тут ёсць спецыялізаваны спартыўны комплекс, балансір, які спрыяе развіццю каардынацыйных здольнасцей у дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату.

— У нашай установе сёння вучацца 58 дзяцей-інвалідаў з цяжкімі множнымі парушэннямі. Для кожнага з іх створаны належныя ўмовы для навучання, аздараўлення, усебаковага развіцця. А наяўнасць сучаснай спартзалы дазволіць істотна палепшыць якасць заняткаў па адаптыўнай фізкультуры і адпаведна ўзровень развіцця фізічных якасцей выхаванцаў, — адзначыла Алена Генрыхаўна.

Адкрыццё спартыўнай залы прайшло ва ўрачыстай атмасферы. Радасці і добрага настрою дзецям, бацькам і педагогам дадала арганізаваная для іх вясёлая спартыўная эстафета.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Рамана РУЦКАГА.