12 лютага ў Мінску прайшла цырымонія адкрыцця ясляў-сада № 30 “Пад ветразямі дзяцінства”, пабудаванага групай кампаній “Юнівест-М”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі Фрунзенскага раёна і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, а таксама кіраўніцтва кампаніі-забудоўшчыка. Новы дзіцячы сад размясціўся ў прыгожым двухпавярховым будынку ў цэнтры міні-поліса “Каскад”. Ён гарманічна дапоўніў інфраструктуру жылога комплексу.
Міні-поліс “Каскад” практычна ўжо сфарміраваўся, у яго развітая ўнутраная інфраструктура. На тэрыторыі комплексу функцыянуе каля 20 аб’ектаў сацыяльна-бытавога прызначэння. Тут і прадуктовы магазін, і майстэрні па рамонце адзення і абутку, салоны прыгажосці, стаматалагічны цэнтр. У хуткім часе ў міні-полісе адкрыецца супермаркет. Згодна з генпланам, у “Каскадзе” зараз вядзецца будаўніцтва яшчэ аднаго жылога дома, шостага па ліку. На сённяшні дзень у міні-полісе прададзена каля 1700 кватэр (76% ад усёй колькасці, якая ўключае і пабудаванае жыллё, і тое, якое яшчэ будуецца).
Будаўніцтва ясляў-сада № 30 пачалося ў кастрычніку 2013 года і вялося згодна з індывідуальным праектам “Мінскграмадзянпраекта”. Агульная сума капіталаўкладанняў у аб’ект — каля 25 млрд беларускіх рублёў. Сад “Пад ветразямі дзяцінства”, можна сказаць, адпавядае сваёй назве: на яго даху месціцца флюгер у выглядзе карабля, вялікая гульнявая пляцоўка ў дворыку каля сада таксама нагадвае карабель. Будынак установы двухпавярховы, пафарбаваны ў яркія колеры: жоўты, зялёны, сіні, чырвоны. Вокны розных памераў, некаторыя з іх таніраваныя. Яны будуць пералівацца на сонейку рознымі адценнямі і радаваць малышоў.
Сад гатовы прыняць 95 дзяцей рознага ўзросту. Плануецца арганізаваць 5 груп (у тым ліку адну ясельную). Для выхаванцаў прадугледжаны музычная і трэнажорная залы, камп’ютарны клас для дадатковых заняткаў. Адкрыецца і група кароткачасовага знаходжання “Мама + малыш”: для маці і дзяцей, якія пакуль не наведваюць установу, будуць арганізаваны развіццёвыя заняткі.
Пры добраўпарадкаванні сада ўсё было прадумана да дробязей. У групах для захавання прагулачнага інвентару ёсць асобныя пакоі. Дзіцячыя шафы абсталяваны вентыляцыйнымі адтулінамі, што значна паскарае працэс сушкі адзення пасля прагулак. Падлога на першым паверсе з падагрэвам. Пакоі груп даволі прасторныя, а ў спальнях дзіцячыя ложкі рэгулююцца па вышыні. Для бяспекі дзяцей устаноўлена сістэма відэанагляду.
Паклапаціліся будаўнікі і пра супрацоўнікаў сада, стварылі камфортныя ўмовы для іх работы. Дарэчы, педагогаў у штаце 10, а таксама 5 памочнікаў выхавальнікаў, педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг, музычны кіраўнік, кіраўнік фізвыхавання, кухары і інш. У кожнага педагога ва ўстанове ёсць свой невялікі кабінет, дзе ён можа рыхтавацца да заняткаў. Кабінеты спецыялістаў аснашчаны камп’ютарамі. Сёння вельмі важна не толькі прывіць дзецям першыя навыкі карыстання камп’ютарам, але і выхаваць у іх культуру работы за камп’ютарам.
Ва ўстанове прадугледжаны пакой для дзяжурнага персаналу і пакой псіхалагічнай разгрузкі для педагогаў, дзе яны могуць адпачыць, паслухаць музыку, папіць гарбату. Ёсць і канферэнц-зала для правядзення разнастайных пасяджэнняў. Ёсць медыцынскі блок з ізалятарам і харчаблок з параканвекцыйнай печчу. Абсталяваны і цэхі харчаблока: кухня-раздатачная, мыечная, нарыхтовачны і агароднінны цэх, кладоўка. У харчаблоку ўстаноўлены сучасныя халадзільныя камеры.
Аднак супрацоўнікі ТАА “Юнівест-М” ацэньваюць рэалізаваны праект не толькі з пункту погляду грашовых выдаткаў на яго. Генеральны дырэктар групы кампаній Уладзімір Мікалаевіч Здабноў адзначыў: “Нашы будаўнікі ставіліся да ўзвядзення гэтай дзіцячай установы як да будаўніцтва ўласнай кватэры і стараліся зрабіць усё, каб сад выглядаў святочна, быў зручным і камфортным як для малышоў, так і для работнікаў”.
Нагадаем, што ў лютым мінулага года кампанія перадала гораду новы корпус сярэдняй школы № 16 у Фрунзенскім раёне. Узвядзенне сада сёлета — гэта яшчэ адзін крок у той важнай місіі, якую ажыццяўляе кампанія ў адносінах да жыхароў мікрараёна.
Сімвалічны ключ ад установы Уладзімір Мікалаевіч уручыў загадчыку сада Дзіяне Вячаславаўне Іваненка. Яна разам з першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Сяргеем Уладзіміравічам Жалезняком запрасіла першых выхаванцаў у яслі-сад № 30 Мінска з такой цудоўнай назвай “Пад ветразямі дзяцінства”. Ад імя ўсіх жыхароў міні-поліса, ад бацькоў, чые дзеці будуць наведваць сад, словы ўдзячнасці выказала адна з мам Вольга Уладзіміраўна Фёдарава. Потым для ўсіх прысутных на мерапрыемстве адбылася экскурсія па садзе.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.